Каталёнія павінна правесьці новае галасаваньне за незалежнасьць ад Гішпаніі на працягу двух гадоў, — аб гэтым заявіў кіраўнік ураду рэгіёну ў чацьвер, паведамляе Reuters.
Каля 100 чалавек атрымалі раненьні ў гарадах Каталёніі ў гэту сераду — на трэці дзень гвалту, які пачаўся пасьля таго, як Вярхоўны суд Гішпаніі асудзіў дзевяць каталёнскіх лідэраў да доўгіх тэрмінаў турэмнага зьняволеньня за іх няўдалыя спробы дамагчыся незалежнасьці рэгіёну ў 2017 годзе.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: На пратэстах у Каталёніі дзясяткі чалавек пацярпелі, больш за 50 — затрыманыяПадчас сэпаратысцкіх пратэстаў у Барсэлёне (сталіцы рэгіёну Каталёнія) дэманстранты перакульвалі і падпальвалі аўтамабілі і сьмецьцевыя бакі. Паліцыя паведаміла, што ў выніку было арыштавана 12 чалавек.
Міністэрства ўнутраных справаў заявіла, што яны вышлюць дадатковыя паліцэйскія сілы ў сувязі з заплянаванымі на пятніцу далейшымі пратэстамі — прафсаюзы аб’явілі страйк, і пратэстоўцы з усяго рэгіёну павінны ў пятніцу сысьціся ў Барсэлёне.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Беларусаў асьцерагаюць, каб былі асьцярожныя ў БарсэлёнеПадчас выступленьня ў каталёнскім парлямэнце, рэгіянальны лідэр руху за незалежнасьць, чалец мясцовага парлямэнта і і дзейны прэзыдэнт кіраўніцтва аўтаномнага рэгіёна Каталёніі Куім Торэ раскрытыкаваў беспарадкі і заявіў, што сэпаратысцкі рух каталёнцаў заўсёды быў мірным.
Торэ заявіў, што прысуды, вынесеныя ў панядзелак, не перашкодзяць сэпаратыстам правесьці новы рэфэрэндум. «Мы яшчэ вернемся да скрыні для галасаваньня, каб вырашыць пытаньне самавызначэньня», — сказаў ён.
Торэ заклікаў да таго, каб вясной 2020 года была распрацавана канстытуцыя Каталёніі. Канстытуцыя, у сваю чаргу, можа адкрыць шлях для галасаваньня да заканчэньня тэрміну паўнамоцтваў рэгіянальнага парлямэнту ў сьнежні 2021 года.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Каталёнскія палітыкі атрымалі турэмныя тэрміныАсноўныя партыі Гішпаніі пасьлядоўна адмаўляліся праводзіць рэфэрэндум аб незалежнасьці ў Каталёніі, хоць кіруючая партыя сацыялістаў кажа, што яны адкрытыя для дыялёгу па іншых пытаньнях.
Канстытуцыйны суд папярэдзіў каталёнскіх чыноўнікаў у сераду аб прававых наступствах у выпадку, калі прадстаўнікі рэгіянальнай улады парушаць закон сваім намерам дамагчыся незалежнасьці.