«Я спажывец, а не распаўсюднік!» 5 з 12 падсудных па «макавай справе» заяўляюць, што яны невінаватыя. ФОТА

У Менскім абласным судзе пачаўся працэс над 12 фігурантамі гучнай «макавай справы». Гэта другі працэс па справе аб 14 тонах маку і макавай саломкі, якую нелегальна завезьлі ў Беларусь цягам 2015–2018 гадоў з Украіны і Расеі. Паводле сьледзтва — каб у выніку прадаць наркаманам, якія вырабляюць з сумесі опіюм.

Усяго, паводле Сьледчага камітэту, у «макавай справе» фігуруе 41 абвінавачаны. Іх падзялілі на тры групы. Першых 17 чалавек з чэрвеня судзяць у Менскім гарадзкім судзе. Цяпер справа дайшла да другой групы ў складзе 12 чалавек. Аднаго з падсудных, Канстанціна Каралевіча, вінавацяць у стварэньні арганізаванай злачыннай групоўкі, распаўсюдзе наркотыкаў у складзе групы ды незаконнай прадпрымальніцкай дзейнасьці. Яшчэ 7 чалавек абвінавачаныя паводле апошніх двух пунктаў гэтага сьпісу, астатнія 4 — толькі па 3 частцы 328 артыкула — за распаўсюд наркотыкаў.


Адзін з падсудных па гэтым артыкуле, пэнсіянэр Віктар Качан яшчэ да таго, як пракурор пачаў чытаць абвінавачаньне, прасіў суд адпусьціць яго, бо ён невінаваты. «Так, я спажываў, але не распаўсюджваў. Закрыйце маю справу», — хадайнічаў абвінавачаны Качан.

Яшчэ чатыры падсудныя таксама папрасілі спыніць іхнія справы, бо мяркуюць, што іхняя віна не даказаная. Самы красамоўны быў індывідуальны прадпрымальнік Сяргей Башура, які да суду адбыў больш як год за кратамі, пасьля таго як набыў партыю харчовага маку для далейшага продажу. Паводле Башуры, калі купляў, ён ніяк ня мог візуальна вызначыць, што ў маку ўтрымліваецца наркотык. Таксама падсудны заявіў, што сьледзтва не знайшло ніякіх доказаў ягонай сувязі з арганізаванай злачыннай групоўкай, якую судзяць разам зь ім. Башура прасіў суд разгледзець ягоную справу асобна, але суд гэтае хадайніцтва і большасьць іншых адхіліў ды перайшоў да судовага сьледзтва. Абвінавачаньне пачаў зачытваць пракурор, і гэта расьцягнулася на шмат гадзін. А ўсяго ў справе некалькі дзясяткаў тамоў, і не выключаецца, што працэс ня скончыцца да канца году.

Што вядома з абвінавачаньня?

Першыя дзьве гадзіны, пакуль пракурор чытаў абвінавачаньне, прозьвішчы падсудных, акрамя Канстанціна Каралевіча, увогуле не гучалі. Гаворка ішла пра злачынную арганізацыю, якую нібыта задумаў, стварыў і якой кіраваў нейкі Сабалеўскі. Яшчэ прагучала прозьвішча былога сьледчага МУС Лапарова, які нібыта таксама быў адным з кіраўнікоў дзялкоў, што завозілі ў Беларусь мак і макавую саломку пад выглядам харчовых дадаткаў. Называліся яшчэ да дзясятка прозьвішчаў, і толькі ў канцы ланцужка ўзьнікла прозьвішча падсуднага Каралевіча. Паводле сьледзтва, ён узначаліў адну з груповак злачыннай арганізацыі пасьля таго, як сеў за краты яе былы кіраўнік, нейкі Таболін.

«Забясьпечваў еднасьць асабовага складу» злачыннай групоўкі

У чым, паводле сьледзтва, выявілася злачынная дзейнасьць Каралевіча і сябраў ягонай групоўкі?

  • набывалі насеньне маку і макавую саломку, што забаронена, і завозілі ў Беларусь пад выглядам харчовых дадаткаў;
  • хавалі сумесь на тайных складах;
  • расфасоўвалі па пакунках для індывідуальнага карыстаньня;
  • папярэдне выяўлялі зацікаўленых пакупнікоў;
  • прадавалі спажыўцам, якія выраблялі з сумесі опіюм;
  • займаліся аховай свайго «бізнэсу» ад наркаманаў;
  • клапаціліся аб папаўненьні шэрагаў групоўкі ў выпадку стратаў ад дзейнасьці праваахоўнікаў.

Меркаванаму кіраўніку групоўкі пракурор яшчэ паставіў у віну «забесьпячэньне адзінства і еднасьць асабовага складу».

Загад знайсьці пастаўшчыкоў?

Паводле сьледзтва, Каралевіч з саўдзельнікамі зарабілі праз сваю дзейнасьць больш як 25 тысяч рублёў. Але якія доказы віны падсудных будуць прадстаўленыя ў судзе?

Ірына, жонка аднаго з абвінавачаных, пагадзілася пракамэнтаваць тое, як ішло сьледзтва. Паводле Ірыны, яе мужа па эпізодзе аб куплі маку, што фігуруе ў ягонай справе, затрымлівалі 4 гады таму, і тады справа скончылася толькі адміністрацыйным пратаколам.

«Прызналі, што складу крымінальнага злачынства няма, а пратакол склалі за тое, што парушыў „макавы дэкрэт“. (Гаворка пра дэкрэт № 1 „Аб некаторых пытаньнях дзяржаўнага рэгуляваньня абароту насеньня маку“, падпісаны ў 2014 годзе. — А.Г.) Але, відаць, далі загад падняць усе былыя справы, і летась мужа арыштавалі. З таго часу сядзіць пад сьледзтвам. Віны не прызнае. Кажа, што ціснуць моцна, каб прызнаўся. І гэтак на ўсіх. Зрабілі зь іх групоўку, але ён большасьці саўдзельнікаў нават ня ведае», — кажа Ірына.

Жанчына мяркуе, што «макавая справа» ўзьнікла на загад: каб паказаць, што масава садзяць ня толькі моладзь — спажыўцоў наркотыкаў, але і арганізатараў трафіку. А пастаўшчыкоў маку выбралі таму, што на гэтых даўно сабралі матэрыял.

З 12 падсудных па «макавай справе» 8 раней былі судзімыя, два зь іх — больш за 4 разы. На думку Ірыны, гэта таксама паказчык таго, па якім прынцыпе падбіраліся кандыдаты ў злачынную групоўку.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Закладка была на гарышчы, якога няма?» Жыхарка Ліды чатыры гады даводзіць, што справу сына сфальшавалі
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ці легалізуюць у Беларусі лёгкія наркотыкі
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Маці 328: «Генпракурор сказаў, што з намі можа сустрэцца Аляксандар Лукашэнка»