Візыт Лукашэнкі ў Аўстрыю: «Нэўтрал» едзе да нэўтралаў

Канцлер Аўстрыі Сэбастыян Курц і Аляксандар Лукашэнка ў мэмарыялы ў Трасьцянцы, 28 сакавіка 2019

11 лістапада Аляксандар Лукашэнка пачаў афіцыйны візыт у Аўстрыю. У мінулым ён неаднаразова наведваў гэтую краіну, у тым ліку і таемна, з парушэньнем рэжыму візавых санкцыяў, якія дзейнічалі адносна шэрагу беларускіх чыноўнікаў.

У тым, што першай краінай Эўразьвязу, якую наведвае Лукашэнка пасьля доўгай паўзы, стане Аўстрыя, ёсьць пэўны сымбалізм.

Сьцісла:

  • Сталін казаў падчас Другой Усясьветнай вайны: «Хто займае тэрыторыі, той і насаджае сваю сацыяльную сыстэму»
  • Аўстрыя стала хіба адзіным выключэньнем, дзе гэтае «залатое правіла» не было рэалізаванае
  • Маскоўская дэклярацыя зьняла з Аўстрыі значную долю адказнасьці за злачынствы нацызму
  • Нэўтралітэт і пэўнае зьняцьцё адказнасьці за нацысцкія злачынствы вызначалі пасьляваенную палітыку Аўстрыі
  • Дыпляматычнае мастацтва і зьбег абставінаў могуць прымусіць сёньняшнюю Маскву адмовіцца ад нейкіх яе «залатых правілаў» адносна Беларусі

Чаму Аўстрыя мае добрыя стасункі з многімі дыктатарамі сьвету, чаму традыцыйна падтрымлівае шчыльныя эканамічныя і палітычныя стасункі з Масквой, незалежна ад таго, якую палітыку яна вядзе, чаму была і ёсьць адной са сталіцаў сусьветнай дыпляматыі і Мэкай шпіёнаў усяго сьвету?

Карані, прычыны гэтага — у аўстрыйскай гісторыі, у абставінах набыцьця нэўтралітэту

Як Сталін адхіліўся ад свайго «залатога правіла»

Мілаван Джылас у гады вайны быў цьвёрдакаменным югаслаўскім камуністам. Ад імя югаслаўскай кампартыі ён некалькі разоў вёў перамовы са Сталіным. Пасьля вайны ён стаў дысыдэнтам і адным з самых вострых крытыкаў камунізму. Тады ён напісаў кнігу «Сустрэчы са Сталіным».

Паводле Джыласа падчас гутаркі зь ім у разгар вайны Сталін сказаў: «У гэтай вайне ня так, як у мінулай: хто займае тэрыторыю, насаджае там, куды прыходзіць яго армія, сваю сацыяльную сыстэму. Інакш і быць ня можа».

Далейшае разьвіцьцё падзеяў пацьвердзіла, што Сталін і насамрэч збольшага дзейнічаў паводле правіла, якое выклаў у гутарцы з Джыласам.

Уся Ўсходняя Эўропа, занятая савецкімі войскамі, была саветызаваная, у некаторых краінах савецкая сыстэма была насаджаная адразу, у некаторых, як у Чэхаславаччыне — крыху пазьней, у 1948 годзе. Саветызаваная была і савецкая зона акупацыі Нямеччыны, яна была ператвораная ў ГДР — Германскую дэмакратычную рэспубліку.

Варыянт нэўтралізацыі Нямеччыны выклікаў моцныя перасьцярогі як ў СССР, гэтак і ў заходніх саюзьнікаў: Масква перасьцерагалася, што гэта стане шляхам краіны ў заходні лягер і адраджэньня ў ёй рэваншысцкіх інтэнцыяў. Захад баяўся, што гэта прывядзе да стварэньня з ключавой краіны Эўропы яшчэ аднаго сателіта СССР.

Падзел аказаўся вынікам гэтага пату ўзаемных перасьцярогаў. Пры гэтым ФРГ была створаная раней за ГДР.

Аўстрыя стала хіба адзіным выключэньнем з «залатога правіла» Сталіна. Пасьля разгрому Нямеччыны аўстрыйская тэрыторыя, у тым ліку і сталіца Вена, была таксама, як і Нямеччына, падзеленая на акупацыйныя зоны паміж дзяржавамі-пераможцамі, сваю зону акупацыі атрымаў і Савецкі Саюз.

Што да Аўстрыі, то чыньнікам, які згуляў на яе карысьць, стала тое, што яна не была ключавой краінай для балянсу бясьпекі ў Эўропе. Строгі нэўтралітэт Аўстрыі аказаўся прымальнай рызыкай і істотным выйгрышам і для СССР, і для Захаду.

Савецкая армія пакінула Аўстрыю толькі ў 1955 годзе (праз 10 гадоў пасьля завяршэньня вайны). Але савецкая зона акупацыі не была ператвораная ў нейкую АДР — Аўстрыйскую Дэмакратычную Рэспубліку.

Нэўтралітэт быў адзінай дасягальнай альтэрнатывай падзелу краіны.

Маскоўская дэклярацыя як падмурак аўстрыйскага сувэрэнітэту

У кастрычніку 1943 году падчас нарады ў Маскве міністраў замежных справаў Вялікабрытаніі, ЗША і СССР была прынятая «Дэклярацыя аб Аўстрыі», у якой аншлюс Аўстрыі 1938 году прызнаваўся «няісным і нядзейным». Пры гэтым у дэклярацыі адзначалася, што Аўстрыя нясе пэўную адказнасьць за ўдзел у Другой сусьветнай вайне на баку нацысцкай Нямеччыны.

Гэта было палітычнае рашэньне. Іншыя краіны, захопленыя нацыстамі, трактаваліся самой Нямеччынай менавіта як акупаваныя, Аўстрыя — як частка Нямеччыны.

Дастаткова прыгадаць, што на Нюрнбэрскім працэсе двое прыгавораных да сьмерці прадстаўнікоў кіраўніцтва «Трэцяга райху» — райхскамісар Нідэрляндаў Артур Зэйс-Інкварт і каардынатар усіх спэцслужбаў Нямеччыны Эрнст Кальтэнбрунэр — былі аўстрыйцамі.

Дэлегацыя судзецкіх немцаў вітае Адольфа Гітлера і Артура Зэйс-Інкварта, Вена, 15 сакавіка 1938

Ніякі паляк, сэрб, беларус ці ўкраінец, нават колькі заўгодна ляяльны да нацыстаў, ня мог па вызначэньні стаць чальцом найвышэйшага кіраўніцтва нацысцкай імпэрыі. Аўстрыйцы — маглі і былі.

Тым ня менш лідэры антыгітлераўскай кааліцыі прынялі рашэньне, што і Аўстрыя была ахвярай гітлераўскай агрэсіі і прынамсі менш адказнай, чым Нямеччына. У прыватнасьці, з Аўстрыі не спаганяліся рэпарацыі за Другую сусьветную вайну.

Нэўтралітэт і дараваньне

Гэтыя два чыньнікі — нэўтралітэт і пэўнае зьняцьцё адказнасьці за нацысцкія злачынствы — у значнай ступені і вызначалі пасьляваенную палітыку Аўстрыі.

Нэўтралітэт нават юрыдычна абмяжоўваў магчымасьць правядзеньня маральна пасьлядоўнай палітыкі адносна таталітарных і аўтарытарных рэжымаў.

Нэўтралітэт вымагаў роўнааддаленасьці ад Захаду і Ўсходу, вынясеньня за дужкі маральных імпэратываў.

Рашэньне аб пэўным зьняцьці адказнасьці за нацызм узмацняла гэты маральны рэлятывізм. У Аўстрыі не праводзілася палітыка пакаяньня за злачынствы Другой усясьветнай вайны.

Адсутнасьць нацыянальнага пакаяньня не спрыяла ацэнцы з маральнага пункту гледжаньня замежных рэжымаў і лідэраў, якія ня надта адпавядалі маральным нормам.

Мінастарка замежных справаў Аўстрыі Карын Кнайсьль танчыць на сваім вясельлі з прэзыдэнтам РФ Уладзімерам Пуціным, 18 жніўня 2018

У выніку нэўтралітэту шмат выйграла і сама Аўстрыя, і Захад, і Ўсход. Пасьля вайны аўстрыйскія палітыкі, прыхільнікі нэўтралітэту, казалі, што Аўстрыя павінна ўзяць за ўзор Швайцарыю.

Аўстрыя ёй і стала ў дыпляматычным сэнсе, Вена стала месцам правядзеньня шматлікіх самітаў і разьмяшчэньня штаб-кватэраў міжнародных арганізацыяў.

Высокі эканамічны патэнцыял, разьвітая банкаўская сыстэма рабілі Аўстрыю прывабным партнэрам для СССР і ўсяго савецкага блёку, а ў яшчэ большай ступені — карысным пасярэднікам, «мастом» паміж Усходам і Захадам.

Нэўтральны статус рабіў Аўстрыю цікавай ня толькі для Масквы, але і для дыктатараў з усяго сьвету.

Ну і для разьведчыкаў краінаў NATO і Варшаўскай дамовы Аўстрыя была выдатнай тэрыторыяй паляваньня, зручным месцам для правядзеньня апэрацыяў супраць памежных зь ёй праціўнікаў. Аўстрыя мяжуе з Чэхаславаччынай, Вугоршчынай, Югаславіяй, Швайцарыяй, Італіяй і Нямеччынай.

Ці патрэбны Беларусі досьвед Аўстрыі?

Беларусь — эканамічны, вайсковы і палітычны саюзьнік Расеі, ніводная іншая дзяржава не ўваходзіць у такую колькасьць саюзаў з Расеяй. Аднак пэўныя крокі афіцыйнага Менску прынамсі ня цалкам знаходзяцца ў рэчышчы палітыкі Масквы. Гэта дае падставу некаторым палітолягам казаць пра «сытуацыйны нэўтралітэт» Беларусі.

Ад нежаданьня шчоўкаць абцасамі на любое пажаданьне магутнага саюзьніка да сапраўднага нэўтралітэту — дыстанцыя велізарная. Так што, зразумела, Лукашэнку назваць «нэўтралам» можна толькі ў двукосьсі. Але аўстрыйскі досьвед можа быць карысным для Беларусі.

Размова не пра нэўтралітэт, але пра досьвед набыцьця большай самастойнасьці. Фінляндыя ў пэўным сэнсе заваявала свой нэўтралітэт у збройнай барацьбе.

Аўстрыя не ваявала за яго, але дамаглася складанай палітычнай гульнёй, скарысталася раскладам у суадносінах магутных дзяржаваў сьвету.

Нават Сталін у Аўстрыі адмовіўся ад свайго ўнівэрсальнага хапальнага «залатога правіла». Магчыма, дыпляматычнае мастацтва і зьбег абставінаў могуць прымусіць і сёньняшнюю Маскву адмовіцца ад нейкіх яе «залатых правілаў» адносна Беларусі.

Словам, Лукашэнку ёсьць чаму павучыцца ў Аўстрыі. Наагул кажучы, павучыцца можна многаму: як ствараць эфэктыўную свабодную эканоміку, незалежную ад паставак нафты і газу па субсыдаваных цэнах ад каго б то ні было, у тым ліку і ад саюзьнікаў, як уладкоўваць палітычную і грамадзянскую свабоду, як захоўваць правы чалавека.

Хацеў бы памыліцца, але баюся, што гэтыя ўрокі наўрад ці Аляксандар Лукашэнка засвоіць у Аўстрыі. Да таго ж іх узяць, пры жаданьні, можна ў любой краіне Эўразьвязу. А вось унікальным аўстрыйскім досьведам захаваньня незалежнасьці і тэрытарыяльнай цэласнасьці ў вельмі неспрыяльных умовах кіраўнік Беларусі можа і скарыстацца.

Упершыню апублікававана 10 кастрычніка

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.