«Добры быў бацюшка». Жыхары вёскі Азарычы ў шоку ад забойства жонкі сьвятара. ФОТА

Дом дзе жыла сямʼя сьвятара

2 кастрычніка жыхароў вёскі Азарычы шакавала навіна: мясцовы праваслаўны сьвятар а. Георгі забіў сваю жонку. Сьледчы камітэт паведаміў, што 47-гадовы мужчына затрыманы праз падазрэньне ў злачынстве ў стане алькагольнага ап’яненьня. Цяпер ён у ізалятары.

«Ніколі б не падумала. Забойства? Толькі не пра іх! Не сварыліся, ня біліся, ніколі ня бачыла, каб ён быў п’яны!» — расказвае суседка сьвятара.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Знаходзіўся ў стане алькагольнага апʼяненьня». Сьвятара з-пад Калінкавічаў западозрылі ў забойстве жонкі

Сьледчыя працавалі на месцы злачынства ўвесь дзень

Ад як мінімум дзесяці вяскоўцаў мы пачулі вэрсію, што ва ўсім вінаватая «сэкта», куды ўступіла, каб пахудзець, 42-гадовая жонка сьвятара Тацяна.

«Яна называецца „Жаночы рай“. Там яны худзелі. Тацяна значна схуднела за апошнія шэсьць месяцаў. А раней яна мела лішнюю вагу, ну такая была вельмі пухлая», — кажа сусед Жэня.

Паводле суседа, сьвятар таксама ўдзельнічаў у праграме пахудзеньня і разам з жонкай езьдзіў на сэмінары. А ўчора яны вярнуліся ўвечары зь Менску, з сэмінару «Жаночага раю».

«Але ні крыкаў, ні сваркі я ня чуў. Ніякіх гукаў. Толькі мой сабака, лайка Бакс, страшна выў ноччу, я выходзіў яго супакоіць, ён і раніцай выў. Кажуць, што сабакі нешта адчуваюць», — выказаўся Жэня.

Азарычы

Паводле яго, учора Тацяна з мужам удзельнічала ў «сходцы» ў Менску, была ў рэстаране і выкладвала фота і відэа пра тое, як там было весела. Сапраўды, такія фота і відэа ёсьць на яе старонках у сацыяльных сетках.

Там сябе Тацяна прадстаўляла як «дыетоляга, трэнэра па харчаваньні», які вучыць людзей быць здаровымі і прыгожымі.

Царква, у якой служыў сьвятар

Двое вяскоўцаў выказалі думку, што сьвятар меў рэўнасьць да жонкі — яна часта бывала на «сходках», папрыгажэла, шмат часу бавіла ў інтэрнэце.

Суседка Сьвятлана, якая добра ведала сям’ю, рашуча абвяргае вэрсію і пра п’янства сьвятара, і пра рэўнасьць.

«Такога не было, каб ён раўнаваў. Мы зь ёй нядаўна гутарылі, і яна казала, што муж яе не раўнуе. Дый яны былі заўсёды разам, заўсёды: на агарод хадзілі, рамонт хаты рабілі», — кажа Сьвятлана.

У 19.30 у двары дома сьвятара яшчэ праходзяць сьледчыя дзеяньні. Прадстаўнікі Сьледчага камітэту адмаўляюцца даваць камэнтары. У сям’і сьвятара двое дзяцей, яны ўжо дарослыя. Па адной з вэрсій, сьвятар ноччу 2 кастрычніка забіў жонку, патэлефанаваў дзецям, якія жывуць у Менску і Астраўцы, і паведаміў пра гэта. Сын цяпер на месцы забойства, каля дома бацькоў.

Новая царква, якая будуецца ў Азарычах

Суседзі ўсе як адзін хваляць сьвятара і ягоную жонку.

«Я нічога благога пра яго не скажу. Добры быў бацюшка. І пропаведзі добрыя былі. І службы ён вёў так, як паложана», — кажа адна з пэнсіянэрак.

«Добразычлівыя, ветлівыя... Ён будаваў новую царкву, бо старая была ў будынку крамы. Нічога благога ня можам сказаць пра іх. Мы проста ў шоку. Каб такое здарылася...» — кажуць вяскоўцы.


Аўтамабіль сьвятара знайшлі пашкоджаным за 20 кілямэтраў ад вёскі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Мой напарнік забраў дзяўчыну і пасадзіў яе ў трактар». Падрабязнасьці выкраданьня дзяўчыны