Генэральнага сакратара Арганізацыі Аб’яднаных Нацый (ААН) Антонію Гутэрыша ня будзе сярод удзельнікаў менскай міжнароднай канфэрэнцыі высокага роўню, якая пройдзе 3–4 верасьня. У гэтыя дні ў сталіцы Беларусі экспэрты амаль з 50 краін абмяркуюць «інавацыйныя падыходы і выкарыстаньне новых тэхналёгій у барацьбе з тэрарызмам».
Прэсавы сакратар МЗС Беларусі Анатоль Глаз 29 жніўня, распавядаючы журналістам пра галоўных удзельнікаў канфэрэнцыі, не назваў імя кіраўніка ААН. Замест яго ў Менску цяпер чакаюць двух са шматлікіх намесьнікаў генэральнага сакратара — Уладзіміра Варанкова і Фабрыцыё Гохшыльда.
А яшчэ ў ліпені міністэрства распаўсюдзіла інфармацыю пра прыезд Антонію Гутэрыша. Тады адзначалася, што намесьнік міністра замежных спраў Андрэй Дапкюнас абмяркоўваў з сталым каардынатарам сыстэмы разьвіцьця ААН у Беларусі Яаннай Казана-Вісьнявецкай дэталі візыту Гутэрыша.
Гэта ўжо другі выпадак, калі дзейны (ад 1 студзеня 2017 году) кіраўнік ААН ігнаруе запрашэньне зь Менску. 4 кастрычніка 2018 году кіраўнік замежнапалітычнага ведамства Ўладзімер Макей, які быў тады зь візытам у ЗША, перадаў Гутэрышу з рук у рукі асабістае запрашэньне Аляксандра Лукашэнкі наведаць цырымонію адкрыцьця другіх Эўрапейскіх гульняў. Гутэрыш падзякаваў, але ў Менск не паехаў.
Экспэрт: дачыненьні паміж ААН і Беларусьсю некрытычныя
Аналітык Цэнтру эўрапейскай трансфармацыі Андрэй Ягораў кажа Свабодзе, што сур’ёзных прычын, якія перашкаджалі б візыту генэральнага сакратара ААН у Менск, не існуе:
«Дачыненьні паміж ААН і Беларусьсю ніколі не знаходзіліся ў крызісе. Нават нягледзячы на тое, што Беларусь — усясьветны лідэр па колькасьці скаргаў у Камітэт правоў чалавека ААН, і на тое, што ў арганізацыі існуе адмысловы дакладчык па Беларусі. Праграмы разьвіцьця ААН у Беларусі дзейнічалі і дзейнічаюць у любы пэрыяд. На год разам зь беларускім урадам прадстаўніцтва ААН абарочвае дзясяткі мільёнаў даляраў».
«Думаю, што спадар Гутэрыш цяпер заняты больш глябальнымі пытаньнямі. Дастаткова згадаць надзвычай актуальныя праблемы экалёгіі», — мяркуе Андрэй Ягораў.