У Беларусь забаронены ўезд больш як мільёну чалавек. 88% — з агульнага з Расеяй сьпісу

Упрыгожваньне Менска да Дня Незалежнасьці

Дэпутаты Палаты прадстаўнікоў разгледзелі і прынялі ў першым чытаньні зьмены ў закон «Аб прававым палажэньні замежных грамадзянаў і асобаў без грамадзянства ў Рэспубліцы Беларусь».

Першы намесьнік міністра ўнутраных спраў Іван Падгурскі адзначыў, што гэты дакумэнт тычыцца вялікай групы грамадзянаў іншых краін.

Паводле яго, у беларуска-расейскім «чорным сьпісе» іншаземцаў, якім забаронены ўезд на тэрыторыі Беларусі і Расеі, 1 мільён 142 тысячы з расейскага боку і больш за 138 тысяч зь беларускага.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Стасункі з Расеяй штурхаюць Менск да дывэрсыфікацыі замежнай палітыкі, — Прэйгерман

Як патлумачыў міліцэйскі чыноўнік, беларускія ўлады ў аднабаковым парадку ідуць на такія зьмены дзеля фармаваньня пазытыўнага іміджу дзяржавы.

Што канкрэтна зьбіраюцца зьмяніць?

  1. Выключыць зь пераліку асобаў, якім можа быць адмоўлена ў беларускай візе, тых іншаземцаў, якія ўчынілі правапарушэньне празь неасьцярожнасьць.
  2. Іншаземцы, якія зь нейкіх прычынаў раней не заплацілі штрафу, накладзенага на іх беларускімі ўладамі, цяпер змогуць гэта зрабіць або на мяжы, або нават на тэрыторыі сваіх краін. Пасьля гэтага яны атрымаюць права наведваць Беларусь. Ім могуць нават дазволіць аднаразовы ўезд, але тады возьмуць абавязаньне заплаціць штраф.
  3. Зьмены ў законе прадугледжваюць права іншаземца атрымаць поўную інфармацыю пра тое, ці знаходзіцца ён у сьпісе асобаў, якім забаронены ўезд у Беларусь. На сайце Міністэрства ўнутраных спраў можна будзе зарэгістравацца ў асабістым кабінэце і пабачыць, ці распаўсюджваецца на яго такая мера. Там жа будзе названая прычына на забарону, калі яна ёсьць.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Беларусь і Расея падпісалі пратакол пра абмен зьвесткамі аб «неўязных»

Як падсумаваў Іван Падгурскі, новаўводзіны паспрыяюць разьвіцьцю дзелавых і прыватных кантактаў, турыстычнай і інвэстыцыйнай прывабнасьці Беларусі.