Уражвае недальнабачнасьць тых, хто купіўся на яўна інсьпіраваную зь Літвы (а можа і з Расеі) ініцыятыву з перапахаваньнем парэшткаў Кастуся Каліноўскага ў Беларусі.
Гэта адназначна дае літоўцам падставу адмовіцца ад беларускай мовы ў мэмарыяле на віленскіх могілках Росы.
А беларусы самі адмаўляюцца ад найважнейшага свайго духоўнага аб’екту ў Вільні, фактычна, ад самой Вільні як сымбалічнага і містычнага цэнтру беларускай гісторыі.
Але я сёньня не пра гэта.
Сёньня я пра спосаб пахаваньня. Каліноўскага хочуць закапаць!
І супраць гэтага ніхто не пярэчыць!
Нават прадстаўнік Каталіцкай царквы ў Беларусі заявіў:
«Мы б з радасьцю ўзялі ўдзел (Каліноўскі не чужы беларусам чалавек) і разгледзелі б пытаньне прадстаўленьня зямлі каля аднаго са сталічных касьцёлаў пад магілу».
Пасьля майго паста ў Фэйсбуку пра непажаданасьць перапахаваньня ў Беларусі Ўладзімер Мацкевіч напісаў у камэнтары, што, нібыта, дасягнутая дамоўленасьць разьдзяліць парэшткі Каліноўскага, і адну частку пахаваць у Менску, на месцы былых Залатагорскіх могілак каля касьцёлу Сьвятога Роха, а другую пакінуць у Вільні.
Гэта ўжо лепш. Але...
Людзі, пра што вы гаворыце? Каліноўскага нельга хаваць у зямлю!
Гэта сакральныя косьці. Ім месца ў велічным мэмарыяльным алтары аднаго з галоўных храмаў краіны або ў адмысловым нацыянальным пантэоне, якога Беларусь пакуль ня мае.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Каліноўскі: забраць, каб страціць
Ці вы забыліся, што мы сваіх найлепшых хавалі ў храмах?
Ці вы ня ведаеце, дзе ляжаць нашы вялікія князі і члены паноў-рады?
Ці вы забыліся, як у Эўропе хаваюць выбітных людзей?
Ці вы ня ведаеце, што Віторыё Эмануэле ляжыць у двухтысячагадовым Пантэоне ў Рыме?
А можа вы ніколі ня бачылі велічнага алтара Тыцыяна працы Кановы і такога ж самага велічнага алтара самога Кановы насупраць магілы Тыцыяна ў базыліцы дэй Фрары ў Вэнэцыі?
А вы хочаце Кастуся ў зямлю?!
Пачынальнік беларускай нацыі, 26-гадовы бацька сучаснай Беларусі, герой паўстаньня, першы наш палымяны публіцыст і паэт, аўтар палітычнага запавету (Лісты з-пад шыбеніцы) і галоўнага пастуляту нашай гісторыі (...тагды толькі зажывеш шчасьліва...) ня можа быць проста закапаны ў зямлю.
Ён павінен ляжаць у месцы, дзе я змагу ўкленчыць, пакланіцца і пацалаваць яго каменную труну.
У Вільні на Росах гэта магчыма. У Менску пакуль, на вялікі жаль, не.