Прадпрыемствы, якія моцна забруджваюць атмасфэру сваімі выкідамі, могуць аштрафаваць. Пра гэта 23 верасьня паведаміў намесьнік міністра прыродных рэсурсаў і навакольнага асяродзьдзя Аляксандар Корбут.
«Цяпер мы вывучаем праблему. Хочам, каб прадпрыемствы, якія звыш нормы забруджваюць паветра, плацілі адмысловы вугляродны падатак. З другога боку, думаем, як стымуляваць тых вытворцаў, якія, наадварот, скарачаюць выкіды. Ведаем, што ў Нямеччыне, напрыклад, такія прадпрыемствы атрымліваюць спэцыяльныя гранты на ўкараненьне самых сучасных тэхналёгіяў», — заявіў намесьнік міністра.
Экспэрт ААН / Эўразьвязу ў галіне зьмены клімату Аляксандар Грабянькоў паведаміў, што за апошнія пяць гадоў у Беларусі вызначылася тэндэнцыя да зьмяншэньня выкідаў у атмасфэру. Штогод колькасьць бруду зьмяншаецца на 0,2–0,3%.
«Гэта лепей, напрыклад, у параўнаньні з Расеяй. Але гэтага мала. Мы павінны ажыцьцяўляць больш амбіцыйныя і больш сурʼёзныя праграмы» — падкрэсьліў навуковец.
Доля Беларусі сярод усіх выкідаў у атмасфэру Зямлі складае 0,02%.
Што яшчэ хочуць зрабіць. 5 найважнейшых захадаў
- Інвэставаць болей сродкаў у «чыстую» энэргетыку.
- Перайсьці ад вуглевадароднага транспарту да электрычнага. Больш выкарыстоўваць грамадзкі транспарт.
- Мадэрнізаваць жылыя дамы і офісы.
- Зьнізіць колькасьць вугляроду пры вытворчасьці цэмэнту, плястыку і сталі.
- Спыніць будаўніцтва новых электрастанцыяў, якія працуюць на вугалі.