Белы дом афіцыйна абвясьціў, што ЗША выведуць свае войскі з рэгіёнаў на поўначы Сырыі, у асноўным населеных курдамі, і ня будуць браць удзелу ў антытэрарыстычнай апэрацыі Турэччыны супраць тамтэйшых баевікоў «ісламскай дзяржавы».
Пра гэта гаворыцца ў распаўсюджанай у ноч на 7 кастрычніка заяве адміністрацыі Дональда Трампа.
Прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп напярэдадні абмеркаваў па тэлефоне плянаваную Турэччынай апэрацыю з прэзыдэнтам Турэччыны Рэджэпам Эрдаганам. Прэзыдэнт Турэччыны раніцай 7 кастрычніка абвясьціў, што ЗША ўжо пачалі вывад сваіх войскаў з рэгіёну, дзе будзе праведзена апэрацыя.
У заяве Белага дому сказана, што амэрыканскія войскі выканалі сваю задачу — разграмілі тэрарыстычную групоўку «ісламская дзяржава» на поўначы Сырыі.
Трамп пазьней у Твітэры напісаў, што для ЗША «прыйшоў час выйсьці з гэтых бясконцых войнаў» у Сырыі, «многія зь якіх племянныя», а таксама «вярнуць нашых салдат дадому».
Курдзкія фармаваньні, якія ўваходзяць у кааліцыю «Сілы дэмакратычнай Сырыі» (СДС), 7 кастрычніка абвясьцілі ўсеагульную мабілізацыю і пачалі капаць супрацьтанкавыя равы і ўзводзіць абарончыя ўмацаваньні на выпадак ўварваньня турэцкіх войскаў. 6 кастрычніка ўвечары, пасьля абвяшчэньня Белага дому, у курдзкіх гарадах прайшлі шматтысячныя дэманстрацыі. Іх удзельнікі выступілі супраць уводу турэцкіх войскаў на поўнач Сырыі і правядзеньня там вайсковай апэрацыі.
Прадстаўнік СДС Мустафа Балі папярэдзіў, што курды «пачнуць паўсюдную вайну супраць турэцкай арміі, калі яна ўвойдзе ў падкантрольныя ім рэгіёны».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: ААН: У 2018 годзе ва ўзброеных канфліктах забілі або паранілі 12 тысяч дзяцей