Чыноўнікі ад адукацыі адрапартавалі, што зь сярэдзіны верасьня ўсіх школьнікаў — і льготнікаў са шматдзетных сем’яў, і платнікаў — кормяць аднолькава. Дзеля гэтага зь бюджэту выдзелілі дадатковыя сродкі. Аднак у некаторых школах харчаваньне па-ранейшаму рознае: у платнікаў, да прыкладу, курыная адбіўная з грэчкай, у льготнікаў — хлебная катлета з макаронай.
2 верасьня Аляксандар Лукашэнка, адкрываючы новую сталічную школу, загадаў, каб усе школьнікі былі «ў роўных умовах» — атрымлівалі аднолькавыя сьняданкі і абеды.
«Не рабіце сабе сораму. Гэта дурасьць, пра якую я чую ў першы раз. Абавязкова ў роўных умовах!» — падкрэсьліў Аляксандар Лукашэнка.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Адным — курыная адбіўная, другім — «хлебная» катлета. У менскай гімназіі школьнікаў кормяць усё яшчэ па-рознамуХарчаваньне прыкладна паловы дзяцей у школах аплачваюць бацькі. Сёлета за адзін дзень харчаваньня дзіцяці ў школе бацькам давядзецца плаціць ад 2,5 да 3 рублёў.
Але некаторыя катэгорыі вучняў, да прыкладу, школьнікі пачатковых клясаў, са шматдзетных сем’яў, харчуюцца бясплатна — у сталіцы гэта 56% школьнікаў. Раней сьняданкі і абеды льготнікаў і платнікаў істотна розьніліся. Платнікаў кармілі больш разнастайна, часьцей давалі натуральнае мяса, а ня хлебныя катлеты, салаты з гародніны.
Аднак пасьля загаду Лукашэнкі з 5 верасьня мэню для ўсіх школьнікаў павінна было стаць аднолькавым. На гэта гарадзкія ўлады Менску выдзелілі дадатковую суму зь бюджэту на харчаваньне льготнай катэгорыі дзяцей — амаль 500 тысяч рублёў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пасьля разносу Лукашэнкі для ўсіх школьнікаў зрабілі аднолькавае харчаваньне
На сьняданак порцыі давялося крыху зьменшыць
У сярэднім на аднаго школьніка штодня ўлады будуць даплачваць па 30–37 капеек.
Такім чынам, абед для вучняў 6–10 гадоў павінен каштаваць ня больш за 2,11 рубля, 11–13 гадоў — 2,33 рубля, 14–17 гадоў — 2,44 рубля.
Калі школьнік атрымлівае і сьняданак, і абед, то сумы такія: для малодшых школьнікаў трэба ўкласьціся ў 3,15 рубля, для сярэдніх школьнікаў — у 3,53 рубля і для падлеткаў — у 3,71 рубля.
Кухар адной са сталічных гімназій прызналася, што, нягледзячы на невялікія датацыі, давялося крыху зьменшыць порцыі на сьняданак.
«Для самых малых дзетак на сьняданак і абед трэба ўкласьціся ў 3 рублі 15 капеек, абед каштуе 2 рублі 11 капеек. На сьняданак застаецца 1 рубель 4 капейкі. Для сярэдніх школьнікаў на сьняданак трэба ўкласьціся ў 1 рубель 19 капеек, для старэйшых — у 1 рубель 44 капейкі. Вось і вымушаныя былі зьменшыць крыху порцыі, каб укласьціся ў сьціплую суму», — прызнаецца кухар.
Ільготнікам двойчы сечаныя катлеткі, платнікам — натуральнае мяса. Гарнір аднолькавы — грэчка
У адной беларускамоўнай сталічнай гімназіі ўсіх дзяцей кормяць аднолькава, запэўніў шматдзетны бацька, у якога там вучацца трое дзетак. 1 кастрычніка на сьняданак была запяканка, абед можна было выбіраць з двух варыянтаў: ці малочны аўсяны суп і катлета з макаронай і памідорам, ці абед бяз супу: катлета з макаронай і памідорам і сок. Катлеты таксама можна было выбіраць: альбо сьвіную, альбо курыную.
А вось у другой менскай гімназіі, пра якую Свабода распавядала 3 верасьня, харчаваньне льготнікаў і платнікаў зноў розьнілася.
Як расказала 16-гадовая Даша са шматдзетнай сям’і, ільготнікаў па-ранейшаму кормяць асобна — у невялікім пакоі, які раней быў прызначаны для адпачынку пэрсаналу. Платнікі ж харчуюцца ў школьнай сталоўцы.
Ільготнікам 1 кастрычніка ў 11.15 на сьняданак давалі сьвіную катлету з макаронай і гарбату. Платнікі ў гэты час не ядуць.
У 13.15 кожнаму дасталася грэцкая каша і кавалак памідора. Да гэтага льготнікам падалі малочны суп, катлету, гарбату.
А платнікам — курыную адбіўную, салату з капусты і морквы, сок, — кажа Даша са шматдзетнай сям’і.
«Усё адно нас кормяць па-рознаму. У нас, напрыклад, амлет, а ў платнікаў — каша з катлетай. Сёньня ў нас двойчы былі катлеты (праўда, розныя: раніцай сьвіная, удзень — курыная). А платнікам давалі курыную адбіўную, запечаную пад сырам і памідорам. Часьцей за ўсё нас кормяць хлебнымі катлетамі, зрэдку даюць сасіскі, шаўрму, плоў. Я б не сказала, што школьнае мэню разнастайнае», — кажа Даша.
Пытаньні без адказаў
На пачатку 2019 года Камбінат школьнага харчаваньня Менску распрацаваў новыя стравы, якія паабяцалі дадаць у школьнае мэню. Гэта
- «тэфтэлька мясная» у аўсяных шматках,
- рыс «мазаіка» (з гароднінай),
- аладкі «Апэтытныя»,
- катлеты «Залатая рыбка» і «Выдатнік»,
- шніцаль «Карпыч»,
- запяканка «Пятруха» з курынага філе,
- сырны пірог з рыкоты з сочывам,
- «Бел-Нагетс»,
- кебаб «Златка»,
- рол «Маленькі Цэзар з сырам»,
- каўбаскі «Пераменка»,
- «Сячэнікі » з рыбы.
Аднак часьцей за ўсё школьнікаў кормяць звычайнымі катлетамі з рознымі гарнірамі.
На пытаньні «Свабоды», ці сапраўды крыху зьменшыліся порцыі і чаму ў школьных сталоўках няма абяцанага разнастайнага мэню, дырэктар Камбіната школьнага харчаваньня Менску Сяргей Васіленка адказваць адмовіўся, праз сакратарку параіў напісаць пісьмовы запыт.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Экс-чыноўніка Менгарвыканкаму другі раз асудзілі за паборы з камбінатаў школьнага харчаваньня