У Калінкавіцкім раёне працягваецца інтэнсіўная адпрацоўка ўсіх вэрсій па крымінальнай справе пра забойства 42-гадовай жыхаркі гарадзкога пасёлка Азарычы, жонкі праваслаўнага сьвятара, паведамляе Сьледчы камітэт.
Сёньня па падазрэньні ў забойстве жанчыны затрыманы 23-гадовы жыхар адной з вёсак Калінкавіцкага раёна. У цяперашні час сьледчыя правяраюць яго магчымае дачыненьне да ўчыненьня злачынства.
Па неафіцыйнай інфармацыі, сьвятара, якога Сьледчы камітэт затрымаў па падазрэньні ў забойстве сваёй жонкі, 3 кастрычніка адпусьцілі з ізалятара часовага ўтрыманьня. 2 кастрычніка ён быў затрыманы ў стане алькагольнага ап’яненьня.
47-гадовы сьвятар з Азарычаў быў затрыманы 2 кастрычніка па падазрэньні ў забойстве жонкі. Паводле інфармацыі Сьледчага камітэту, забойства ў Азарычах адбылося ў ноч з 1 на 2 кастрычніка.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Добры быў бацюшка». Жыхары вёскі Азарычы ў шоку ад забойства жонкі сьвятара. ФОТААдзін з суразмоўцаў Свабоды, жыхар Азарычаў пацьвердзіў, што сьвятара адпусьцілі, а затрымалі маладога чалавека, які дапамагаў бацюшку будаваць царкву ў Азарычах. 23-гадовы затрыманы жыве ў суседняй вёсцы. Дарэчы, пасьля забойства мікрааўтобус сьвятара быў знойдзены пашкоджаным у вёсцы за 20 кілямэтраў ад Азарычаў, адкуль родам памагаты бацюшкі.
Вечарам перад забойствам Тацьцяна вярнулася з Менску, дзе ўдзельнічала ў сэмінары адной касмэтычнай кампаніі. Яна выклала ў сацыяльныя сеткі ў адкрытым доступе шэраг фота і відэа, дзе трымала ў руках сэртыфікат на 1500 даляраў.
«Магчыма, забойца спакусіўся на грошы. Таму што многія вяскоўцы бачылі ў «Аднаклясніках» гэтыя фота з сэмінару ў Менску», - зазначыў адзін з жыхароў Азарычаў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Праваслаўная царква маўчыць пра бацюшку, якога падазраюць у забойстве жонкі