У Расеі 72-гадовага пэнсіянэра асудзілі на 12 гадоў як украінскага шпіёна

Растоўскі абласны суд прызнаў вінаватым у дзяржаўнай здрадзе жыхара пасёлка Чарткова Ўладзіміра Маргунова. Ён прызнаў віну, слуханьні праходзілі ў адмысловым парадку. Дзяржаўнае абвінавачаньне прасіла для падсуднага восем гадоў зьняволеньня.

Раней яго абвінавачвалі ў супрацоўніцтве з замежнай выведкай.

Пра інцыдэнт стала вядома толькі 9 кастрычніка, пасьля вынясеньня прысуду. Затрымалі 72-гадовага пэнсіянэра ў лістападзе 2018 году. Падчас ператрусу ў ягоным доме знайшлі 10 скрынак з-пад тэлефонаў, сім-карты і два пашпарты — украінскі і расейскі, піша «Інтэрфакс». Таксама былі знойдзеныя дакумэнты, якія сьведчаць аб тым, што Маргуноў — казачы палкоўнік, дарадца вярхоўнага вайсковага атамана грамадзкага аб’яднаньня «Адраджэньне казацтва Русі», піша «Дон 24».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Перадачу «шпіёна» Шаройкі празь беларуска-ўкраінскую мяжу зьнялі на відэа. Ён дзячыць Зяленскаму і Лукашэнку

Паводле інфармацыі Ўпраўленьня ФСБ па Растоўскай вобласьці, на якое спасылаецца агенцтва, Маргуноў нібыта перадаваў інфармацыю супрацоўніку замежнай спэцслужбы, асабіста сустракаючыся «у абумоўленых месцах на ўкраінскім боку», дамовіўшыся пра сустрэчу па тэлефоне.

Дадзеныя, якія нібыта цікавілі ўкраінскую выведку, — гэта жыцьцё ў памежным Чарткоўскім раёне Растоўскай вобласьці, а таксама дысьлякацыя вайсковай тэхнікі.

Суд прызнаў Маргунова вінаватым ў дзяржаўнай здрадзе прызначыў яму пакараньне — 12 гадоў калёніі строгага рэжыму з абмежаваньнем волі тэрмінам на 1 год.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Крымінальнае чытво» ці рэальнасьць —The New York Times пра расейскіх шпіёнаў на Захадзе