Кампанія назіраньня «Права выбару» заявіла, што фармаваньне ўчастковых выбарчых камісій прайшло «не дэмакратычна і не адкрыта».
«Яны сфармаваныя паводле загадзя падрыхтаванага сцэнару ўладаў, а гэта дае вялікую імавернасьць, што падлік галасоў і яго вынікі будуць загадзя падрыхтаванымі. Нічога новага, на жаль, мы ў гэтай кампаніі не пабачым. Асноўная наша задача — зафіксаваць усе гэтыя парушэньні і данесьці як да мага большай колькасьці грамадзянаў тое, як фальсыфікуюць выбары ў Беларусі і мясцовыя выканкамы, і выбаркамы», — сказала сябра сакратарыяту «Права выбару», сустаршыня БХД Вольга Кавалькова.
Вылучалі 401 кандыдата ў сябры камісій
Усяго па краіне ў склад участковых выбарчых камісій ад дэмакратычных арганізацый вылучалі 401 чалавека ў 17 акругах. То бок сваіх прыхільнікаў дэмакратычныя сілы вылучылі больш як у 60% камісій. Аднак уключылі толькі траіх — у Берасьці аднаго (прапаноўвалі 41) сябра Партыі БНФ і ў Воршы двух сяброў АГП (прапаноўвалі 19).
«Гэта меней за 1 адсотак уключаных ад вылучаных. У фантомных праўладных арганізацый будзе 99,9%», — сказаў нацыянальны каардынатар «Права выбару», намесьнік старшыні БСДП «Грамада» Аляксей Сігаеў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Справа Канапацкай. Нечаканы эфэкт прызначанага дэпутата
У Менску ня трапіў ніводзін
У Менску ў выбаркамы не ўключылі ніводнага кандыдата ад дэмакратычных сілаў з прапанаваных 124 па пяці акругах.
«Яны прайшлі навучаньне, некаторыя былі дагэтуль сябрамі Цэнтравыбаркаму з правам дарадчага голасу, адзін з кандыдатаў быў дэпутатам гарсавету і ўзначальваў камісію заканадаўства. Уражаньне, што ўжо былі загадзя складзеныя сьпісы тых, хто павінен быць у камісіях», — сказаў нацыянальны каардынатар «Права выбару», намесьнік старшыні Партыі БНФ Зьміцер Салошкін.
Чацьвёра «сумленных» з 426
Вольга Кавалькова расказала, што прысутнічала на паседжаньні адміністрацыі Фрунзенскага раёну Менску, дзе разглядалася пытаньне аб фармаваньні ўчастковых выбаркамаў па 103-й акрузе. Яна зачытала журналістам характарыстыкі на тых сяброў, якія былі ўключаныя ад праўладных арганізацый — «маральна ўстойлівая», «з разуменьнем ставіцца да чужых праблемаў», «ураўнаважаны, заўсёды можа разабрацца ў сутнасьці пытаньня і вылучыць галоўнае», «з годнасьцю выконвае даручэньні», «мае разьвітае пачуцьцё абавязку», «умее самастойна арганізаваць сваю працу», «палітычна пісьменная і прынцыповая», «добры семʼянін», «карыстаецца вялікай павагай у сяброў выбаркаму». Паводле Вольгі Кавальковай, з 426 характарыстык, якія былі агучаныя на сяброў камісій, толькі ў чатырох было пазначана, што ён сумленны чалавек.
Будуць позвы ў суд
Прадстаўнікі «Права выбару» заявілі, што будуць абскарджваць у судах вынікі фармаваньня ўчастковых выбаркамаў. Чакаецца, што гэта будзе 21 позва ад арганізацый, якія вылучылі сяброў у камісіі, і 21 заява ад тых, хто вылучаўся праз збор подпісаў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Канец палаты № 6. Дэпутаты расказваюць, як адрэагавалі на «скрадзены» год працы