Саудаўская Арабія цалкам аднавіла здабычу нафты пасьля нападу бесьпілётнікаў на аб’екты дзяржаўнай нафтавай кампаніі Saudi Aramco. Пра гэта заявіў кіраўнік АПЭК Мухамад Баркінда. Раней пра поўнае аднаўленьне здабычы нафты ў Саудаўскай Арабіі са спасылкай на крыніцы паведамлялі Bloomberg і расейскае выданьне «Ведомости».
Напад бесьпілётнікаў на два заводы Saudi Aramco адбыўся 14 верасьня. У выніку яго здабыча нафты ў Саудаўскай Арабіі скарацілася ўдвая, а сусьветныя цэны на нафту на наступных таргах падняліся на 10% (пазьней яны зьнізіліся практычна да таго ўзроўню, на якім былі перад атакай). Саудаўская Арабія і ЗША абвінавацілі ў нападзе Іран.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Цэны на нафту падскочылі пасьля атакі дронаў на Саудаўскую АрабіюУ канцы мінулага тыдня кронпрынц Саудаўскай Арабіі Мухамад бін Салман папярэдзіў, што сусьветныя цэны на нафту могуць вырасьці да «неймаверна высокіх узроўняў», калі міжнародная супольнасьць ня зойме «моцную і цьвёрдую» пазіцыю ў дачыненьні да Ірану. Ён дадаў, што аддасьць перавагу палітычнаму рашэньню перад ваенным, бо апошняе пацягне за сабой крах сусьветнай эканомікі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Іран атакаваў саудаўскі нафтавы прамысловы комплекс, — ЗША