Чаму Расея і Ўкраіна па-ранейшаму будуць дамаўляцца ў Менску. 4 погляды экспэртаў

Першага кастрычніка на пасяджэньні Трохбаковай кантактнай групы прадстаўнік Украіны ва ўрэгуляваньні канфлікту на Данбасе Леанід Кучма падпісаў «формулу Штайнмаера». Дакумэнт абавязвае Ўкраіну даць асаблівы статус рэгіёнам, якія кантралююцца прарасейскімі сэпаратыстамі. Ці азначае падпісаньне «формулы Штайнмаера», што Менск страціць ролю пляцоўкі для замірэньня? Свабода запыталася пра гэта ў некаторых удзельнікаў «Менскага дыялёгу», які праходзіць у сталіцы Беларусі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Украіна дамовілася аб разьвядзеньні войскаў на Данбасе і правядзеньні мясцовых выбараў

«Наша роля будзе працягвацца»

Валеры Варанецкі, старшыня пастаяннай камісіі міжнародных спраў Палаты прадстаўнікоў:

Валеры Варанецкі

— Ні ў якім разе, таму што ўчора прэзыдэнт агучыў пазыцыю, што мы не імкнёмся да такой сваёй міратворчай ролі. Мы проста гатовыя разам зрабіць свой унёсак у міратворчы працэс. Калі ўкраінскае кіраўніцтва, ці расейскае, ці Захад лічаць, што мы можам зрабіць нешта карыснае для таго, каб гэта місія для стабілізацыі сытуацыі на Данбасе і пераходу да міру і бясьпечнага разьвіцьця гэтага рэгіёну і Ўкраіны збольшага была эфэктыўнай, мы гатовыя да гэтага. І таму Менск усё роўна як пляцоўка будзе вельмі важнай для перамоваў, напрыклад паміж Расеяй і ЭЗ, Украінай і ЭЗ, Расеі з удзелам ЗША ды іншых краін. Гэта вельмі выгадна. Мы суседзі з Украінай, мы побач. Я ўпэўнены, што наша роля будзе працягвацца.

Выхад на рашэньне праблем, зьвязаных з гэтым канфліктам і вакол яго, гэта працэс ня сёньняшняга і ня заўтрашняга дня. Ён можа расьцягнуцца на гады. І роля Беларусі будзе заставацца.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ці магчымы новы Майдан ва Ўкраіне? Экспэрты камэнтуюць «формулу Штайнмаера»

«Пляцоўка Менску найбольш падыходзіць для гэтага дыялёгу»

Віктар Шадурскі, дэкан факультэту міжнародных адносін БДУ, прафэсар:

Віктар Шадурскі

— Я ня думаю, што страціць, бо пляцоўка Менску найбольш падыходзіць для гэтага дыялёгу. У Менску прымаюць усіх удзельнікаў канфлікту, працэсу. Таму я не лічу, што тут узьнікаюць нейкія пытаньні да менскай пляцоўкі.

— Як доўга будзе заставацца Менск прымірэнчай пляцоўкай?

— Цяжка сказаць, час пакажа.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Палітычнай згоды няма. Як у парлямэнце Ўкраіны адрэагавалі на «Формула Штайнмаера»

«Лягістычна цяжка сабе ўявіць, куды яшчэ хто можа ехаць»

Яўген Прэйгерман, кіраўнік экспэртнай ініцыятывы «Менскі дыялёг»:

Яўген Прэйгерман

— Калі гэтая формула прывядзе да таго, што сытуацыя на Данбасе палепшыцца, у любым выпадку сустрэчы кантактнай групы ў Менску, пэўна, мусяць тады прыпыніцца. І гэта будзе добры вынік. Але ў такім выпадку Менск зацікаўлены ў такой страце, таму што сам канфлікт на Данбасе для Менску нясе пэўныя пагрозы.

А другі адказ, калі канфлікт усё ж такі ў той ці іншай форме будзе працягвацца, хутчэй за ўсё, на жаль, менавіта так і будзе, то тут жа не пытаньне, што ёсьць трохбаковая кантактная група, яна зьбіраецца ў Менску і таму Менск перамоўная пляцоўка. Гэта фактычна так. Але тут лягічная сувязь іншая. Менск стаў перамоўнай пляцоўкай, бо гэта адзінае месца ў рэгіёне, дзе такія перамовы магчымыя. Таму, калі канфлікт будзе працягвацца і, напрыклад, нават будзе адмова ад менавіта гэтага фармату трохбаковай кантактнай групы, тады будуць нейкія іншыя перамовы. І ці ўсе, ці большасьць зь іх усё роўна будзе ў Беларусі. Проста лягістычна цяжка сабе ўявіць, куды яшчэ хто можа ехаць. Казахстан на пачатку 2018 года прапаноўвалі, але хто будзе лётаць кожны тыдзень ці два ў Казахстан?

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ва Ўкраіне пашырыліся пратэсты пад лёзунгам «„Не“ — капітуляцыі». ФОТА

«Я хацеў бы, каб гэта было ня так доўга»

Генадзь Максак, кіраўнік рады ў замежнай палітыцы «Ўкраінская прызма»:

Генадзь Максак

— Ня страчвае, бо гэта ўсяго толькі частка менскай дамоўленасьці, якая ўключае ў сябе палітычны кампанэнт, прадугледжвае іншую чарговасьць дзеяньняў. Выбары, потым часовае ўвядзеньне закону пра асаблівы статус асобных раёнаў Данбасу і пасьля гэтага, калі ўжо АБСЭ будзе мець вынікі, што стандарты АБСЭ захаваныя, поўнае ўвядзеньне гэтага закону. Пры гэтым мы разумеем, што ёсьць яшчэ кампанэнт бясьпекі, які таксама зьяўляецца часткай менскіх пагадненьняў. І зноў жа, усе мадальнасьці будуць абмяркоўвацца ў рамках «нармандзкага фармату», потым спускацца на прапрацоўку на Трохбаковую кантактную групу. Таму гэта хутчэй будзе ўзмацненьне інтэнсіўнасьці і дынамікі працы Трохбаковай кантактнай групы на менскай плятформе.

— Як доўга Менск застанецца гэтай пляцоўкай?

— Я хацеў бы, каб гэта было ня так доўга, каб мы хутчэй вырашылі гэтую канфліктную сытуацыю паміж Расеяй і Ўкраінай. Але патэнцыял будзе яшчэ доўга распрацоўвацца. Менская пляцоўка будзе яшчэ вельмі доўга распрацоўвацца, таму яна яшчэ доўга можа быць неабходнай для нашых краін.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Зяленскі: «формула Штайнмаера» не азначае адмову ад Данбаса
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Аляксандар Лукашэнка як міратворац у канфлікце вакол Украіны
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Штайнмаер адмаўляе, што «формулу Штайнмаера» пісалі ў Крамлі