Сайт Мінадукацыі ўзламалі — праз карыстальнікаў здабываюць крыптавалюту

Ілюстрацыйнае фота

Інтэрнэт-старонка Міністэрства адукацыі Беларусі ад раніцы 11 кастрычніка запускае шкодную праграму, што здабывае крыптавалюту. Праблему пацьвердзілі Tut.by у міністэрстве.

Пры адключаным антывірусе або яго адстунасьці пры ўваходзе на сайт Мінадукацыі ў карыстальніка можа запусьціцца адмысловая схаваная праграма (скрыпт), якая будзе нагружаць кампутар пралікамі, неабходнымі для працы адной з крыптавалютаў. За гэткую апрацоўку інфармацыі ўладальнік праграмы будзе атрымліваць прыбытак у адзінках той валюты, для якой праводзяцца апэрацыі (гэты працэс завецца словам «майнінг»).

Небясьпекі для карыстальніка ў такой праграме няма, але кампутар можа ненатуральна «тармазіць», пакуль адкрытая старонка Мінадукацыі.

У міністэрстве кажуць, што ведаюць пра праблему і спрабуюць яе ліквідаваць. На момант публікацыі выглядае, што шкодная праграма застаецца актыўнай.

Ці такую праграму запусьціў нехта зь міністэрства, ці староньні хакер, невядома.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: 7 правілаў інтэрнэту, якія мы ігнаруем
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Як пачынаўся інтэрнэт у Беларусі — і што зь ім стала. 15 важных датаў