«Дзеці па ім млелі». Бацькі стаяць гарой за выкладчыка робататэхнікі, якога «ўзялі» за марыхуану

Ілюстрацыйнае фота


У Горадні затрымалі выкладчыка робататэхнікі Андрэя А. Яго падазраюць у тым, што ён даваў школьнікам пакурыць марыхуану. Бацькі, якія вадзілі да Андрэя сваіх дзяцей на заняткі, кажуць пра яго толькі станоўчае.

Курсы былі папулярныя і недарагія

Андрэю А. 38 гадоў, ён жанаты, мае траіх дзяцей. Адным зь першых адкрыў у цэнтры Горадні студыю робататэхнікі. Туды хадзілі дзеці ва ўзросьце ад 6 гадоў. Заняткі праходзілі ў будныя дні і ў выходныя. Бацькі кажуць, што ня ўсе маглі трапіць, бо студыя вельмі папулярная. Цэны там самыя нізкія ў горадзе.

На старонку студыі ў інстаграме падпісаны паўтысячы чалавек — дарослых і дзяцей. На фота — робаты, заняткі і спаборніцтвы.

9 кастрычніка міліцыя паведаміла, што выкладчыка затрымалі падчас таго, як ён курыў зь дзецьмі марыхуану. Па інфармацыі міліцыі, ён падзяліўся «траўкай» прынамсі з трыма падлеткамі ва ўзросьце 14–16 гадоў. Па словах бацькоў, затрыманьне адбывалася пры васьмігадовых дзецях.

Адносна Андрэя распачалі крымінальную справу паводле ч. 2 і ч. 3 арт. 328 Крымінальнага кодэксу Беларусі, яму пагражае ад 8 да 15 гадоў пазбаўленьня волі. Цяпер ён пад вартай.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ці легалізуюць у Беларусі лёгкія наркотыкі

«Для майго малога заняткі былі, як сьвята»

Бацькі, чые дзеці хадзілі ў згаданы гурток, у шоку ад затрыманьня і ня могуць даць веры, што гэта праўда. Яны гатовыя станоўча характарызаваць выкладчыка на допытах, калі давядзецца, і зьбіраць сродкі для сям’і Андрэя. Кажуць, у бацькоўскім чаце ў вайбэры пра яго кепска таксама ніхто ня піша.

Адна з маці, чый сын чатыры гады хадзіў на робататэхніку да А., характарызуе выкладчыка як захопленага сваёй справай.

«Ён знайшоў сваю нішу. У гэтым сам рэалізаваўся і дапамагаў рэалізоўвацца дзецям. Мой малы чакае заняткаў, для яго гэта сьвята», — кажа Г.

На ейную думку, атмасфэра на курсах была прыязная, сяброўская. Выхаванцы называлі яго проста па імі — Андрэй, без імя па бацьку, як прынята ў школах. З другога боку, нельга сказаць, што выкладчык усё дазваляў. Ён рабіў заўвагі, калі дзеці ленаваліся.

«Дзеці па ім проста млелі. Для іх Андрэй — гэта кумір», — кажа маці.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Наша праца складаней за працу шахцёра» — тры настаўніцы пра сапраўдную школу

На думку Г., Андрэй жыў робатамі, захапляў імі ня толькі школьнікаў. У перапынках мог апавядаць бацькам, якія прыйшлі па дзяцей, на якія спаборніцтвы яны паедуць, якіх робатаў плянуюць неўзабаве рабіць. Старэйшыя выхаванцы рабілі робатаў ня толькі з гатовых дэталяў, а фактычна з нуля.

Яе сын дзеля цікавасьці хадзіў на бясплатныя заняткі робататэхнікай у іншыя студыі. Аднак там выкладалі ня так захапляльна.

«Гэтага не бяры, гэтага не чапай. Ты ня ведаеш, як з гэтым працаваць, ты паламаеш. Тут у яго [Андрэя] на заняткі прыходзілі зусім малыя дзеці, якія яшчэ ня ўмеюць чытаць. Яны замаўлялі гэтыя дэталькі, чакалі, калі прыйдуць», — расказвае Г.

Маці кажа, што баіцца казаць сыну пра затрыманьне — бо для яго будзе стрэс, што больш нельга бачыцца з выкладчыкам і бываць у яго на занятках.

«Зараз пачынаецца хваля, мне асабіста гэта баліць. Ты ведаеш чалавека з аднаго боку, у цябе пазытыўны вобраз склаўся. Цяжка мне ў гэта паверыць», — кажа суразмоўца.

Паводле яе, сын ніколі раней не казаў, што на занятках нешта курылі або нюхалі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Замарожаныя». Гісторыі дзяцей, якія жывуць на лініі фронту

«Было відаць, што ён не за грошы гэта рабіў»

Іншая маці, Марына, таксама вадзіла сына на робататэхніку ў згаданую студыю 4 гады. Кажа, што ейны сын ніколі ня бачыў, каб Андрэй курыў ці прапаноўваў старэйшым дзецям. Маці перакананая, што калі б сын нешта такое бачыў, то абавязкова сказаў бы ёй раней.

«Ён нават не разумее, што гэта такое, пра што ідзе гаворка», — кажа Марына.

Яна таксама кажа пра выкладчыка толькі добрае. Падвозіў дзяцей, калі было позна, дадому, вазіў іх на спаборніцтвы. Ішоў на саступкі, калі затрымлівалі з аплатай заняткаў.

«Дзеці яго вельмі любілі. Ён сам зь імі важдаўся. Чалавек быў адданы. Было відаць, што ён не за грошы гэта робіць. Ніколі не казаў: „Усё, час скончыўся, ідзі“. Не, можна было застацца, дарабіць», — кажа маці.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Баюся, што вынік будзе шокавым». Ганна Севярынец пра перапіс