Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці магчымы новы Майдан ва Ўкраіне? Экспэрты камэнтуюць «формулу Штайнмаера»


Трохбаковая кантактная група па Ўкраіне ўзгадніла і падпісала ў Менску дакумэнт, які разьвівае так званую «формулу Штайнмаера». Дакумэнт прадугледжвае ўвядзеньне закона аб асаблівым статусе акупаванай часткі Данбаса пасьля правядзеньня там мясцовых выбараў, згодна з заканадаўствам Украіны.

Гэта пацьвердзіў сёньня на тэрміновым брыфінгу ў Кіеве прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі:

«Ліквідаваныя апошнія перашкоды для правядзеньня саміту ў нармандзкім фармаце. Найбліжэйшым часам мы будзем ведаць ужо і дату».

Свабода папрасіла пракамэнтаваць падпісаньне гэтага дакумэнта ўкраінскіх экспэртаў.

Канстанцін Бандарэнка, кіраўнік фонду «Украінская палітыка»

Канстанцін Бандарэнка
Канстанцін Бандарэнка

Бандарэнка: Гэта цалкам прагназаваная падзея. Ужо пасьля таго, як была вызначаная пазыцыя эўрапейскіх дзяржаваў — Францыі і Нямеччыны, пасьля візыту кіраўніка МЗС Францыі Ледрыяна ў Маскву было зразумела, што Ўкраіна чакае толькі пазыцыі ЗША. Пасьля сустрэчы Зяленскага з Трампам і фактычнай згоды ЗША на «формулу Штайнмайера» Украіна ўжо не магла пайсьці супраць волі буйных дзяржаваў і пагадзілася на тое, каб выконваць «Менскія пагадненьні». Раней яны тармазіліся і «партыяй вайны» ва Ўкраіне і рэальнымі гаспадарамі Ўкраіны з-за акіяну.

Я мяркую, што гэтае рашэньне будзе легалізаванае падчас саміту «нармандзкай чацьвёркі» ў сярэдзіне кастрычніка. І тады Ўкраіне нічога не застанецца, акрамя як прымаць закон аб асаблівым статусе непадкантрольных тэрыторыяў і абвяшчаць на іх мясцовыя выбары.

— А чаму вы лічыце, што Вашынгтон даў дабро на гэта?

Бандарэнка: Таму што ў адзін дзень былі адпраўленыя ў адстаўку 4 ключавыя фігуры, якія адказвалі за Ўкраіну і якія раней ня раілі пагаджацца на «формулу Штайнмайера». Я маю на ўвазе прынамсі Джорджа Кента, «архітэктара Майдана», чалавека, які адказваў за Ўкраіну ў дзярждэпартамэнце ЗША, і Курта Волкера, адмысловы ўпаўнаважаны ЗША па пытаньнях урэгуляваньня на Данбасе. Пасьля гэтых адставак стала зразумела, што ЗША пераглядаюць сваю пазыцыю па Данбасу.

Ці ня лічыце вы, што цяперашняе рашэньне Зяленскага і яго рэалізацыя выклічуць новы Майдан?

Бандарэнка: Гэта можа выклікаць выступ радыкалаў. Але любы выступ радыкалаў патрабуе фінансавай падпіткі. Пакуль невідавочна, хто мог бы быць донарам такіх выступаў. Пасьля таго, як ЗША далі дабро на прыняцьцё «формулы Штайнмайера», любыя выступы радыкалаў асуджаныя на паразу. Да таго ж паглядзіце на сацыялёгію. 70% украінцаў выступаюць за ўрэгуляваньня канфлікту на Данбасе любой цаной.

Ну і давайце казаць шчыра — у 2015 годзе Ўкраіна прайграла вайну, і вынікам стала фактычная капітуляцыя ў лютым, згода Ўкраіны на «Менскія пагадненьні». Так, гэта капітуляцыя.

Якім бы гэты дакумэнт ні быў непапулярным ва Ўкраіне, у краіны няма ўнутраных рэсурсаў, каб супрацьпаставіць яму нешта іншае.

— Вы назвалі гэта капітуляцыяй. Ці можна сказаць, што Ўкраіна зараз пайшла на ўсе ўмовы?

Бандарэнка: Менавіта так і ёсьць. Сёньня кансалідаванаму Захаду вайна на Данбасе нявыгадная. ЭЗ бачыць у Расеі рынак збыту. Украіна там разглядаецца як перашкода разьвіцьцю адносінаў з Расеяй, тормаз для зьняцьця санкцыяў з Расеі.

Што да ЗША, то зьвярніце ўвагу на прамову Трампа на генэральнай асамблеі ААН. Гэтую рэвалюцыйную прамову не заўважылі з-за дзяўчынкі Грэты. А Трамп заявіў аб адмове ЗША ад палітыкі монапалярнасьці.

— Ваш прагноз — ці атрымаюць цяперашнія сэпаратысцкія рэгіёну «залатую акцыю» на некаторыя геапалітычныя рашэньні ўсёй Украіны? і Ці выйдуць у выніку рэалізацыі «формулы Штайнмайера» украінскія памежнікі на мяжу з Расеяй у Данбасе?

Бандарэнка: Мяркую, што ўкраінскія памежнікі ў рэшце рэшт выйдуць на мяжу з РФ у Данбасе. Але тэрыторыі, якія самаабвясьціліся як ДНР і ЛНР, увойдуць у склад Украіны з аўтаномным статусам. Некалі Ўкраіна можа гэты статус скасаваць, як нядаўна Індыя скасавала аўтаномны статус Кашміру. Гэта магчыма, але рэаліі такія, што пэўны час давядзецца мірыцца з фактам паразы. Войны сканчаюцца па-рознаму, бываюць перамогі, бываюць паразы.

Але ніводная перамога не бывае канчатковай, як і параза. У любой паразы і ў любой перамогі ёсьць свой тэрмін дзеяньня.

А што да «залатой акцыі», то гэта наўрад ці будзе. Гэтыя рэспублікі вяртаюцца ў краіну, у Канстытуцыі якой запісаны курс на ўступленьне ў НАТА і ЭЗ. Ніякага блякаваньня тут быць ня можа.

Украінскі палітоляг, дырэктар Інстытуту ўсясьветнай палітыкі Яўген Магда

Яўген Магда
Яўген Магда

Магда: Гэта адкрытая дарога да вялікай палітычнай памылкі і, верагодна, вялікага палітычнага крызісу. Звычайна трохбаковая група сустракалася ў Менску па серадах, а сёньня ў нас аўторак. Ранкам Офіс прэзыдэнта апублікаваў здымак прэзыдэнта Зяленскага з Томам Крузам, які прыехаў у Кіеў, а ўвечары такі непрыемны сюжэт. Пе-першае, Украіна прайграла інфармацыйную вайну ў гэтым пытаньні. Калі расейскія і прарасейскія тэлеграм-каналы і інфармагенцтвы ўжо паведамілі пра падпісаньне Ленідам Кучмам у Менску дакумэнту, які па-сутнасьці зьяўляецца формулай Штайнмаера, толькі пасьля гэтага Ўладзімер Зяленскі выйшаў на 15-хвілінны брыфінг у Кіеве.

Я лічу, што згода на правядзеньне выбараў без вываду войска, а менавіта гэта прадугледжвае «формула Штайнмаера», гэта вялікая палітычная памылка. Гэта працэс упіхваньня таго, што называецца ОРДЛО (Асобныя рэгіёны Данецкай і Луганскай абласьцей) у цела Ўкраіны на расейскіх умовах. Я не разумею, у чым украінскія ўмовы. Зяленскі кажа, што там не павінна быць ніякіх войскаў. Ніякіх азначае і ўкраінскіх? Падразьдзяленьні сэпаратыстаў называюцца «народная міліцыя». Пераапрануць іх у міліцэйскія падразьдзяленьні вельмі проста. Я разумею, што сёньня Ўкраіна знаходзіцца ў вельмі няпростай сытуацыі, таму што ёсьць ціск з боку Эманюэля Макрона, ускосны ціск з боку Пуціна і ёсьць адсутнасьць падтрымкі з боку ЗША праз палітычны скандал. Я не разумею, чаму Зяленскі так ірвецца на сустрэчу «нармандзкай чацьвёркі». Калі ён такім чынам хоча даказаць, што ён не Парашэнка, то гэта, як мінімум, памылкова. І гэта можа прывесьці да сур’ёзных палітычных наступстваў.

Я зьвярну ўвагу, што гэтыя высілкі па правядзеньні «нармандзкай сустрэчы» прыкметна актывізаваліся пасьля Маршу абаронцаў у Кіеве на дзень незалежнасьці ў Кіеве 24 жніўня. Тады каля 100 тысяч былых удзельнікаў баявых дзеяньняў на Данбасе і іх сем’і прайшлі па вуліцах украінскай сталіцы. Відавочна, што сыгнал гэтага маршу ў Маскве зразумелі хутчэй і лепш, чым у Кіеве.

— Ці магчымы новы Майдан?

Магда: Рэвалюцыю заўсёды робяць прадстаўнікі актыўнай большасьці. Тут хутчэй пытаньне ў тым, як гэтыя пагадненьні, калі яны будуць ня проста падпісаныя на паперы, але як будуць выконвацца. Бо калі мясцовыя жыхары Данбасу супраць сыходу ўкраінскіх войскаў, калі перад украінскімі войскамі стаіць пэрспэктыва сыходзіць з умацаваных за некалькі гадоў пазыцыяў у чыстае поле, ёсьць шмат розных калі. Насамрэч Расея робіць практычна бяспройгрышную стаўку. Расея ставіць Украіне, кажучы шахматнай мовай, вілку. Ёй выгадна ўваткнуць ОРДЛО ва Ўкраіну і справакаваць выбух унутры Ўкраіны. Хіба ўсе разумеюць, што ў выпадку новага Майдану ён ня будзе мірны. Наступствы могуць быць вельмі складанымі. Расея карыстаецца тым, што ў яе цяпер пэрыяд узаемаразуменьня з Захадам і пэрыяд павышанага разуменьня з камандаю Зяленскага.

— А можа галасы людзей на Данбасе ня так моцна зьменяць балянс? Ці гэта істотна для Ўкраіны?

Магда: Пытаньне ня ў тым, за каго яны прагаласуюць. Спачатку там будуць мясцовыя выбары, а не выбары ў парлямэнт. Пытаньне ў тым, што там легалізуюць людзей, якія з 2014 года танцавалі выключна пад рускую дудку. Там няма на дадзены момант украінскіх палітычных партый, там няма ўкраінскіх СМІ. Сёньня 30 год журналісту Аcееву, які тры гады ў турме толькі за тое, што ён выконваў сваю працу на акупаванай тэрыторыі Данбасу. Праблема не ў пэрсаналіях украінскіх палітыкаў. Праблема ў тым, што сытуацыя разьвіваецца не па ўкраінскім сцэнары. І абмен палоннымі прайшоў па расейскім сцэнары, так і далейшы працэс урэгуляваньня сытуацыі на Данбасе адбываецца па расейскім сцэнары. Я напрыклад так і не зрузумеў, а дзе формула Зяленскага? Як мы можам казаць пра мір на Данбасе, не прапаноўваючы ўласнага сцэнару разьвіцьця падзеяў. Гэта абсалютна ірацыянальны прагноз.

— Які ваш прагноз у рамках «пляну Штайнмаера»? Калі выбары пройдуць, украінскія памежнікі змогуць узяць пад кантроль мяжу?

Магда: Не, я ня думаю, што яны возьмуць мяжу пад кантроль. Расея сыстэмна не выконвае ніякія дамоўленасьці. «Менскія дамоўленасьці» прапісвалі спыненьне агню. Гэтага не адбываецца, там далей гінуць украінскі ваенныя. І таму заявы прадстаўніка АБСЭ Сайдзіка, што маўляў перамір’е працуе, бо ня гінуць мірныя жыхары, гэта вяршыня цынізму. Ня думаю, што Расея мае намер саступаць Украіне. Яна максымальна зацікаўленая ў тым, каб Украіна не рухалася.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG