Прэсавы сакратар замежнапалітычнага ведамства Беларусі Анатоль Глаз 20 верасьня на сваім брыфінгу заявіў, што ў Беларусі рашэньне аб выбары і прызначэньні кандыдатуры на пасаду амбасадара будзе прынятае хутчэй, чым у ЗША.
«У нашай рэспубліцы прасьцейшыя ўнутрыдзяржаўныя працэдуры. Але часавыя рамкі завяршэньня гэтых працэдур сёньня складана прадбачыць. Разам з тым важна разумець, што палітычная воля на гэта ёсьць, таму пытаньне ўжо знаходзіцца больш у тэхнічнай плоскасьці», — падкрэсьліў адказны супрацоўнік МЗС Беларусі.
Анатоль Глаз таксама зьвярнуў увагу журналістаў на тое, што ў Менску лічаць мэтазгодным як мага хуткае вяртаньне амбасадараў Беларусі і ЗША.
«Пытаньне прызначэньня амбасадараў — гэта сувэрэннае права кожнай краіны, для гэтага наўрад ці спатрэбяцца адмысловыя кансультацыі або дадатковыя сустрэчы, — заявіў прэсавы сакратар МЗС Беларусі. — На нашу думку, для раскрыцьця ўсяго патэнцыялу двухбаковых дачыненьняў мэтазгодна як мага хуткае вяртаньне амбасадараў.
Гаворка ідзе найперш пра важнае, прынцыповае палітычнае рашэньне бакоў — накіраваць у сталіцы дзьвюх краін надзвычайных і паўнамоцных паслоў. Гэты крок дазваляе запусьціць працэдуры падбору і ўзгадненьня кандыдатур у абедзьвюх сталіцах».