Як Беларусь магла б зарабляць на пітной вадзе, а прапускае яе скрозь пальцы. Гутарка з гендырэктарам «Дарыды»

Пройдзе некалькі дзесяцігодзьдзяў, і вада стане галоўным багацьцем плянэты Зямля. Ці гатовая Беларусь паўдзельнічаць у разьмеркаваньні прыбыткаў ад прыроднай рэнты?

Дзьмітры Невяровіч, генэральны дырэктар кампаніі «Дарыда», якая спэцыялізуецца на вытворчасьці і разьліве пітной ды мінэральнай вады са сьвідравінаў у Ждановічах, разважае, чаму дзяржава адмаўляецца ад лёгкіх грошай.

Барэль вады ў разы даражэйшы за нафтавы

На перакананьне суразмоўцы, пры наяўнасьці ўнікальных прыродных рэсурсаў Беларусь магла б стаць у адзін шэраг з найбуйнейшымі ўсясьветнымі пастаўшчыкамі натуральнай прадукцыі. Але сёньня ў экспартным складніку пахваліцца няма чым.

Дзьмітры Невяровіч, генэральны дырэктар кампаніі "Дарыда"

«Увесь сьвет кажа пра нафту, сочыць за цэнамі на рынку, бо гэта цягне за сабой ланцужок цэнавых ваганьняў, — кажа Дзьмітры Невяровіч. — Сёньня барэль нафты каштуе 58 даляраў. Але калі ўзяць бутыляваную ваду вядомых марак, то ніякая нафта і побач не стаяла: Vittel у пераліку на барэль — 377 даляраў, Perrier — 390, San Pellegrino — 412. А цяпер удумайцеся, які калясальны аднаўляльны рэсурс у нас пад нагамі: 23 мільярды літраў штогод можам здабываць і прадаваць па ўсім сьвеце! Калі памножыць нават не на Vittel, а ўдвая меней, бюджэт папаўняўся б на мільярды даляраў!»

Дзьмітры Невяровіч лічыць, што на ўзроўні дзяржавы настаў момант выпрацаваць доўгатэрміновую эканамічную канцэпцыю выкарыстаньня водных рэсурсаў Беларусі. Пакуль жа ў гэтай галіне задзейнічаныя мізэрныя сілы.

Згодна са зьвесткамі Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяродзьдзя, у Беларусі каля 250 разьведаных радовішчаў мінэральнай вады. Іх рэсурс — звыш 60 мільёнаў літраў кожныя суткі, або 22,8 мільярда літраў штогод. З гэтай колькасьці здабываецца прыкладна 600 мільёнаў літраў: 100 мільёнаў бутылюецца, нязначная частка выкарыстоўваецца падчас працэдураў у прафілякторыях.

«Мы са свайго боку, вядома ж, гатовыя ўсяляк такую ідэю прасоўваць, — удакладняе гендырэктар „Дарыды“. — Паглядзім, як паставяцца да гэтага нашы органы ўлады, ці падтрымаюць іншыя беларускія вытворцы. Але мы дзьвюма рукамі за тое, каб зарабляць на гэтым немалыя грошы — як тыя ж амэрыканцы, італьянцы, немцы, французы, скандынавы. І, натуральна, спрыяць росту дабрабыту нацыі. Паўтаруся, мы маем такі рэсурс, які ігнараваць як мінімум неабачліва».

Вытворчыя магутнасьці "Дарыды"

Запасы прэснай вады ў Беларусі яшчэ большыя, і траціцца яна ў наступнай прапорцыі:

  • 50% ідзе на бытавое абслугоўваньне (пры гэтым траціна проста зьліваецца ў прыбіральні),
  • 30% спажывае сельская гаспадарка,
  • 20% — прамысловасьць.

Тое, чым мусіла займацца дзяржава, але «не дайшла мазгамі»

Паводле дадзеных ААН, амаль 60% жыхароў Зямлі ў той ці іншай ступені сутыкаюцца з праблемай дэфіцыту вады — найперш гэта рэгіёны Афрыкі і Азіі. Усясьветная арганізацыя аховы здароўя ўдакладняе: тры зь дзесяці чалавек (больш за 2 мільярды) ня маюць бясьпечнага і даступнага забесьпячэньня вадой, яе даводзіцца аднекуль прыносіць ці прывозіць.

Да 2040 году, згодна з прагнозамі, патрэбы зраўнаюцца з існымі запасамі. А гэта значыць, ня нафта ці каштоўныя камяні стануць багацьцем № 1, а менавіта вада. У такой сытуацыі стратэгічны рэсурс Беларусі павінен працаваць на краіну.

«Безумоўна, трэба ашчадна да такога скарбу ставіцца, але, як сёньня модна казаць пра розныя крыптавалюты, трэба гэтыя рэсурсы навучыцца манэтызаваць. Гэта вельмі важна для нацыянальнай эканомікі. З усёй адказнасьцю магу заявіць: якасьць нашай вады аніяк не саступае, а шмат па якіх пазыцыях нават лепшая за тыя замежныя аналягі, якія можна пабачыць у беларускіх крамах па нейкіх касьмічных цэнах», — запэўнівае Дзьмітры Невяровіч.

Заснавальнік «Дарыды» Ўладзімер Дзялендзік

Расказваюць, што заснавальнік «Дарыды» Ўладзімер Дзялендзік вельмі хваравіта ўспрымаў кпіны адносна таго, што, маўляў, зь мінімальнымі высілкамі пампуе грошы зь нетраў. І каротка парыраваў: гэта тое, чым павінна была б займацца дзяржава, але «не дайшла мазгамі».

Сёньня ў Беларусі ў гэтай галіне працуе блізу чатырох дзясяткаў прадпрыемстваў, якія разьліваюць пітную ці мінэральную ваду. Пры гэтым 90% вытворчасьці прыпадае на пяцёрку лідэраў рынку. Астатнія працуюць напаўсілы — загрузка складае 50–70%. Выглядае, што пра супольныя высілкі ў справе экспансіі гаворка пакуль не ідзе. Інакш як растлумачыць той факт, што з году ў год расьце аб’ём імпарту бутыляванай вады — замежныя брэнды штогод «вымываюць» з унутранага рынку 10 мільёнаў даляраў.

Лінія разьліву мінэральнай вады

Адзіная эўрапейская сэртыфікацыя на постсавецкай прасторы

«Дарыда» — адзіная мясцовая кампанія ў воднай сфэры, якая атрымала сэртыфікат ISO на пастаўкі прадукцыі ў Эўразьвяз. Дзякуючы гэтаму цяпер беларускую мінэралку можна сустрэць і ў суседняй Літве, і ў далёкай Гішпаніі.

«Каб на рэгулярнай аснове пастаўляць сваю прадукцыю ў Эўразьвяз, неабходна атрымаць адмысловую акрэдытацыю ў Брусэлі, — тлумачыць кіраўнік прадпрыемства. — А потым раз на тры месяцы пацьвярджаць пастаянства асноўнага складу і арганічных злучэньняў: браць узоры, адпраўляць на лябараторныя дасьледаваньні і г.д. Здавалася б, звычайная Н2О, што тут складанага? Але эўрапейскія стандарты такія, што трэба здаваць аналізы па 316 кампанэнтах складу вады!»

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: ТОП-10 крыніц Беларусі з гаючай вадой


Усе выпрабаваньні на ждановіцкіх сьвідравінах праводзяць акрэдытаваныя эўрапейскія экспэрты, беларускія дзяржаўныя стандарты там не прымаюцца, дадае дарадца генэральнага дырэктара па бясьпецы і кантролі якасьці прадукцыі Вольга Кудзелка.

Вольга Кудзелка, дарадца гендырэктара "Дарыды"

Такім чынам «Дарыда» зьяўляецца адзіным сэртыфікаваным прадпрыемствам стандарту ISO ў сваёй галіне на постсавецкай прасторы.

«Рознае за гэты час пра нас казалі, але мы ўсім нядобразычліўцам даказалі: ніякіх іншародных арганічных злучэньняў у складзе нашай вады няма, — працягвае прадстаўніца кампаніі. — Уяўляеце, наколькі жорсткі кантроль? Больш за 300 паказьнікаў! Да таго ж запатрабавалася гідрагеалягічная справаздача. Быў камандзіраваны экспэрт з Эўропы, правяраў пласты, іх абароненасьць. Толькі прайшоўшы гэтыя працэдуры — фізыка-хімічныя, мікрабіялягічныя і гідрагеалягічныя — была афіцыйна прызнаная натуральная мінэральная вада зь Беларусі».

Вада «з-пад крана» — яшчэ не найгоршы варыянт

Паводле Дзьмітрыя Невяровіча, 30% беларускага рынку «белай вады» — прыроднай, пітной, мінэральнай — складаюць увезеныя аналягі. Некаторыя гатункі, як францускі Vittel, паводле свайго складу абсалютна ідэнтычныя «Дарыдзе», адно што ў разы даражэйшыя. Зь іншага боку, празь «дзіравыя» саюзныя межы сюды трапляе вялізная колькасьць прадукцыі фактычна «з-пад крана» — і гэта яшчэ не найгоршы варыянт.

«Нядаўна кіраўнік „Ростеха“ Сяргей Чэмезаў справаздачыўся перад прэзыдэнтам Пуціным, — кажа суразмоўца. — Агучыў такую інфармацыю: траціна вады на расейскім рынку — кантрафактная. У нас адзіная мытная прастора, межаў няма. Застаецца спадзявацца на пільнасьць органаў кантролю і праверкі, каб ня стала гэтак жа, як у Расеі. Гісторыі з падробленымі „Есентукамі-17“, якія мільёнамі бутэлек разьліваліся недзе ў Краснадарскім краі, тут паўтарыцца не павінны. Асабліва калі ўлічыць, што ў нас больш чым дастаткова выдатнай беларускай вады».

Паводле экспэртаў рынку, ледзь не палова імпартаванай вады, асабліва ад расейскіх вытворцаў, — гэта так званыя «штучна мінэралізаваныя напоі». Па вялікім рахунку, у такіх добра прымаць «саляныя ванны», а вось піць іх ня варта.

Яшчэ адна ўмоўна пітная група — ачышчаная вада. Для разьліву пасуе любая, нават з ракі ці возера. Яе праганяюць праз магутныя фільтры, адсейваючы шкодныя рэчывы. Праўда, пры гэтым зьнішчаецца і ўсё карыснае. Такі прадукт можна выкарыстоўваць хіба дзеля таго, каб прагнаць смагу.

Што тычыцца фарбаваных напояў, то, як адзначаюць тэхнолягі, калі зыходзіць з колькасьці калёрыяў і хімічных дабавак, гэта ўжо хутчэй «ежа».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Як улады ствараюць новую апазыцыю. Рэпартаж зь Берасьця, дзе ў дэпутаты ідуць праціўнікі акумулятарнага заводу