У Брусэлі занепакоеныя зьместам справаздачы спэцдакладчыка ААН аб сытуацыі з правамі чалавека ў Беларусі Анаіс Марэн, заявіў афіцыйны прадстаўнік Эўразьвязу 17 кастрычніка ў Нью-Ёрку, паведамляе БелаПАН.
На пасяджэньні камітэту ў сацыяльных, гуманітарных і культурных пытаньнях у рамках 74-й сэсіі Генасамблеі ААН у Нью-Ёрку Анаіс Марэн прадставіла справаздачу аб сытуацыі ў Беларусі напярэдадні парлямэнцкіх выбараў. Яе выступ і абмеркаваньне дакладу трансьляваліся на сайце вэб-тэлевізіі ААН.
Прадстаўнік Эўразьвязу заявіў, што зьмест дакладу і высновы зробленыя ў ім, згодна зь якімі ў Беларусі «не дасягнуты неабходны прагрэс у правядзеньні рэформаў і працягваецца абмежаваньне асноўных свабодаў», выклікаюць трывогу, «асабліва беручы пад увагу, што ўжо шосты год запар спэцдакладчык сутыкаецца з адсутнасьцю супрацоўніцтва з боку Беларусі».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: З 401 кандыдата ад дэмакратычных сілаў ва ўчастковыя выбарчыя камісіі ўключылі траіх«У дакладзе гаворыцца, што ствараецца толькі ілюзія захаваньня міжнародных стандартаў, застаюцца неспрыяльнымі ўмовы для выказваньня апазыцыйных пунктаў погляду, што зьяўляецца парушэньнем палітычных правоў чалавека, а таксама перашкаджае рэалізацыі свабоды на мірныя сходы і асацыяцыі, якія сутыкаюцца з абмежаваньнямі», — адзначыў сьпікер ад Эўразьвязу і заклікаў урад Беларусі «забясьпечыць поўнае выкананьне правоў чалавека і асноўных свабодаў да, падчас і пасьля выбарчага цыклю, і стварыць спрыяльныя ўмовы для таго, каб людзі маглі прымаць удзел у дзяржаўнай дзейнасьці».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Парлямэнт будзе стэрыльныАналягічную пазыцыю на пасяджэньні прадэманстравалі прадстаўнікі Польшчы, Чэхіі, Нямеччыны і Літвы.
Прадстаўнік Нарвэгіі таксама заклікаў Беларусь адмяніць сьмяротнае пакараньне, незалежна ад грамадзкай думкі, а прадстаўнік Вялікай Брытаніі — хаця б увесьці мараторый у якасьці першага кроку да адмены гэтай меры пакараньня.
Сьпікер ад ЗША, сярод іншага, заклікала беларускі ўрад аблегчыць працэдуру рэгістрацыі структур грамадзянскай супольнасьці, у тым ліку няўрадавых праваабарончых арганізацый.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Колькі людзей расстралялі ў Беларусі за 25 гадоў. ІнфаграфікаЯк раней паведамляў БелаПАН, намесьніца пастаяннага прадстаўніка Беларусі ў ААН Ірына Вялічка назвала даклад Анаіс Марэн «пісьменьніцтвам, якое блізкае да фантастычнай літаратуры».
Яна заявіла, што «рэзалюцыя аб становішчы з правамі чалавека ў Беларусі і створаны ёю мандат спэцдакладчыка — вынік недальнабачных палітычных амбіцый і прыклад злоўжываньня працэдурамі Рады правоў чалавека». Гэтыя інструмэнты «ня служаць мэце заахвочваньня і абароны правоў чалавека», падкрэсьліла Вялічка і заявіла, што ў Беларусі ня бачаць сэнсу ў дыялёгах са спэцдакладчыкам ААН і лічаць, што «трэба весьці дыялёг без пасярэднікаў».