Кіраўнік Беларусі Аляксандар Лукашэнка пракамэнтаваў сытуацыю вакол інфармацыі аб затрыманьні расейкі Ганны Багачовай на запыт ЗША, паведамляе БелТА.
«Трэба разумець, што мы практычна дзейнічаем як на тэрыторыі адной дзяржавы ў падобных выпадках, — заявіў Лукашэнка на сустрэчы з губэрнатарам Наўгародзкай вобласьці Расеі Андрэем Нікіціным. — Што Расея ў дачыненьні нашых грамадзян, што мы ў дачыненьні расейскіх. І тут ня можа быць ніякіх іншых варыянтаў, як абарона інтарэсаў Расеі і грамадзян Расейскай Фэдэрацыі».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Радыкальная нацыяналістка з «фабрыкі троляў». Што вядома пра расейку, якую затрымлівалі ў Менску на запыт ЗШАКамэнтуючы сытуацыю вакол Багачовай, Лукашэнка адзначыў, што ў шэрагу інфармацыйных крыніц у Расеі пачалася накрутка вакол гэтай тэмы, «розныя „Незыгари“ вашыя і іншыя, рознага кшталту такія каналы пачалі нагнятаць сытуацыю», Паводле Лукашэнкі, пасьля гэтых падзей «цэлая рэвалюцыя паднялася», пайшлі абвінавачваньні ледзь ня ў адрас яго самога.
У сувязі з гэтым Лукашэнка нагадаў, як у 2008 таму амэрыканскі амбасадар у Беларусі разам з шэрагам іншых дыпляматаў пакінулі краіну, і заявіў, што яны зрабілі гэта на патрабаваньне беларускага боку (гэта адбылося пасьля ўвядзеньня Вашынгтонам эканамічных санкцыяў, штат амбасады тады скарацілі з 35 да 5 чалавек). Паводле Лукашэнкі, гэта адбылося менавіта за ўмяшаньне ў выбары.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Высылкі, санкцыі, чорныя сьпісы. Гісторыя дыпляматычнага скандалу паміж ЗША і Беларусьсю«Адкрытае ўмяшаньне. Удзел у дэманстрацыях і іншае. Скажыце, як я пасьля гэтага павінен ставіцца да ўмяшаньня ў амэрыканскія выбары, калі нават было», — сказаў Лукашэнка.
«Умешвацца ў амэрыканскія выбары практычна нерэальна. Ну а калі нехта выказваў сваю пазыцыю, то трэба перш за ўсё пачынаць зь мяне. Вазьміце мае заявы адкрытыя, публічныя падчас выбараў у ЗША. Я тады адкрыта падтрымліваў Трампа, крытыкуючы дэмакратычную Амэрыку, як яны дзейнічалі супраць Трампа», — дадаў ён.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Менску на запыт ЗША затрымалі расейку, зьвязаную з «фабрыкай троляў»Першае паведамленьне пра затрыманьне Ганны Багачовай зьявілася 15 кастрычніка. Паводле СМІ, затрымалі яе яшчэ 13 кастрычніка каля 22 гадзіны ў адным зь менскіх гатэляў на запыт ЗША. Пасьля расейскае агенцтва «РИА Новости» са спасылкай на пасольства Расеі ў Беларусі напісала, што Багачову вызвалілі.
У прэс-службе МУС Беларусі 15 кастрычніка паведамілі, што Ганна Багачова «была затрыманая ў адным з гатэляў Менску, бо знаходзілася ў міжнародным вышуку», але празь дзень намесьнік генпракурора Беларусі Аляксей Стук сказаў журналістам, што Багачова «заставалася на свабодзе», і абвінаваціў прадстаўнікоў СМІ ў тым, што яны «ня ведаюць тонкасьцяў нашых фармулёвак і значэньня гэтых тэрмінаў, і, можа быць, нашы прэс-сакратары не зусім даходліва данесьлі гэтую інфармацыю».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Чаго спужаліся беларускія ўлады ў гісторыі з арыштам расейскай грамадзянкі БагачовайГанна Багачова — адна з 13 расейцаў, якім выставілі абвінавачаньні пасьля расьсьледаваньня спэцпракурора ЗША Робэрта Мюлера аб умяшаньні Расеі ў амэрыканскія выбары.