Эрдаган выкінуў ліст прэзыдэнта ЗША, які пісаў яму: «Ня будзьце дурнем!»

Ліст Трампа Эрдагану

Ліст прэзыдэнта ЗША Дональда Трампа лідэру Турэччыны Рэджэпу Эрдагану, адпраўлены перад пачаткам наступу турэцкай арміі на курдзкія тэрыторыі ў Сырыі, быў выкінуты атрымальнікам у сьметніцу, паведамляюць крыніцы турэцкай службы BBC.

Тэкст канфідэнцыйнага пасланьня, адпраўленага кіраўніком Белага дому 9 кастрычніка, быў апублікаваны толькі праз тыдзень. Яго сапраўднасьць пацьвердзілі ў Белым доме.

Ліст мае шмат гутарковых выразаў, характэрных для твітаў Дональда Трампа.

Вось пераклад ліста:

«Паважаны спадар Прэзыдэнт,

Давайце абмяркуем добрую ўгоду! Вы ня хочаце, каб Вас абвінавацілі ў разьні і забойстве тысяч людзей, а я не хачу быць адказным за разбурэньне турэцкай эканомікі — але я магу. Я ўжо трохі паказаў Вам гэта на прыкладзе пастара Брансана.

Я шмат працаваў над тым, каб вырашыць Вашы праблемы. Давайце ня будзем падводзіць увесь сьвет. Вы можаце дасягнуць выдатнай угоды. Генэрал Мазлум хацеў бы весьці з Вамі перамовы — і ён гатовы пайсьці на кампрамісы, якіх у мінулым Вы б ніколі не дамагліся. Я канфідэнцыйна прыкладаю копію яго ліста мне, які я толькі што атрымаў.

Вы ўвойдзеце ў гісторыю ў выгодным сьвятле, калі зробіце слушна і гуманна. Але яна назаўсёды запомніць Вас як д’ябла, калі справы пойдуць не па добраму сцэнару. Не рабіце зь сябе крутога хлопца. Ня будзьце дурнем! Патэлефаную Вам пазьней ».

Ва ўрадавых колах Анкары палічылі, што ліст «пазбаўлена дыпляматычнай ветлівасьці». Крыніцы ў Анкары пацьвердзілі турэцкай службе BBC, што Эрдаган атрымаў ліст, прачытаў яго і «выкінуў у скрыню».

Ўварваньне Турэччыны на тэрыторыю, утрыманую курдамі, пачалося праз тыдзень пасьля тэлефоннай размовы Трампа і Эрдагана і пачатку вываду амэрыканскага кантынгенту з гэтай зоны. Курды зьвярнуліся па ваенную падтрымку да ўраду Сырыі. У чацьвер віцэ-прэзыдэнт ЗША Майк Пэнс і дзяржсакратар Майк Пампэа павінны сустрэцца з прэзыдэнтам Турэччыны Эрдаганам у спробе пераканаць яго спыніць апэрацыю турэцкай арміі ў Сырыі.