Кіроўцу абвінавачваюць у парушэньні правілаў дарожнага руху, якое стала прычынай сьмерці дзьвюх і больш асобаў. Артыкул КК прадугледжвае пакараньне ў выглядзе пазбаўленьня волі ад 4 да 10 гадоў.
Здарэньне, у выніку якога загінулі пяць чалавек, у тым ліку трое непаўналетніх, адбылося ў Белаазёрску 7 ліпеня. Усяго ў аўтамабілі «Мэрсэдэс GL» знаходзілася 10 асобаў.
Паводле папярэдняй вэрсіі, кіроўца аўтамабіля ня справіўся з кіраваньнем і перакуліўся ў мэліярацыйны канал. У машыне было пяць мужчын, дзьве жанчыны і трое дзяцей. Мужчына, жанчына, 4-гадовая дзяўчынка і 9-гадовы хлопчык загінулі на месцы. Цела 9-гадовай дзяўчынкі знайшлі пазьней.
Пяцёра дарослых, у тым ліку кіроўца, выбраліся з каналу. Паводле МУС, кіроўца 1988 году нараджэньня быў п'яны. У 2009 годзе яго пазбаўлялі правоў за кіраваньне ў нецьвярозым стане.
Да аварыі ў Беларусі была вялікая ўвага. На пахаваньне ахяраў выйшлі тысячы людзей — трагедыя моцна закранула амаль кожнага жыхара 12-тысячнага гораду.
Справу разглядае Бярозаўскі раённы суд. Свабода будзе весьці рэпартаж з залі паседжаньняў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Яны тут увесь дзень насіліся на гэтай машыне». Рэпартаж зь Белаазёрску, дзе ў аўтааварыі загінулі пяць чалавек ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Сотні людзей прыйшлі разьвітацца зь дзецьмі, якія загінулі каля Белаазёрску. ФОТА