Міністар замежных справаў Беларусі Ўладзімер Макей расказаў расейскаму выданьню РБК, што мае адбыцца перад прыездам у Беларусь амбасадара Злучаных Штатаў.
Паводле Макея, для прыезду амбасадара ня толькі «павінны адбыцца ўнутраныя працэдуры», але і мусіць зьявіцца новая амбасада.
«ЗША плянуюць таксама пабудаваць новы будынак амбасады ў Беларусі, таму што ранейшы не адпавядае, на іх думку, патрабаваньням бясьпекі, — казаў Макей. — Яны зрабілі больш жорсткімі гэтыя патрабаваньні пасьля вядомага тэракту ў Бэнгазі».
Гаворка ідзе пра атаку на консульства ЗША ў лібійскім Бэнгазі ў 2012 годзе — тады будынак абстралялі з гранатамётаў і стралковай зброі, загінуў амбасадар ЗША і яшчэ трое грамадзян ЗША, была забітая невядомая колькасьць нападнікаў.
Амбасада ЗША пакуль не камэнтавала заяў Макея. Цяпер яна месьціцца ў раёне Старажоўкі, на вуліцы Старавіленскай, 46.
Заявы пра вяртаньне амбасадараў ЗША прадстаўнікі Беларусі і Штатаў зрабілі 17 верасьня. Калі дакладна гэта адбудзецца, яшчэ не зразумела. Краіны застаюцца без амбасадараў 11 гадоў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У МЗС патлумачылі, чаму беларускага амбасадара ў ЗША прызначыць прасьцей, чым амэрыканскага ў Беларусь