Беларускаму журналісту і музычнаму крытыку Вітаўту Мартыненку 29 верасьня споўнілася б 60 гадоў.
Да гэтай даты ў менскім Палацы культуры імя Шарко ладзяць акустычны канцэрт героі ягоных кніг: Ігар Варашкевіч, Алесь Камоцкі, Кася Камоцкая, Алесь Лютыч, Аляксандар Памідораў, Андрэй Плясанаў, Алег Хаменка і іншыя. Да канцэрту маюць выдаць зборнік песень на вершы Мартыненкі і ў ягоным перакладзе. Арганізатар канцэрту Віталь Супрановіч мяркуе, што Мартыненка — зь ліку тых, хто спрычыніўся да зьяўленьня беларускага року. Чаму?
Сьцісла
Вітаўт (Віктар) Мартыненка нарадзіўся ў Менску ў 1959 годзе, адвучыўся на факультэце журналістыкі БДУ. Вядомы як папулярызатар беларускай рок-музыкі, суаўтар кніг «Праз рок-прызму» (1989, Нью-Ёрк) і «222 альбомы беларускага року і ня толькі» (2006, Менск) разам з Анатолем Мяльгуем, аўтар кнігі «Rock On-line» (2010, Менск). Працаваў у моладзевай газэце «Чырвоная зьмена» (1982–94), дзе ад 1983 году вёў музычную рубрыку; супрацоўнічаў з Радыё Свабода (1989–95); быў намесьнікам галоўнага рэдактара газэты «Кинонеделя Минска» (1994–97); кансультаваў лэйбл «БМАgroup» (1994–2006). Супольна з Анатолем Мяльгуем арганізаваў першы беларускі рок-клюб «Няміга» (1985–2003), удзельнічаў у арганізацыі фэстываляў «Тры колеры» і «Басовішча». У некаторых крыніцах сьцьвярджаецца, што гэта ён прыдумаў ужываць азначэньне «беларускі рок». Працяглы час хварэў на цукровы дыябэт, памёр у 2016 годзе, пахаваны на Паўночных могілках Менску.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: 5 добрых спраў Вітаўта Мартыненкі
«Сьвядома насаджаў» беларускі рок
На думку сьпевака Лявона Вольскага, Мартыненку можна апісаць як «нязломнага змагара, бэрсэрка». Вольскі кажа Свабодзе: Мартыненка праводзіў «сваю жорсткую лінію», не зважаючы на крытыку, неразуменьне і часта кпіны —– як задаў у маладыя гады, так і правёў тую лінію праз усё жыцьцё.
«Гэта вельмі рэдка ў нас бывае, у нашым краі татальных кампрамісаў і падладжваньня пад нейкія абставіны», — адзначае ён.
У 1980-я, у часы перабудовы паўсюль узьнікалі рок-клюбы з энтузіястамі на чале, ледзь ня ў кожным буйным горадзе, згадвае Вольскі. У Менску асноўнымі энтузіястамі былі Мартыненка і Анатоль Мяльгуй (да іх далучаліся Ўладзімер Зайчанка, Андрэй Іваноў) — яны размаўлялі з камсамольцамі, якія «дазвалялі і ўхвалялі» дзейнасьць музыкаў.
«Усе ведалі, што ёсьць Ленінградзкі рок-клюб, ёсьць Сьвярдлоўскі — канечне, хацелася, каб у нас таксама было нешта такое, — згадвае Вольскі, які ў тыя часы граў у гурце „Мроя“. — Гэта, канечне, сьмешная была ўстанова, там былі нейкія паседжаньні, штосьці разьбіралі... Але ладзіліся канцэрты, фэстывалі, асабліва першы фэстываль „Тры колеры“ зроблены перадусім намаганьнямі рок-клюбу».
Рок-клюб тады не вырашаў галоўную праблему музыкаў: каб выступаць, трэба было, каб чыноўнікі найперш «залітавалі» тэксты. На музыку ня так зважалі — толькі хацелі, каб «гэта ня вельмі агрэсіўна ўсё было», згадвае Вольскі. А ягонай «Мроі» не літавалі тэксты, хоць яна і значылася ў рок-клюбе — атэстацыю «Мроя» атрымала, толькі стаўшы ляўрэатам фэстывалю ў Наваполацку. Але рок-клюб спрабаваў уплываць на камісіі, спрыяць атэстацыі выканаўцаў, «што ўжо было сьмела і шмат што значыла».
Чаму Мартыненка гэтым займаўся? Вольскі кажа, ён найперш любіў сучасную на той момант музыку — постпанкаўскія гармоніі, якія лічыў «нейкім шаманствам».
Для стылю «Мроі» ён прыдумаў азначэньне stod-rock (стод — тое самае, што ідал), бачыў у іхных алягічных гармоніях паганскую архаіку. Для басіста зрабілі нават майку з надпісам Stod Rock і шасьціканцовым крыжам. А калі ў гурту зьявіліся «славянскія гармоніі», як у песьні «Зямля», Мартыненку гэта не спадабалася — «падавалася сыходам у бок чагосьці не таго, што трэба».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: 12 кліпаў «нізкага мастацкага ўзроўню». І нават нешта горшае. ВІДЭА 18+«А ўвогуле, апроч музыкі ён займаўся прасоўваньнем беларушчыны, беларускай ідэі, гэта была ягоная мэта і задача, — працягвае Вольскі. — Калі ён вёў калёнку ў „Чырвонай зьмене“, ён там аж… Мы малыя былі, сьмяяліся: вой, калі нехта па-беларуску, дык такі выдатны, такі выдатны. Але ён гэта рабіў сьвядома, ён насаджаў.
І гэта было неабходна, каб мы мелі хаця б тое, што маем цяпер у музычнай культуры. Бо калі мы пачыналі, граць на беларускай мове лічылася нейкім калгасным падыходам. І тое, што мы і „Бонда“ перайшлі на беларускую мову, гэта быў такі сур’ёзны, досыць сьмелы крок, бо масамі гэта не зусім ухвалялася — як і цяпер, былі папулярныя ўсходнія суседзі, усялякія „ДДТ“, „Чайф“… А да нас пасьля канцэртаў прыходзілі, казалі: „Вы крута граеце, канешне, але чаму на мове? Гэта ж калхазанства“».
«Спраўдзіліся дзьве мары: свая машына і свая краіна»
Рэдактар беларускай службы Радыё Свабода Валер Каліноўскі згадвае, што пазнаёміўся з Мартыненкам у газэце «Чырвоная зьмена» ў 1991 годзе, незадоўга да распаду Савецкага Саюзу.
Абодва яны былі ў сакратарыяце, па чарзе вярсталі газэту, якая ў той час была «прагрэсіўнай і нацыянальна сьвядомай», а журналісты «былі свабодныя, пісалі на важныя тэмы». Тады Мартыненка «быў фактычна славутым» — ужо выйшла кніга «Праз рок-прызму», яго ведалі як журналіста, дзеяча, рокера, музычнага крытыка.
«Вітаўт тады рабіў музычную старонку, музычныя агляды, а найперш ён рабіў гіт-парад Радыё Свабода і „Чырвонай зьмены“, — згадвае Каліноўскі. — Гэта цяжка цяпер уявіць, але тады, у канцы Савецкага Саюзу і на пачатку незалежнай Беларусі, дзяржаўнай прэсе і Радыё Свабода можна было рабіць супольныя праекты. Гэтыя гіт-парады гучалі на хвалях Свабоды і друкаваліся на старонках „Чырвонай зьмены“, а ў пераможцаў гіт-парадаў выходзілі постэры на дзьве старонкі, на развароце „Чырвонай зьмены“. Прыгожыя плякаты ён рабіў у межах магчымасьцей паліграфіі канца 80-х, яны і ў нас у рэдакцыі віселі».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Год 1989У тыя часы Мартыненка насіў куртку, па якой яго лёгка было пазнаць: зь вялікім надпісам «Я беларус». У кабінэт у «Чырвонай зьмене», дзе працаваў Мартыненка, «ішлі патокам розныя дзеячы, актывісты, беларускія адраджэнцы, рокеры». Мартыненка тады рабіў і розныя сацыяльныя, эканамічныя і палітычныя рэпартажы, якія гучалі на Радыё Свабода. Чыставікі сваіх важных рэпартажаў ён запісваў у адмысловы агульны сшытак, час ад часу даваў перачытаць іншым. На працы быў вельмі адкрыты, расказваў пра сваю сям'ю, жонку і дачку, пра тое, што піша і што слухае.
Свае паведамленьні на Радыё Свабода ён заканчваў фразай: «Гаварыў Вітаўт Мартыненка».
«Ён зарабляў невялікія ганарары, але для беларускіх журналістаў яны падаваліся істотнымі, — распавядае Каліноўскі. — Ён зьбіраў гэтыя грошы, вельмі хацеў купіць сабе машыну. І неяк паехаў у Мюнхэн, атрымаў ганарары і купіў сабе нямецкую машыну. Вялікая, прыгожая, мне падавалася, вельмі сымпатычная. Але машына была старая, на палове дарогі ў Нямеччыне паляцеў рухавік — рэшту грошай, што зарабіў, заплаціў за замену рухавіка.
Але ён быў вельмі шчасьлівы, бо зьдзейсьніліся дзьве ягоныя мары. Гэта было ўжо пасьля жніўня 1991 году — рады, што прыехаў на сваёй машыне ў сваю краіну, незалежную Беларусь».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Дзе шукаць новую беларускую музыку. Спасылкі і ня толькі
«Панкаўская энэргетыка, але не дэструктыўная»
Журналіст Onliner.by Аляксандар Чарнуха кажа Свабодзе, што Вітаўта Мартыненку назваў бы хутчэй рок-актывістам, а не журналістам у клясычным сэнсе слова. Калі журналістыка — гэта больш «праца з фактурай», то ў Мартыненкі было «нешта больш эмацыйнае, асабістае».
«Але пры гэтым Вітаўт рабіў вельмі крутую і важную справу — быў сапраўды архіварыюсам таго, што называецца беларускім рокам», — кажа Чарнуха. Ён дапускае, што менавіта дзякуючы «апантанаму прасоўваньню» музыкаў Мартыненкам беларусы пазнаёміліся са шмат кім з выканаўцаў.
У Мартыненкі ёсьць і больш удалыя, і менш удалыя прыклады працаў, кажа Чарнуха. Кнігу Мартыненкі «Rock On-line» 2010 году, на яго думку, можна назваць проста «зборнікам срачаў у інтэрнэтах». Тым ня менш яе як «аскепак гісторыі» цікава пачытаць і ў 2019-м.
«Гэта вельмі весела: пачытаць, як людзі спрачаліся ў сеціве ў той час, і параўнаць з тым, як гэта адбываецца цяпер, — разважае ён. — Тады, мне падаецца, гэта ўсё было больш маштабна і дасканала. Людзі пісалі вялікія допісы, шмат разважалі над кожным камэнтаром, думалі, якія прывесьці аргумэнты і контраргумэнты».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Хто стане наступным N.R.M., новым Ляпісам?Як колішні галоўны рэдактар Ultra-music.com Чарнуха згадвае: было вельмі весела назіраць за тым, як Мартыненка «лагініцца-пералагініцца, вядзе гаворкі сам з сабой» у камэнтарах. Ён параўноўвае гэта з тым, як Ягор Летаў намагаўся стварыць у расейскім Омску сыбірскі панк — невялікая група людзей запісвала музыку пад рознымі імёнамі, каб выглядала, што гэта глябальная зьява. Так і Мартыненка ствараў у камэнтарах ілюзію маштабнай дыскусіі.
«Гэта прыклад вельмі апантанага чалавека, які на 100% верыў у тое, што робіць, — апісвае Чарнуха Мартыненку. — Гэта тое, чаго нам цяпер не хапае, мне падаецца. Усе мы людзі творчыя, няўпэўненыя. Калі мы нешта хвалім, а нехта кажа, што гэта ня варта хваліць, у нас зьяўляецца сумнеў: а ці правільна мы робім? У Вітаўта такіх сумневаў, мне падаецца, не было. Ён заўсёды быў упэўнены, што ўсё робіць правільна. Гэта такая вельмі панкаўская энэргетыка, але яна дакладна не была дэструктыўнай».