Больш за тры месяцы няма вынікаў генэтычнай экспэртызы меркаваных парэштак братоў Кастуся (у Вільні) і Віктара (у Сьвіслачы) Каліноўскіх. Як у 1990-я гады ў Беларусі «адшукалася» пахаваньне Віктара Каліноўскага, Свабодзе расказаў былы дырэктар сьвіслацкага музэю Мікалай Пакутнік.
«Вось так узьнік міт магілы Віктара»
«Як гэта было? Расказаць праўду? Гэта страшная праўда», — па-змоўніцку пачынае Мікалай Пакутнік. Спачатку ён увогуле не хацеў гаварыць на гэтую тэму.
Мужчына ўжо 17 гадоў не працуе ў музэі, цяпер мае 70 гадоў.
Дзе менавіта Віктар Каліноўскі быў пахаваны на сьвіслацкіх могілках, ніхто ніколі дакладна не пацьвярджаў. Пра пахаваньне казалі, што яно сымбалічнае, помнік на прыблізным месцы. Менавіта гэта было перашкодай для эксгумацыі парэштак, што ляжалі пад сымбалічным надмагільлем. А што калі параўнаньне ДНК сьвіслацкіх костак і костак з Гедзімінавай гары ў Вільні не пацьвердзіць сваяцтва? Ці гэта будзе значыць, што парэшткі, знойдзеныя ў Вільні, — не Кастуся Каліноўскага?
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Што калі ДНК не супадуць? Літоўскі антраполяг пра эксгумацыю парэштак брата Кастуся Каліноўскага ў БеларусіВядома, што на могілках у Сьвіслачы пахаваныя ня толькі брат Кастуся Каліноўскага Віктар, але таксама іхны бацька Сымон, бабуля Тарэса, некаторыя іншыя браты і сёстры. Аднак нічыіх надмагільляў так і не знайшлі.
Пошукамі займаліся краязнаўца і навуковы супрацоўнік сьвіслацкага музэю Аляксандар Палубінскі, журналіст газэты «Пагоня» Зьміцер Кісель. Яны ўжо памерлі.
Выявілася, што на такія пошукі ў 1990-х выходзіў і Мікалай Пакутнік. І яны мелі вынік. Суразмоўца не памятае дакладна, які тады быў год.
«Значыць, з Горадні, з аблвыканкаму мае прыехаць камісія. Тады Каліноўскі быў на вышыні, на ўсю краіну цаніўся. Віктар ня толькі брат Кастуся, а і сам знаны краязнаўца, трэба ж яго магілу знайсьці. Ідзем мы зь ім (з Аляксандрам Палубінскім. — РС) на могілкі, шукаць магілу. Гучыць як анэкдот, але гэта шчырая праўда. Калісьці казалі старыя людзі — няма магілы. Прыйшлі мы, пахадзілі па могілках. Палубінскі гаворыць: „Ай, давай гэтую магілу пакажам, безыменную. Стаіць там нейкі крыж“. Гэтую — то гэтую», — успамінае падзеі Пакутнік.
Калі прыехалі чыноўнікі з аблвыканкаму, ім паказалі на выпадкова вызначанае пахаваньне.
У 1990-я пра Каліноўскага ладзілі канфэрэнцыі
«Калі ўзьнік БНФ, яны і крыж паставілі, упарадкавалі, пліткай абклалі», — расказвае працяг гісторыі пахаваньня былы дырэктар.
На пытаньне, навошта яны «прыдумалі» магілу Каліноўскага, Пакутнік адказаў: «Каб даць справаздачу супрацоўнікам аблвыканкаму».
«Вось так узьнік міт магілы Віктара», — падсумоўвае мужчына.
Калі на эксгумацыю прыяжджалі спэцыялісты, ён казаў актывістам, што магіла несапраўдная.
«Але цяпер ніхто ня верыць», — кажа Пакутнік.
Ён узгадаў, што ў 1990-я да Кастуся Каліноўскага ставіліся інакш. У Сьвіслачы правялі некалькі навуковых канфэрэнцыяў, прысьвечаных лідэру паўстаньня.
«Тады было вельмі модна. Прыяжджалі навукоўцы зь Менску, з Горадні, з Польшчы, зь Літвы. Ён быў герой, бо змагаўся супраць царызму. Цяпер ня ладзяцца канфэрэнцыі, бо цяпер Каліноўскі вораг», — мяркуе Мікалай Пакутнік.
Ён таксама расказаў, што фальварак Якушоўка, дзе жыла сям’я Кастуся Каліноўскага і ад якога застаўся толькі падмурак, улады хацелі адбудаваць. Калгасу імя Кастуся Каліноўскага пад Сьвіслаччу вылучылі дрэва на пабудову. Але яго пусьцілі на іншыя патрэбы. Дом не адноўлены дагэтуль.
«Парэшткі могуць быць і пад царквой»
Сьвіслацкі актывіст Юры Глебік ня быў пры пошуках магілы Віктара Каліноўскага, але ведае пра іх з апавяданьняў.
Паводле ягоных зьвестак, Аляксандар Палубінскі знайшоў у архіве газэту міжваеннага часу з фатаздымкам надмагільля Віктара Каліноўскага. На фота былі камень і крыж.
На могілках каля царквы ён убачыў падобны паўразбураны крыж бяз шыльдаў і надпісаў. На месцы, дзе ён бачыў той крыж, і стаіць цяпер сымбалічнае пахаваньне Віктара Каліноўскага.
Аднаўленьнем крыжа займаўся горадзенскі каваль Юрась Мацко. У пачатку 2000-х надмагільле абклалі пліткай, у 2012 годзе яго зноў добраўпарадкавалі. Пасьля эксгумацыі парэштак косткі зноў засыпалі зямлёй і аднавілі надмагільле чарговы раз.
«Мэтар туды, мэтар сюды. Парэшткі могуць быць і пад царквой. Бо з моманту пахаваньня прайшло 157 гадоў», — разважае Юры Глебік.
Актывіст кажа, што царкву на месцы капліцы пабудавалі ў 1949 годзе. Яна займае плошчу, большую за тую капліцу.
Чаму шукалі менавіта магілу Віктара? На думку Глебіка, таму, што брат Кастуся быў сам неардынарным чалавекам, займаўся навукай, сустракаўся з выбітнымі навукоўцамі таго часу.
Пра вынікі эксгумацыі паведамяць «праз два-тры тыдні»?
У ліпені сёлета адбылася эксгумацыя меркаванай магілы роднага брата Кастуся Каліноўскага Віктара. У выніку знойдзеныя парэшткі двух чалавек — мужчыны і жанчыны.
Эксгумацыю праводзіў Сьледчы камітэт Беларусі.
Зь літоўскага боку прысутнічалі прафэсар-антраполяг Рымантас Янкаўскас, доктар гістарычных навук Юсьціна Казакайце, другі сакратар амбасады Літвы ў Беларусі Міндаўгас Габрэнас. Іх прыезд фінансаваў літоўскі бок.
Менавіта Літва ініцыявала эксгумацыю Віктара Каліноўскага. Першы раз зьвярнуліся з гэтай просьбай да беларускага боку летась у ліпені.
Назіраць за працамі было дазволена прадстаўнікам беларускай грамадзкасьці Юрыю Глебіку са Сьвіслачы і Ўладзімеру Хільмановічу з Горадні.
Сьледчы камітэт, Генэральная пракуратура і Дзяржаўны камітэт судовых экспэртызаў Беларусі пакуль не камэнтуюць, на якой стадыі генэтычныя экспэртызы братоў Кастуся і Віктара Каліноўскіх. 26 верасьня МЗС Беларусі запэўніў Свабоду, што «працэс ідзе», і паабяцаў раскрыць усе таямніцы праз два-тры тыдні.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пасьля эксгумацыі парэшткаў Віктара Каліноўскага ўлады Беларусі не перадалі Літве генэтычны матэрыял ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Праз два-тры тыдні паведамім». Чаму дагэтуль невядомыя вынікі ДНК-экспэртызы парэшткаў Кастуся Каліноўскага і ягонага брата Віктара?