Сёлета паэтка і перакладчыца Марыя Мартысевіч атрымала ўжо дзьве прэміі: «Кніга году» і прэмію імя Натальлі Арсеньневай за найлепшую кнігу паэзіі 2019 году. Абедзьве — за паэму «Сарматыя».
Сустракаемся каля беларускага ПЭН-цэнтру — тут чарговы занятак Перакладчыцкай майстэрні, зь якой за апошняе дзесяцігодзьдзе паўсталі ўсе буйныя перакладчыцкія ініцыятывы і выйшаў тузін перакладчыкаў. Цяпер тут перакладаюць «Страх і нянавісьць у Лас-Вегасе» Хантэра Томпсана.
«Мо ты не набыў лядоўню ці мікрахвалёўку, але можаш са швэдзкімі каралямі ў адной залі засядаць»
Марыя кажа, што прэміі — гэта хутчэй пра маральную асалоду і ўпэўненасьць. Хаця грашовая падтрымка дазваляе на пэўны час паглыбіцца толькі ў творчыя праекты.
На пытаньне, як пражыць з паэзіі, Мартысевіч упэўнена адказвае: «Ніяк».
«Проста ня трэба ставіцца да гэтага як да прафэсіі, вось і ўсё. — упэўнена Марыя. — Я неяк прачытала ў артыкуле пра заможных людзей на адным з нашых парталаў: „Спачатку я хацеў стаць паэтам, потым зразумеў, што на гэта не пражыць, і пайшоў у IT“. Ня толькі паэзіяй, увогуле літаратурай зарабіць немагчыма, але як ні паглядзіш — столькі людзей усё адно ідуць у літаратуру! Чаму тады яны ідуць, калі ёю нельга зарабіць? Насамрэч, і з часам, і ў прынцыпе, ёсьць пэўная катэгорыя людзей, якая разумее, што грошы — ня ўсё ў жыцьці.
А сэнс такі: калі ты ідзеш натуральным шляхам, ты, можа быць, бядуеш, табой ня могуць ганарыцца бацькі, бо ты не набыў у свой час лядоўню, ці мікрахвалёўку, ці машыну, бо гэта істотна для пэўнай катэгорыі людзей, але з часам раптам высьвятляецца, што ты можаш са швэдзкімі каралямі ў адной залі засядаць. Калі хочаш».
Разважаючы пра сымбалічны капітал, які прыносіць пісьменства, а таксама пра вядомасьць, Мартысевіч упэўненая: больш за ўсё вядомасьці прынёс блог у ЖЖ. А ўлетку Марыі прыйшоў ліст з Асацыяцыі бібліятэк прэстыжнай «Лігі плюшчу»: яны хочуць заархіваваць і захаваць яе блог на сайце як здабытак беларускай літаратуры.
Хаця на пачатку літаратурнага шляху Марыя здабыла ад блогу праблемы. Дакладней, праз тое, што рэклямавала там сваю новую кнігу.
«Тады шмат каго абурыла тое, што я піяру сваю кніжку праз ЖЖ, праз блог, лічылася гэта нясьціплым, — распавядае Мартысевіч. — Лічылася, што пісьменьнік — гэта такое, што ня какае, штосьці такое высакароднае, ён рэальна ня есьць і не павінен вытыркацца; ён павінен быць сьціплым, карацей. І тое, што я напісала ў блогу, што я выдала кніжку, было недапушчальна. Але ў мяне тады была неабходнасьць, бо я на 2/3 фінансавала кнігу сама і пазычыла грошы. І тады ў 2008 годзе людзі лічылі, што я павінна выдаць гэтыя кніжкі і проста іх раздаваць: „Ты ж пісьменьнік!“ А калі зьявіліся краўдфандынгі, людзі сталі больш разумець мэханізм зьяўленьня кнігі і чаму трэба заплаціць за яе. Адна мая сяброўка сказала, што я фактычна апярэдзіла час, таму што я рабіла краўдфандынгавыя захады, калі гэта яшчэ не было магчыма».
«Мы сёньня выдаём кніжкі па схемах літаратараў Расейскай імпэрыі ХІХ стагодзьдзя»
Марыя распавядае, што мела адчуваньне, нібыта краўдфандынг перажыў сябе. Але нават на апошні пераклад Курта Ванэгута за тыдзень сабралі амаль 85% усёй сумы. Усё ж гэта вельмі просты спосаб зьвесьці разам людзей, якім патрэбна кніга, пісьменьнікаў і выдаўцоў. І хаця ў Беларусі існуе каля 500 выдавецтваў (праўда, большасьць зь іх выдала, бадай што, толькі па адной кнізе), плятформы для камунікацыі ўсіх з усімі востра неабходныя кнігавыдавецкай справе.
«Мы сёньня выдаём кніжкі па тых схемах, па якіх выдавалі літаратары ў Расейскай імперыі ў ХІХ стагодзьдзі, — расказвае Мартысевіч. — Адам Міцкевіч зьбіраў краўдфандынг на свае першыя два тамы паэзіі. Пры тым, што ён быў крутым аўтарам, яму выдавец сказаў: „Я цябе ня буду выдаваць, ты ніхто. Паэзія? У Варшаве, у Вільні няма паэтаў“. У выніку яны абвясьцілі краўдфандынг і адбілі суму ўдвая большую, чым прасілі ў выдаўца. Пушкін па тых жа схемах выдаваўся: ён выдаваў „Анегіна“ ў раздроб, разьдзеламі, але не таму, што ленаваўся цалкам дапісаць. Ён фактычна зрабіў сэрыял, і людзі чакалі працягу, і ён гэта вельмі дорага прадаваў».
На сваю «Сарматыю» Мартысевіч таксама краўдфандыла. Увесь шлях ад пачатку напісаньня кнігі да выдавецтва прайшоў падчас цяжарнасьці малодшым сынам: яму Марыя прысьвяціла кнігу.
«Зь першай кнігай я адчувала, што зьяўленьне яе — гэта як нараджэньне дзіцяці, — кажа Марыя. — І ў прынцыпе, калі я нарадзіла дзяцей, гэтая мэтафара пацьвердзілася. Гэта такі даволі важны акт для пісьменьніка. І пісьменьнікі за месяц да таго, як у іх выходзіць кніга, — гэта маладыя бацькі за месяц да таго, як у іх зьявіцца дзіця. Рэальна агрэсіўныя! Асабліва калі працуеш каля выдавецтва, то проста бачыш, як яны там ходзяць. У Паўла Касьцюкевіча ёсьць мэтафара, ён гэта называе „літаратар на нерасьце“: у яго празь месяц будзе кніжка і ён гатовы зламаць друкарню, каб яна хутчэй выйшла».
«Апраналі сукенку, пад яе ці на яе кальчугу, ішлі на вайну»
Марыя сьцьвярджае, што і сама не чакала, што напіша такую кніжку, як «Сарматыя». Кажа, натхненьне прыйшло яшчэ ў 2013 годзе, пасьля знаёмства са зборам тэкстаў пад рэдакцыяй Алены Гапавай «Жанчыны на краі Эўропы». А дакладней, з артыкулу пра жанчын-ваярак, якія, ваюючы і беручы ўдзел у палітыцы, не спрабавалі быць, як мужчыны, а толькі замянялі іх, калі тыя не маглі: апраналі сукенку, пад яе ці на яе кальчугу, і ішлі на вайну. І гэта не пра фэмінізм, а пра вымушаную гіпэрзадачнасьць, зь якой фэмінізм, наадварот, змагаецца. Але падобна, што такое сумяшчэньне функцыяў — спрадвечны лёс беларускіх жанчын.
«Апошні быў прыўкрасны выпадак пра тое, як, папрацаваўшы месяц ці два, звольніўся галоўны архітэктар Менску з асабістых прычынаў, — расказвае Марыя. — І там калі пачалі капаць журналісты, у чым прычына, чыноўнікі фактычна мусілі прызнацца, што надта шмат працы і адказнасьці за надта маленькія грошы. І потым сказалі: „Мы цяпер шукаем новага галоўнага архітэктара Менску, імаверна, гэта будзе жанчына“. Сэнс такі: калі вы бачыце ў кіраўніцтве жанчыну, даволі часта гэта азначае вялікую адказнасьць за маленькія грошы. І гэта ідзе з таго часу. Але пры гэтым я лічу, што ёсьць і пазытыў, — жанчыны мелі больш голасу».
Апошняя зацікаўленасьць Марыі — дасьледаваньне паэзіі хіп-хопу. У расейскім рэпе ўсё досыць кепска, лічыць яна. З рэдкімі выключэньнямі, ён не будуецца на жыцьцёвым матэрыяле, як гэта мусіць быць у сапраўдным аўтэнтычным хіп-хопе. Няма і беларускамоўнага хіп-хопу.
«Але чаму няма беларускамоўнага хіп-хопу? — разважае Мартысевіч. — Таму што мы можам чытаць Багушэвіча, як рэп. Сама традыцыя беларускай літаратуры паўставала з грамадзянскага пафасу. ХІХ стагодзьдзе — тады проста непрыстойна было зьвяртацца да людзей ня ў рыфму, ня вершамі. Хіп-хоп вельмі прыродны для Беларусі. Сама па сабе беларуская паэзія вельмі трыбунная заўсёды была. І гэтага ня трэба саромецца. У нас паэзія нясе вельмі шмат кодаў, і ты ў вершах можаш больш сказаць чалавеку, чым калі ты напішаш філязофскі трактат альбо публіцыстычны артыкул. Я лічу, што паэзія — гэта ўнівэрсальная мова ў прынцыпе. Але для Беларусі гэта асноўная мова».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пасьля прэміі «Кніга году» Мартысевіч здабыла і прэмію Арсеньневай