Арлоў, Бахарэвіч, Глобус і іншыя. Кнігі шорт-ліста прэміі Гедройця — 2018 цяпер можна паслухаць!

Кнігі намінантаў прэміі Гедройця — 2018

25 верасьня стане вядома імя пераможца літаратурнай прэміі Ежы Гедройця. Шэсьць кніг з кароткага сьпісу мінулагодняй прэміі можна паслухаць і спампаваць онлайн ужо сёньня. Гэта стала магчыма дзякуючы Беларускаму ПЭН-цэнтру, Радыё Свабода і Эўрарадыё.

Запіс і мантаж адбываліся на студыях Радыё Свабода і Эўрарадыё. Кнігі Ўладзімера Арлова, Адама Глобуса і Вінцэся Мудрова агучыў Зьміцер Бартосік, першую частку кнігі Альгерда БахарэвічаСяргей Шупа, над раманам Анкі Ўпалы працавала Паліна Дабравольская, а частку раману Паўла Севярынца начытаў Павал Клёк. Каардынатарка праекту — Дарʼя Бялькевіч.

«Гэта пілётны праект, спадзяюся, ён будзе працягвацца, — кажа старшыня Беларускага ПЭН-цэнтру Тацяна Нядбай. — Мы б хацелі, каб такім чынам сучасная беларуская літаратура стала даступная для людзей з інваліднасьцю па зроку, для тых, хто вучыць мову, а таксама і для шырокай аўдыторыі, якая любіць больш слухаць, чым чытаць».

«Агучваць кнігі з шорт-ліста прэміі, хай і часткова, — безумоўна, цікавы спосаб прыцягнуць да іх увагу. Кніга, зь якой давялося працаваць мне, мела пэўныя асаблівасьці, што адначасова і ўскладняла задачу, і рабіла яе больш цікавай, і вымушала эмацыйна прывязвацца да кнігі», — дзеліцца ўражаньнямі актор агучваньня Павал Клёк.

Кнігі можна паслухаць (ці спампаваць) па наступных спасылках:

Уладзімер Арлоў «Танцы над горадам»

Альгерд Бахарэвіч «Сабакі Эўропы» (частка «Мы лёгкія, як папера»)


Вінцэсь Мудроў «Забойца анёла»


Адам Глобус «Сямʼя» (раман «Дом»)

Павал Севярынец «Беларусалім» (частка «Ноч нараджэньня»)


Анка Ўпала «На засьнежаны востраў»

Урачыстая цырымонія ўзнагароджваньня сёлетніх ляўрэатаў прэміі Гедройця адбудзецца 25 верасьня ў прасторы ZAL#2, што ў менскім Палацы мастацтваў. Пачатак — а 19:00.

Што важна ведаць пра прэмію Гедройця

Прэмія народжанага ў Менску польскага інтэлектуала Ежы Гедройця заснаваная Беларускім ПЭН-Цэнтрам, Саюзам беларускіх пісьменьнікаў і Польскім Інстытутам у Менску ў 2011 годзе. Яна ўручаецца за найлепшую кнігу ў жанры мастацкай i дакумэнтальнай прозы.

Ляўрэаты прэміі

  • Павал Касьцюкевіч з кнігай «Зборная РБ па негалоўных відах спорту» (2012);
  • Уладзімер Някляеў з кнігай «Аўтамат з газіроўкай з сыропам і без» (2013);
  • Ігар Бабкоў з кнігай «Хвілінка: Тры гісторыі» (2014);
  • Віктар Казько з кнігай «Час зьбіраць косьці» (2015);
  • Макс Шчур з кнігай «Завяршыць гештальт» (2016);
  • Зьміцер Бартосік з кнігай​ «Быў у пана верабейка гаварушчы» (2017);
  • Уладзімер Арлоў з кнігай «Танцы над горадам»​ (2018).
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У прэміі Гедройця зьявіцца «нобэлеўская» намінацыя