Міністар замежных справаў Беларусі Ўладзімер Макей узначальвае беларускую дэлегацыю на 74-й сэсіі Генэральнай асамблеі ААН. Пасьля адкрыцьця сэсіі, піша МЗС, ён сустрэўся са спэцыяльным прадстаўніком Эўразьвязу ў пытаньнях правоў чалавека Эйманам Гілмарам.
Падрабязнасьцяў пра іхную размову МЗС не прыводзіць. Паведамляецца толькі, што сустрэча прайшла 24 верасьня «на палях агульнай дыскусіі», а суразмоўцы «дамовіліся аб працягу кантактаў па лініі Беларусь — Эўразьвяз, у тым ліку для абмеркаваньня ўсіх вострых пытаньняў на агульным парадку дня».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Не хачу рызыкаваць дэпартацыяй», — спэцдакладчык ААН пра візыт у МенскУладзімер Макей таксама сустрэўся з калегамі з:
- Польшчы (яму Макей расказаў пра гатоўнасьць падпісаць пагадненьні з Эўразьвязам пра візавы рэжым і рэадмісію, польскі міністар «пазытыўна ўспрыняў» гэта, міністры таксама абмеркавалі пляны ЗША разьмясьціць у Польшчы больш вайскоўцаў);
- Саудаўскай Арабіі (абмеркавалі пашырэньне супрацы ў сельскай гаспадарцы, прамысловасьці і IT, згадалі пра камітэт супрацы, які апошні раз зьбіраўся ў 2016 годзе);
- Судану (суданскі міністар падзякаваў за падтрымку ў пабудове мірнай і стабільнай краіны, бакі абмеркавалі супольныя праекты мяса-малочных заводаў, зборкі беларускай тэхнікі і здабычу карысных выкапняў у Судане);
- Кіпру (падпісалі мэмарандум аб паразуменьні і супрацы, абмеркавалі супрацу Беларусі з Эўразьвязам і Кіпрам);
- Альжыру, Грузіі і Ярданіі (ці абмяркоўвалі яны нешта, не ўдакладняецца — публікуюць толькі фота пацісканьня рук).
Сам Макей мае выступіць у ААН 26 верасьня.