У 1980 годзе магілёўскі завод «Зэніт» абавязалі наладзіць вытворчасьць касэтных магнітафонаў. У той час прадпрыемства выпускала тэхніку вайсковага прызначэньня. Выраб жа касэтнікаў успрымаўся як другасны дадатак да «абаронкі».
За дзесяць гадоў завод зрабіў 100 тысяч магнітафонаў. Праект згарнулі, калі гандляры-«чаўнакі» масава пачалі завозіць замежныя касэтнікі.
Былы інжынэр заводу Анатоль Нікіцюк — адзін з тых, хто наладжваў сэрыйны выраб магнітафонаў. Ён апавядае Свабодзе, як тое адбывалася і ці мела шанец беларуская прадукцыя перамагчы канкурэнтаў.
Сьцісла пра Анатоля Нікіцюка
- Зь сям’і рэпрэсаваных украінцаў, нарадзіўся ў Сыбіры.
- Скончыў Ленінградзкі інстытут кінаінжынэраў (1975). Да 1980 году працаваў у Літве на вытворчым аб’яднаньні «Вільма».
- З 1980 па 1990 год на заводзе «Зэніт» займаўся інжынэрна-тэхнічным забесьпячэньнем вытворчасьці магнітафонаў.
- Па звальненьні ў 1990 годзе заснаваў у Магілёве прыватную фірму гуказапісу «Авэста».
- На пэнсіі. Жыве ў Менску. Джазмэн. З сынам стварыў музычны ансамбль. Робіць комбаўзмацняльнікі для вулічных канцэртаў.
Першыя касэтнікі ў Беларусі сабралі ў 1981 годзе
Анатоль Нікіцюк кажа, што зьбіраць касэтныя магнітафоны ў Магілёве вырашыла кіраўніцтва Ленінградзкага вытворчага аб’яднаньня «Вектор» у 1980 годзе. Магілёўскі завод «Зэніт» тады быў у складзе гэтага аб’яднаньня.
«Вектор» і «Зэніт» былі прадпрыемствамі вайскова-прамысловага комплексу, але іх абавязвалі вырабляць і тавары народнага спажываньня. Магнітафоны ж былі ў дэфіцыце. Таму і вырашылі заняцца іх выпускам.
Па словах Анатоля Нікіцюка, першую партыю магнітафонаў «Беларусь-301» вырабілі ў 1981 годзе. Гэтая мадэль была супольным праектам трох прадпрыемстваў «савецкай абаронкі». Начынку ўзялі з магнітафона «Электроника», які рабілі на падмаскоўным заводзе «Элион». Корпус распрацавалі ў аб’яднаньні «Вектор». Назву прыдумалі ў Ленінградзе.
«Беларускі касэтнік вонкава быў падобны да японскага...»
Анатоль Нікіцюк кажа, што ў 1984-м завод «Зэніт» распрацаваў уласную мадэль касэтніка, які ў продаж паступіў пад назвай «Беларусь-302». Па яго словах, тэхнічная начынка магнітафона адпавядала «добраму ўсясьветнаму ўзроўню».
Вонкава ён быў падобны да магнітафонаў японскіх фірмаў. Іх узялі за аснову, бо яны мелі «прыгожыя дызайнэрскія формы, напоўненыя высакаякаснай электроннай начынкай».
«Я меў доступ да англамоўнай літаратуры, у якой апісваліся распрацоўкі замежнай апаратуры. Вычытанае спрабаваў прымяніць у магнітафоне „Беларусь“», — згадвае суразмоўца.
Чаму ў Ленінградзе былі незадаволеныя беларускім касэтнікам?
Па словах Нікіцюка, ленінградзкае кіраўніцтва было незадаволенае, што беларусы распрацавалі сваю мадэль магнітафона, аднак сэрыйную вытворчасьць наладзіць дазволілі. Іх дзівіла, што ў Магілёве зьявіліся адмыслоўцы, здольныя скласьці канкурэнцыю калегам з галаўнога прадпрыемства.
«Ім не хацелася губляць кавалак хлеба, але яны не маглі аспрэчыць, што наша распрацоўка перавышала парамэтрамі першы касэтнік і фактычна была новым пакаленьнем магнітафонаў», — тлумачыць ён.
Сам Анатоль Нікіцюк трапіў на завод «Зэніт» праз сыстэму Міністэрства прамысловасьці сродкаў сувязі СССР у 1980 годзе. У Магілёве тады не было сваіх адмыслоўцаў магнітнага запісу, і арганізаваць вытворчасьць даручылі яму.
Да пераезду ў Магілёў ён узначальваў тэхналягічнае бюро бытавой апаратуры магнітафоннага запісу ў літоўскім аб’яднаньні «Вільма», сядзіба якога месьцілася ў Вільні. Анатоль Нікіцюк кажа, што прапанова яго зацікавіла, бо ў Літве ён ня бачыў для сябе пэрспэктываў.
Ці быў беларускі касэтнік надзейны?
Паводле Нікіцюка, надзейнасьць беларускага касэтніка вызначалася якасьцю дэталяў, зь якіх рабілі яго электронную начынку і якія пастаўляліся з розных прадпрыемстваў Савецкага Саюзу.
«Яны „падсякалі“ надзейнасьць ня толькі нашага магнітафона, але і іншай падобнай тэхнікі. Тыя ж прадпрыемствы, якія мелі доступ да якасных камплектуючых, перадусім імпартных, з такімі праблемамі не сутыкаліся», — кажа ён.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Рэчы з гісторыяй. Гарадзенец сабраў унікальную калекцыю стогадовых артэфактаў сваёй сям'іЧаму спынілі вытворчасьць беларускіх магнітафонаў?
Анатоль Нікіцюк кажа, што беларускі касэтнік рабіўся на савецкім абсталяваньні, якое саступала заходняму. Для высокатэхналягічных магнітафонаў капіявалі замежныя распрацоўкі.
Ён лічыць, што для разьвіцьця вытворчасьці магнітафонаў патрэбна было значна больш рэсурсаў, чым выдзялялася. Сам жа завод успрымаў касэтнікі як другасную прадукцыю. Прыярытэтнай заставалася «абаронка». Акрамя таго, прадпрыемства ня мела доступу да «прарыўных тэхналёгій», што і прадвызначыла лёс праекту.
«Калі савецкі рынак запаланілі танныя замежныя магнітафоны, асабліва з Кітаю, то канкураваць зь імі стала немагчыма. Праект стаў эканамічна немэтазгодны», — адзначае ён.
Суразмоўца дадае, што на мяжы 1980–1990-х гадоў распрацоўнікі беларускага магнітафона не маглі прадбачыць зьяўленьня лічбавых тэхналёгій і іхнага імклівага разьвіцьця.
Колькі вырабілі беларускіх касэтнікаў і якая была іх цана?
Паводле зьвестак Анатоля Нікіцюка, да 1990 году было выраблена блізу 100 тысяч магнітафонаў. Толькі невялікі іх працэнт застаўся ў Беларусі. Большая частка разышлася па Савецкім Саюзе.
Ён кажа, што цана магнітафона вагалася ў межах 145 савецкіх рублёў. Гэта быў сярэдні заробак работнікаў «Зэніта» ў 1980-х гадах (па ўсёй БССР таго часу сярэдні заробак не дацягваў да 120 рублёў. — РС).
Магнітафон «Беларусь» дагэтуль прадаецца на інтэрнэт-аўкцыёнах. Яго кошт вагаецца ад 2 да 20 даляраў. Захоўваюць беларускія магнітафоны і аматары слухаць музыку з касэт. Касэтнікамі аздабляюць інтэр’еры, іх выкарыстоўваюць у рэкляме.
Якое месца ў гісторыі заводу «Зэніт» адведзена беларускаму касэтніку?
Цяпер завод «Зэніт» — адкрытае акцыянэрнае таварыства. Прадпрыемства вырабляе радыёэлектронную апаратуру, а таксама ліфтавае абсталяваньне.
На сайце беларускаму касэтніку прысьвечаны адзін сказ. Гаворыцца, што завод у 1992 упершыню стаў выпускаць «...мадэрнізаваныя магнітафоны «Беларусь-310С» і магнітолы «Беларусь РМ-220С».
На запыт Свабоды кіраўніцтва заводу адпісала, што не зацікаўленае ў публікацыі матэрыялу пра гісторыю магнітафона «Беларусь», бо ён зьняты з вытворчасьці.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Гэта была наша „ўнутраная эміграцыя“». Як за 40 год сабраць калекцыю з 3000 вінілавых кружэлак