Беларусь плянуе неўзабаве падпісаць пагадненьне з Казахстанам аб пастаўцы нафты і нафтапрадуктаў, паведаміў намесьнік старшыні канцэрну «Белнафтахім» Уладзімер Сізоў.
«Пагадненьне адпрацаванае, яно павінна быць падпісанае ў кастрычніку. Мяркуецца, што гэта адбудзецца падчас візыту кіраўніка Беларусі ў Казахстан», — спасылаецца на чыноўніка БелТА.
Паводле яго, у пагадненьні пазначаны ўмовы паставак, але не агаворваюцца іх аб’ёмы. Паралельна праводзіцца маніторынг эканамічнай эфэктыўнасці паставак нафты на беларускія НПЗ з розных краін.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Расейскую нафту нішто не заменіць», — экспэрт пра заявы Менску наконт пошукаў альтэрнатывы«Маршруты нам зразумелыя і вядомыя, яны практычна адпрацаваныя — і праз парты Балтыйскага мора, і Чорнага мора. З Казахстану можа быць арганізаваная пастаўка трубаправодным і чыгуначным транспартам. Што тычыцца амэрыканскай нафты, фактар, які вызначыць магчымасьць яе пастаўкі, — эканамічная мэтазгоднасць», — адзначыў намесьнік старшыні канцэрну «Белнафтахім».
У той жа час расейскія СМІ са спасылкай на казахстанскіх чыноўнікаў сьцьвярджаюць, што Беларусь праявіла цікавасьць да паставак нафты і нафтапрадуктаў у агульным аб’ёме блізу 3,5 млн тон на год. Такую лічбу 27 верасьня агучылі ў Міністэрстве энэргетыкі Казахстану. Палову з названага аб’ёму можа складаць нафта, астатнюю частку — цёмныя нафтапрадукты ў якасьці сыравіны для нафтаперапрацоўкі.
За 2018 год Беларусь імпартавала з Расеі 2,74 млн т нафтапрадуктаў (на суму 1 млрд даляраў) і 18,25 млн т нафты (на 6,82 млрд), экспартавала за мяжу 11,9 млн т нафтапрадуктаў і 1,64 млн т нафты.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Беларусу прысудзілі 17 гадоў турмы ў Казахстане за незаконны продаж нафты