Урад Беларусі нацэлены на павышэньне эфэктыўнасьці нацыянальнай эканомікі, заявіў першы намесьнік прэм’ер-міністра Беларусі Аляксандар Турчын на сустрэчы з прадстаўнікамі Сусьветнага банку на чале з рэгіянальным дырэктарам па Беларусі, Малдове і Ўкраіне Сату Кяхкянэн.
«Мы разумеем тыя праблемы, якія ў нас ёсьць, і настроены на іх вырашэньне, пачынаючы з наступнага году, — цытуе Аляксандра Турчына БелТА. — Цяпер неабходна распрацаваць два вялікія праграмныя дакумэнты — праграму на наступную пяцігодку і нацыянальную стратэгію ўстойлівага разьвіцьця да 2035 году. Упэўнены, што многія рэчы, якія ёсьць у нашай дарожнай мапе, знойдуць адлюстраваньне ў гэтых дакумэнтах».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Для правядзеньня эканамічных рэформаў у Беларусі няма палітычнай волі»Прадстаўніца Сусьветнага банку Сату Кяхкянэн адзначыла, што ў часе сустрэчы з чальцамі рабочай групы ў справе падрыхтоўкі дарожнай мапы атрымалася дамовіцца наконт сфэры сацыяльнай абароны. Але шэраг пытаньняў яна назвала «праблемнымі».
«Мы прайшліся па ключавых пунктах, у якіх ёсьць некаторыя рознагалосьсі. Па шэрагу кірункаў адзначаюцца праблемныя моманты, патрабуюцца дадатковыя абмеркаваньні. Пакуль застаюцца розныя погляды на тарыфы ў цеплазабесьпячэньні, рэформу дзяржаўных прадпрыемстваў, субсыдыі, дырэктыўнае крэдытаваньне».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Урад Беларусі прапанаваў рэформу заробкаў бюджэтнікам, каб лепей працаваліТурчын на гэта сказаў, што беларускі бок зацікаўлены ў больш хуткім вырашэньні праблемных момантаў, але ўрад «досыць рэальна ацэньвае існыя магчымасьці».
«У нас няма жаданьня нешта напісаць на паперы, максімальна зрушыўшы тэрміны ў няпэўнасьць, каб потым гэтым не займацца. Калі мы падыдзем да таго, што ўсе пункты будуць узгодненыя, мы настроеныя іх выконваць», — заявіў ён.
Турчын зьвярнуў увагу, што толькі адзін захад прапануецца рэалізаваць не адразу, а паступова, цягам 5-6 гадоў — гаворка пра поўную аплату насельніцтвам паслуг цеплазабесьпячэньня. Маўляў, гэтае пытаньне патрабуе ўзгадненьня на самым высокім узроўні. У астатніх выпадках такіх працяглых тэрмінаў не патрабуецца.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лукашэнка насьцярожыўся: рост эканомікі «ня толькі сьціплы, але і вельмі няўстойлівы»