Міністар замежных справаў Беларусі ў інтэрвію расейскаму выданьню РБК згадаў пра адхіленыя Беларусьсю прапановы Расеі ў «паглыбленьні інтэграцыі».
Паводле Ўладзімера Макея, у ліку «абсалютна непрымальных» прапановаў было «стварэньне некалькіх наднацыянальных структураў», але кіраўнікі Беларусі і Расеі на сустрэчы 18 ліпеня ў Санкт-Пецярбурзе «адназначна вырашылі», што такія прапановы «не адпавядаюць палажэньням дамовы».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Мы сувэрэнныя ня менш за Ўкраіну». Лукашэнка пра Зяленскага, Януковіча, Крым і транзыт улады. ЦЫТАТЫ«Таму трэба сканцэнтравацца на эканамічнай праблематыцы, на паглыбленьні гандлёва-эканамічнага ўзаемадзеяньня, на ўзгадненьні правілаў, зьвязаных з мытным заканадаўствам, з сэртыфікацыяй, стандартызацыяй і іншым, — патлумачыў Макей. — Мы павінны ўдзяліць больш увагі правядзеньню ўзгодненай сельскагаспадарчай і прамысловай палітыкі — гэта самае галоўнае».
У плянах інтэграцыі, расказаў ён, няма гаворкі пра адзіны эмісійны цэнтар Беларусі і Расеі, бо перад стварэньнем адзінай валюты «трэба спачатку наладзіць нармальнае гандлёва-эканамічнае ўзаемадзеяньне і ліквідаваць усе бар'еры і перашкоды».
Праца над адзіным Падатковым кодэксам Беларусі і Расеі прадугледжваецца, але «выглядае як палітычная мэта», мяркуе Макей, бо яна «мусіць весьціся прынамсі цягам некалькіх месяцаў, а тое і гадоў».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Усё менш беларусаў за саюз з Расеяй, але такіх яшчэ больш за 50%, — Вардамацкі«Ніякіх палітычных момантаў, зьвязаных са стварэньнем фэдэрацыі, канфэдэрацыі там няма і ня будзе, — пераконвае міністар. — Я яшчэ раз паўтараю, што сувэрэнітэт для абедзьвюх дзяржаваў гэта сьвятое, і Беларусь ня мае намеру ахвяраваць ім ва ўгоду нейкім каньюнктурным поглядам».
8 сьнежня Ўладзімір Пуцін і Аляксандар Лукашэнка маюць падпісаць дакумэнт аб «паглыбленьні інтэграцыі» з «дарожнымі мапамі» для ўрэгуляваньня праблемных пытаньняў. Макей адзначае: «Будзем спадзявацца, што гэта адбудзецца».
Перад пачаткам «паглыбленьня інтэграцыі», дадаў Макей, трэба вырашыць «вельмі адчувальныя» актуальныя праблемы: кампэнсацыю Беларусі стратаў ад расейскага падатковага манэўру, цэны на газ і нафту, перашкоды ў пастаўках сельскагаспадарчай і прамысловай прадукцыі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Магчымыя страты нафтавых даходаў Беларусі ў 2020 годзе ацанілі ў 1,5 млрд рублёў ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Беларусь зьмірылася. У «праграме інтэграцыі» няма кампэнсацыі «падатковага манэўру», бюджэт разьлічылі безь яеШто важна ведаць пра расейскі падатковы манэўр
Нафтавы падатковы манэўр у Расеі — паступовая замена спагнаньня экспартнага мыта падаткам на здабычу карысных выкапняў (ПЗКВ). Экспартнае мыта будзе зьмяншацца адначасова з павелічэньнем ПЗКВ.
- Расея пачала рэалізацыю падатковага манэўра зь 2019 году.
- Да канца 2018 году экспарт сырой нафты ў Расеі абкладаўся экспартным мытам у памеры 30% ад цаны. Мыта не спаганялася з паставак на ўнутрырасейскі рынак і ў межах квоты ў Беларусь.
- У 2017-2018 гадах квота на пастаўкі бязмытнай расейскай нафты для Беларусі складала 24 млн тон (18 млн тон перапрацоўвалі беларускаія НПЗ, 6 млн тон ішлі на рээкспарт).
- Беларусь мела права абкладаць экспартным мытам свае нафтапрадукты, вырабленыя з расейскай бязмытнай нафты, якія прадавала ў трэція краіны. Беларускае мыта ішло ў беларускі бюджэт.
Страты і кампэнсацыя
- У сьнежні 2018 г. у адміністрацыі Лукашэнкі сьцьвярджалі, што за 3 апошнія гады Беларусь недаатрымала $3,6 млрд, а за наступныя 4 гады недаатрымае $11 млрд пры найгоршым разьвіцьці падзей.
- Паводле падлікаў рэйтынгавага агенцтва Fitch, наўпроставыя страты беларускай эканомікі складуць $10,6 млрд цягам 2019–2024 гг.
- Дырэктар дасьледніцкага цэнтру ІПМ Аляксандар Чубрык падлічыў, што страты для бюджэту Беларусі ў 2019 годзе склалі $272,3 млн.
- У кастрычніку 2018 Расея абяцала пералічыць у бюджэт Беларусі каля $405 млн у якасьці аплаты экспартнага мыта за нафту. Пазьней у кампэнсацыі адмовілі.
- 18 сьнежня 2019 расейскі партал РБК паведаміў са спасылкай на свае крыніцы, што Расея кампэнсуе Беларусі страты ад манэўра праз зваротны акцыз для беларускіх НПЗ. Суму субсыдыяў ацанілі ў $1,5 млрд. Афіцыйнага пацьвярджэньня гэтай інфармацыі не было.