Прэзыдэнт Літвы Гітанас Наўседа сказаў, што Літва гатова даць Беларусі магчымасьці імпартаваць нафту праз Літву, у якасьці альтэрнатывы пастаўкам з Расеі, паведамляе літоўскі партал delfi.lt
Падчас інтэрвію амэрыканскаму тэлеканалу CNN, кіраўнік літоўскай дзяржавы паведаміў, што Літва павінна дапамагчы залежнай ад Расеі Беларусі «захаваць хоць крыху незалежнасьці».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Латвія не пагаджаецца ўводзіць эмбарга на беларускую электраэнэргію«Напрыклад, можна было б стварыць альтэрнатыўны канал імпартаваньня нафты праз (літоўскі – РС) порт, паколькі на сёньняшні момант яны (Беларусь – РС) цалкам залежаць ад расейскага газаправоду. Яны шукаюць альтэрнатыву. І тут ёсьць Літва». – заявіў Гітанас Наўседа.
Адказваючы на пытаньне, як на гэта адрэагуе прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін, Гітанас Наўседа заявіў:
«Не думаю, што ён будзе задаволены, калі гэта пачуе».
І пасьля дадаў, што: «Але думаю, што дапамагчы ім гэта наша адказнасьць».
Прэм’ер-міністар Літвы Саўлюс Сквярняліс пасьля сустрэчы з прэм’ер-міністрам Польшчы Матэўшам Маравецкім у жніўні, заявіў, што Літва і Польшча думаюць над праектам, які б мог дапамагчы зьнізіць энэргетычную залежнасьць Беларусі ад Расеі. Ён таксама сказаў, што думае над магчымай дывэрсыфікацыяй энэргетычных крыніц Беларусі з выкарыстаньнем інфраструктуры Літвы.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Адстаўны амэрыканскі генэрал: Астравецкая АЭС — траянскі конь РасеіАляксандар Лукашэнка раней заяўляў, што Беларусь магла б імпартаваць нафту праз Польшчу і краіны Балтыі, калі з Расеяй не атрымаецца дамовіцца наконт падаткаў.
Апэратар тэрмінала па перапрацоўцы нафты і звадкаванага прыроднага газу «Клайпедзкая нафта», што належыць Літве, таксама заяўляў што прадпрыемства можа супрацоўнічаць з Беларусьсю, калі беларускія ўлады вырашаць імпартаваць нафту праз літоўскі порт. Паводле апэратара, на працягу дзесяці гадоў яны ўжо дапамагалі беларускім перапрацоўчым прадпрыемствам ня толькі з экспартам нафтапрадуктаў, але і з імпартам сырой нафты