Сьвятары ў Іраку пастаўляюць дзяўчат кліентам. У згодзе з шарыятам

Мячэт Аль-Казімія ў Багдадзе. Ілюстрацыйнае фота

Сьвятары ў Іраку патрануюць і самі арганізоўваюць заняткі прастытуцыяй пры дапамозе шыіцкай практыкі часовага «шлюбу для задавальненьня». Пра гэта паведамляе арабская служба BBC у эксклюзіўным матэрыяле.

Практыку шматразовых шлюбаў, якая дазваляе сэкс зь непаўналетнімі дзяўчатамі ў згодзе з шарыятам, журналісты BBC выявілі ў мячэці Аль-Казімія ў Багдадзе.

У размовах са сьвятарамі мячэці журналісты, якія дзейнічалі ананімна, высьветлілі, што духоўнікі гатовыя за плату (некалькі соцень даляраў) аформіць часава абмежаваны «шлюб для задавальненьня» – нават з 12-13-гадовымі дзяўчаткамі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У сутыкненьнях у Іраку загінулі 104 чалавекі, звыш 6 тысяч пацярпелі

Журналісты пагутарылі з жанатым мужчынам, які рэгулярна карыстаецца паслугамі сьвятароў для заключэньня часовых шлюбаў. «12-гадовыя вельмі цэняцца, яны яшчэ „свежыя“. Такая абыдзецца дорага — 500, 700, 800 даляраў. І гэта толькі тая сума, якая дастанецца сьвятару», — патлумачыў мужчына. І ён выказаў упэўненасьць, што дзейнічае ў адпаведнасьці з законамі сваёй рэлігіі.

Часовы шлюб, які абазначаецца арабскім словам мута, — шыіцкая практыка нядоўгай сувязі, за якую жанчыне плацяць грошы. Як вынікае з матэрыялу BBC, сёньня гэтая практыка ператварылася ў мэханізм, які легалізуе кароткачасовыя полавыя сувязі і зьяўляецца формай прастытуцыі ў згодзе з шарыятам.

У такім нетрывалым шлюбе жонка адмаўляецца ад правоў, якія ёй належаць у рамках звычайнага мусульманскага шлюбу — у асноўным права на жытло і права жонкі на ўтрыманьне яе і ейных дзяцей мужам. Замест гэтага муж ёй плаціць — рэгулярна, калі сувязь трывае даўжэй, і аднаразова, калі шлюб скасоўваецца празь некалькі гадзін ці дзён.