Вярхоўная прадстаўніца Эўрапейскага зьвязу ў замежных справах і палітыцы бясьпекі (гэтую пасаду звычайна называюць міністар замежных спраў ЭЗ) Фэдэрыка Магерыні адмяніла свой візыт у Менск. Плянавалася, што яна будзе ўдзельнічаць у сустрэчы міністраў замежных спраў краін, якія ўваходзяць у праграму Эўразьвязу «Ўсходняе партнэрства».
Для шараговых беларусаў скасаваньне візыту нясе пэўную пагрозу. Справа ў тым, што кіраўнік Беларусі Аляксандар Лукашэнка прыняў «няпростае рашэньне» падпісаць пагадненьні аб спрашчэньні візавага рэжыму і рэадмісіі. З боку Брусэля такія дакумэнты падпісвае якраз міністар замежных спраў ЭЗ, то бок спадарыня Магерыні.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: МЗС: Лукашэнка падпіша пагадненьне аб спрашчэньні візавага рэжыму з ЭўразьвязамПраўда, нават каб яна і прыехала ў Менск, да падпісаньня дамоваў справа ўсё роўна не дайшла б. Перад тым, як паставіць свой подпіс, Магерыні павінна дачакацца станоўчага рашэньня Эўрапарлямэнту і Эўрарады, а потым Рада Эўразьвязу мусіць прыняць рашэньне кваліфікаванай большасьцю галасоў.
Таму, на першы погляд, нічога страшнага пакуль не адбылося. Тым больш што міністарка 1 лістапада 2019 году пакідае сваю пасаду. На яе месца ўжо прызначаны іншы дыплямат.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: 5 пытаньняў і адказаў пра спрашчэньне візавага рэжыму з ЭўразьвязамАле такія істотныя пагадненьні, безумоўна, трэба лабіяваць. Так робіцца паўсюдна. І, натуральна, беларускае кіраўніцтва думала скарыстацца візытам вярхоўнай прадстаўніцы, каб празь яе паскорыць працэс падпісаньня.
Цяпер шэнгенская віза для беларусаў каштуе 60 эўра. Пераход на спрошчаны рэжым зьнізіў бы яе кошт да 35 эўра. Але, калі бакі не пасьпеюць падпісаць пагадненьне, беларусам за візу давядзецца плаціць ужо 80 эўра — гэта меркаваная стандартная цана для ўсіх краін, якія не маюць дамоваў аб спрашчэньні візавага рэжыму з Эўразьвязам.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Праект «шэнгену за 35 эўра» перадалі на разгляд органаў Рады Эўразьвязу
Плюсы спрошчанага рэжыму для беларусаў
- Меншы кошт візы
- Прыняцьце рашэньня аб выдачы візы цягам ня больш як 10 дзён
- Візы ў консульскіх установах або візавых цэнтрах краін Эўразьвязу
- Бясплатныя візы:
- для дзяцей да 12 гадоў;
- для школьнікаў, студэнтаў і настаўнікаў у адукацыйных мэтах;
- для дасьледчыкаў у навуковых мэтах;
- для прадстаўнікоў некамэрцыйных арганізацый ва ўзросьце да 25 гадоў на ўдзел у імпрэзах НКА.