Беларуская электраэнэргія вярнулася на ўкраінскі рынак. Ці надоўга?

Беларуская кампанія «Белэнэрга» аднавіла пастаўкі электраэнэргіі ва Ўкраіну і будзе ажыцьцяўляць іх да канца 2019 году. Трэйдэрам беларускай электраэнэргіі ва Ўкраіне стала ТАА «Газопостачальна компанія „Нафтогаз України“», якая ўваходзіць у групу «Нафтагаз».

Што адбылося

Як паведамілі Свабодзе ў прэсавай службе групы «Нафтагаз», пастаўка беларускай электраэнэргіі ва Ўкраіну пачалася 20 верасьня на падставе падпісанага 4 верасьня пагадненьня. Гэты дакумэнт разьлічаны да канца 2019 году, але бакі не раскрываюць падрабязнасьцяў кантракту — ні ягоных аб’ёмаў, ні цаны.

«Група «Нафтагаз» выкарыстоўвае якую-кольвек магчымасьць, каб прапанаваць сваім кліентам энэргапрадукты на найлепшых умовах. У прыватнасьці, мы дывэрсыфікавалі нашы закупкі электраэнэргіі і пачалі яе імпартаваць па доўгатэрміновым кантракце зь «Белэнэрга», — такім чынам дырэктар інтэграванага газавага бізнэсу групы «Нафтагаз» Андрэй Фавараў анансаваў пачатак рэалізацыі праекту зь Беларусьсю.

Да гэтага часу ва Ўкраіне дзейнічала заканадаўчая забарона ажыцьцяўляць імпарт электраэнэргіі з краін, якія не зьяўляюцца чальцамі Энэргетычнай супольнасьці. Раней Украіна дэкляравала намер да 2023 году цалкам сынхранізаваць працу сваёй энэргасыстэмы з эўрапейскай, цалкам адмовіўшыся ад паралельнай працы з энэргетычнымі сыстэмамі Расеі і Беларусі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Украіна адмаўляецца ад сынхранізаванай працы зь беларускай энэргасыстэмай. Што гэта значыць?




Раман Ніцовіч, дырэктар дасьледаваньняў цэнтру DiXi Group, які займаецца дасьледаваньнямі і кансультацыямі ў сфэры энэргетыкі, перакананы, што аднаўленьне паставак электраэнэргіі зь Беларусі нельга разглядаць, як намер Украіны адтэрмінаваць сынхранізацыю сваёй энэргасыстэмы з эўрапейскай:

«Пакуль існуе аб’яднаная сыстэма зь Беларусьсю, трэйдэры выкарыстоўваюць гэтыя магчымасьці. І пакуль тэхнічна такія варыянты будуць існаваць, трэйдэрам выгадна іх задзейнічаць. Бо на сёньня ў нас невялікая частка энэргасыстэмы сынхранізаваная з эўрапейскай — гэта толькі востраў Бурштынскай ЦЭС».

Украінскія пэрспэктывы беларускай атамнай энэргіі

Раман Ніцовіч таксама не выключае, што пасьля ўвядзеньня ў эксплёатацыю Беларускай АЭС для Ўкраіны камэрцыйна выгаднымі могуць быць і пастаўкі беларускай атамнай энэргіі: «Але тут ёсьць палітычны аспэкт, бо апэратарам Беларускай АЭС можа быць Расатам, які займаўся будаўніцтвам гэтай станцыі».

У «Нафтагазе» пакуль утрымліваюцца ад канкрэтнага адказу на пытаньне аб магчымасьці паставак атамнай энэргіі зь Беларусі пасьля пачатку працы Беларускай АЭС.

«Мы дзейнічаем, як і іншыя гульцы рынку на роўных умовах, і заўсёды шукаем магчымасьці стварыць найбольш выгадныя прапановы для нашых кліентаў. Цяпер было аптымальна распачаць пастаўкі зь Беларусі. Як будзе далей, залежыць ад рынкавай сытуацыі і ад таго рэгулятарнага асяродзьдзя, якое будзе на той момант», — паведамілі Свабодзе ў прэсавай службе групы «Нафтагаз».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Украіна плянуе аднавіць экспарт электраэнэргіі ў Беларусь і Малдову