У інтэрвію Свабодзе старшыня Кансэрватыўна-хрысьціянскай партыі БНФ Зянон Пазьняк сказаў, што пагроза акупацыі з боку Расеі застаецца для Беларусі актуальнай.
«Расея, калі будзе неабходнасьць, у любы час можа зрабіць бліцкрыг. Так, як з Украінай. Цяпер гэтай сытуацыі няма. Вось менавіта сёньня няма», — адзначыў палітык.
Ён лічыць, што цяпер захоп Беларусі быў бы нявыгадны для Расеі.
«Але гэта ня значыць, што яны гэтага ня могуць зрабіць. Таму што гэтая краіна ў пляне палітычнай мэнтальнасьці засталася ў Сярэднявеччы. Калі паляпшэньне жыцьця рабілася за кошт захопу чужых тэрыторый. Расея да гэтага часу жыве гэтымі ідэямі. Расейскі генэралітэт пастаянна распрацоўвае варыянты, як захапіць Эстонію, як будзе захоплена Прыбалтыка», — кажа Пазьняк.
Лідэр КХП-БНФ, як і 20 гадоў таму, перакананы: самая правільная палітыка ў дачыненьні да Расеі — гэта моцны збройны супраціў.
«У Беларусі засталіся склады са зброяй яшчэ з Савецкага Саюзу. Канечне, амуніцыя ўжо небясьпечная, яна ня можа доўгі час быць у добрым стане. Але зброя ёсьць, ёсьць склады, ёсьць войска. Калі пачнецца пераварот, самі вайскоўцы раскрыюць склады, як тое было, скажам, у Альбаніі».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пазьняк заявіў, што Дашкевіч «справакаваў крыжалом» у Курапатах. Той не пагадзіўсяХто такі Зянон Пазьняк
Зянон Пазьняк нарадзіўся 24 красавіка 1944 году ў мястэчку Суботнікі Івейскага раёну Горадзенскай вобласьці. У 1967-м скончыў Беларускі дзяржаўны тэатральна-мастацкі інстытут, а яшчэ празь пяць гадоў — асьпірантуру пры Інстытуце этнаграфіі, мастацтвазнаўства і фальклёру Акадэміі навук Беларусі. У 1981-м абараніў у Ленінградзе дысэртацыю па гісторыі беларускага тэатру. Працаваў у аддзеле археалёгіі Інстытуту гісторыі Акадэміі навук, адстойваў ад разбурэньня гістарычныя кварталы Менску.
У 1988 годзе адкрыў для беларускай і ўсясьветнай грамадзкасьці масавыя пахаваньні ахвяраў сталінізму ў Курапатах. Адзін з заснавальнікаў «Мартыралёгу Беларусі» і Беларускага Народнага Фронту «Адраджэньне».
У 1996-м празь перасьлед уладаў пакінуў Беларусь, цяпер жыве ў Нью-Ёрку. Ад таго часу ў Беларусі ня быў.