Украінскі экспэрт: для Лукашэнкі асаблівыя дачыненьні з Украінай — спэцыфічная процівага Расеі

На сустрэчы ў Жытоміры кіраўнікі Беларусі і Ўкраіны неаднойчы згадвалі Расею і некалькі разоў падкрэсьлівалі, што не зьбіраюцца «сябраваць супраць Пуціна».

Але экспэрты зьвяртаюць увагу на тое, што першая сустрэча Аляксандра Лукашэнкі і Ўладзіміра Зяленскага адбылася неўзабаве пасьля ўдзелу кіраўніка Беларусі ў пасяджэньні Найвышэйшай Эўразійскай эканамічнай рады.

Кіраўнік Цэнтру прыкладных палітычных дасьледаваньняў «Пэнта» (Кіеў) Уладзімір Фясенка адказаў на пытаньне Радыё Свабода, наколькі эфэктыўнаю была жытомірская сустрэча.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Зяленскі сказаў Лукашэнку, чаму беларусы бліжэйшыя да ўкраінцаў, чым да расейцаў

Міждзяржаўныя дачыненьні — на глебе асабістых

«Для Лукашэнкі, як і раней, калі прэзыдэнтам быў Парашэнка, так і цяпер, асаблівыя дачыненьні з Украінай зьяўляюцца такой спэцыфічнай процівагай Расеі. Асабліва цяпер, калі Расея спрабуе вывесьці Беларусь на арбіту большай інтэграцыі ў рамках Саюзнай дзяржавы.

Сустрэча не была спробай сябраваць супраць Пуціна. Гэта была спроба выкарыстаць патэнцыял двухбаковых адносін на карысьць сваіх краін. Мэта абодвух прэзыдэнтаў — фарміраваць дружалюбныя асабістыя адносіны, якія спрыялі б разьвіцьцю міждзяржаўных адносін», — мяркуе Ўладзімір Фясенка.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лукашэнка не саромеецца «быць нацэленым супраць Расеі і Кітая»

Паводле экспэрта, выказваньне Лукашэнкі аб тым, што цяпер Украіна і Беларусь могуць нарэшце пачаць разьбіраць завалы, якія ўтварыліся за апошнія гады, нельга разглядаць, як ягоную абразу папярэдняга кіраўніка Ўкраіны:

«Хутчэй, гэта была такая прыхаваная форма камплімэнту ў бок Зяленскага. Яму паведамілі, што новы ўкраінскі прэзыдэнт крытычна ставіцца да свайго папярэдніка. Наколькі я ведаю, паміж Парашэнкам і Лукашэнкам былі дастаткова сяброўскія стасункі. І гэта менавіта тое, што Лукашэнка хоча пабудаваць зь Зяленскім, а крытыка папярэдніка — гэта такая традыцыйная палітычная гульня».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лукашэнка прапанаваў Украіне супрацоўніцтва ў ракетабудаваньні

Уладзімір Фясенка таксама выключыў, што Аляксандар Лукашэнка мог перадаць пэўнае асабістае паведамленьне ад расейскага прэзыдэнта Ўладзіміра Пуціна:

«Цяпер, мне падаецца, паміж Пуціным і Лукашэнкам няма такога ўзроўню даверу. І другі важны момант: сам Зеленскі хоча асабістых наўпроставых кантактаў з Пуціным, ён ня хоча пасярэднікаў. Менавіта таму ён адмовіўся ад паслуг Віктара Мядзьведчука (кум расейскага прэзыдэнта — РС). Насамрэч, Зяленскі можа прыслухацца да парадаў Лукашэнкі, наколькі складана выбудоўваць адносіны з прэзыдэнтам Расеі. Мяркую, што такія парады — карысныя для Зяленскага, бо Лукашэнка мае вялікі досьвед дачыненьняў з Пуціным і Расеяй. І для ўкраінскага прэзыдэнта гэта будзе далёка не лішнім».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Як Лукашэнка і Зяленскі зладзілі шоў у Жытоміры. ВІДЭА

Нафтавы праект — складаны для ажыцьцяўленьня

Аляксандар Лукашэнка заявіў аб неабходнасьці рэалізацыі супольных праектаў для дывэрсыфікацыі паставак нафты. Пры гэтым ён падкрэсьліў, што такое супрацоўніцтва між Беларусьсю і Ўкраінай нельга разглядаць як дзеяньні супраць іншых краін.

Аднак на думку ўкраінскага экспэрта, дывэрсыфікацыя паставак энэргарэсурсаў — узаемны інтарэс краінаў:

«Беларусь занадта моцна залежыць ад паставак энэргарэсурсаў з Расеі, але ў Беларусі ёсьць магутныя нафтаперапрацоўчыя заводы, прадукцыю якіх выкарыстоўвае Ўкраіна, якая таксама мае пэўную, хаця і не крытычную залежнасьць ад расейскіх энэрганосьбітаў. І ўзаемны інтарэс абедзьвюх краін — мець іншыя крыніцы паставак нафты.

Такія магчымасьці абмяркоўваліся і з папярэднім прэзыдэнтам Парашэнкам. Іншая справа — іх складана рэалізаваць, бо ёсьць тэхналягічныя, эканамічныя і, верагодна, палітычныя праблемы. Праект няпросты і абодва бакі баяцца, што Расея можна перашкаджаць.

Для ажыцьцяўленьня такіх праектаў патрэбная вельмі сур’ёзная каардынацыя і дапамога з боку іншых краін, як на захадзе, гэтак і на поўначы. І без падтрымкі магутных кампаній будзе вельмі цяжка іх рэалізаваць», — мяркуе Ўладзімір Фясенка.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ці пасябравалі Лукашэнка і Зяленскі