Кангрэс ЗША асудзіў рашэньне прэзыдэнта вывесьці войскі з Сырыі

Дональд Трамп

Палата прадстаўнікоў Кангрэсу ЗША большасьцю галасоў прыняла рэзалюцыю, у якой асудзіла вывад амэрыканскіх вайскоўцаў з паўночнай Сырыі. Раней рашэньне аб вывадзе войскаў з рэгіёну на фоне турэцкай ваеннай апэрацыі супраць курдаў, саюзьнікаў Вашынгтону па кааліцыі, прыняў прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп.

У рэзалюцыі гаворыцца, што Турэччына павінна спыніць ваенную апэрацыю ў Сырыі. Кангрэсмены заклікалі Белы дом прадставіць плян ліквідацыі тэрарыстычнай групоўкі «Ісламская дзяржава».

Рашэньне Трампа аб вывадзе войскаў раскрытыкавалі як прадстаўнікі Рэспубліканскай партыі, так і дэмакраты у Кангрэсе. Кангэсмэны асьцерагаюцца адраджэньня джыхадысцкага руху ў рэгіёне. Пра пагрозу адраджэньня «Ісламскай дзяржавы» заяўляў Пэнтагон.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Эрдаган сказаў, што ня будзе сустракацца зь віцэ-прэзыдэнтам ЗША. Але потым перадумаў

У сваю чаргу прэзыдэнт ЗША на прэс-канфэрэнцыі ў Вашынгтоне выказаў надзею, што Турэччына і Сырыя змогуць разабрацца ў цяперашняй сытуацыі. Трамп падкрэсьліў, што Вашынгтон таксама падключаецца да ўрэгуляваньня пытаньня. Па словах Трампа, ён ускладае вялікую надзею на сустрэчу прэзыдэнта Турэччыны Рэджэпа Эрдагана зь віцэ-прэзыдэнтам ЗША Майкам Пэнсам, якая мае адбыцца 17 кастрычніка. Кіраўнік Белага дому чарговы раз прыгразіў санкцыямі Анкары, калі Пэнсу і Эрдагану ня ўдасца дамовіцца аб урэгуляваньні крызісу.

9 кастрычніка на поўначы Сырыі пачалася турэцкая ваенная апэрацыя супраць курдаў. Анкара лічыць іх тэрарыстамі. Дзеяньні Анкары раскрытыкавалі ў Вашынгтоне, але Трамп заявіў што ня стане ўмешвацца ў дзеяньні Анкары. ЗША падтрымліваюць курдаў, як галоўных саюзьнікаў у барацьбе з радыкальнымі ісламістамі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Каля амбасады Турэччыны ў Менску адбылася акцыя актывістаў анархісцкага руху «Рукі прэч ад Курдыстану!»

У сераду СМІ паведамілі, што былыя пазыцыі салдат ЗША займаюць сырыйскія ўрадавыя войскі і расейскія вайскоўцы. Гэта стала магчымым у выніку пагадненьня, якое курды заключылі з уладамі Сырыі для абароны ад турэцкага наступу. Мяркуецца, што турэцкая армія не будзе штурмаваць гарады, перададзеныя пад кантроль Дамаску.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: ЗША ўвялі санкцыі супраць Турэччыны за апэрацыю ў Сырыі