Выдавецтва «Мастацкая літаратура» распачало сэрыю кніг «Напісанае застаецца» зборнікам аповесьцей Васіля Быкава. Кнігу «Знак бяды. Абэліск. Жураўліны крык» ужо можна купіць у «Белкнізе», піша «Звязда».
Што за кніга?
Зборнік аповесьцей выдалі накладам 1200 асобнікаў на замову і пры фінансавай падтрымцы Міністэрства інфармацыі.
Выданьне рыхтавалі да юбілею Быкава ў чэрвені, ды не пасьпелі. Гэта тлумачылі тым, што кнігу хацелі «выдаць нестандартна: зь вялікай колькасьцю ілюстрацый, зь цікавымі цытатамі, малавядомымі фактамі зь біяграфіі Васіля Быкава».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Да юбілею Быкава ва Ўкраіне выйшлі тры ягоныя кнігі, у Беларусі — аднаКаго яшчэ выдадуць?
У сэрыі зьбіраюцца штогод выдаваць па 4–6 кніг. Неўзабаве ў ёй мае выйсьці кніга прозы Якуба Коласа, затым у плянах тамы Івана Мележа, Уладзімера Караткевіча, Янкі Сіпакова, Міхася Стральцова, Вячаслава Адамчыка і іншых.
Чаму гэта важна?
Пры жыцьці Быкаў востра крытыкаваў дзейную беларускую ўладу, яна ставілася да яго адпаведна і практычна не друкавала ў дзяржаўных выдавецтвах. Нягледзячы на папулярнасьць пісьменьніка, у гонар яго дагэтуль не названыя вуліцы і яму не стаяць помнікі ў сталіцы і шмат у якіх гарадах Беларусі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Менскія ўлады адказалі, чаму дагэтуль няма вуліцы і помніка ў гонар Васіля Быкава