Суд Першамайскага раёну Менску вынес прысуд у крымінальнай справе аб парушэньні правілаў бясьпекі горных і будаўнічых работ на будоўлі «Газпром-центра», паведамляе прэс-служба Вярхоўнага суду. 30 сакавіка на будоўлі загінуў рабочы.
Абвінавачаны — службовец прадпрыемства «ЭўраАлмаз», які кіраваў будаўніча-мантажнымі работамі на ўзьвядзеньні шматфункцыянальнага комплексу «Газпром-центр» у Менску і быў адказны за іх бясьпечнае правядзеньне.
30 сакавіка 2019 году ён не забясьпечыў выманьня грунту ў адпаведнасьці з патрабаваньнямі тэхналягічнай карты, у сувязі з чым работы выконвалі не мэханізаваным спосабам, а ручным — «мэтадам падкопу». Таксама ён дапусьціў да працы рабочага, не азнаёмленага пад росьпіс з праектам выкананьня работ і тэхналягічнай картай. У выніку абвальваньня фрагмэнта бэтоннай пліты 52-гадовы рабочы загінуў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: На будоўлі «Газпрам-цэнтру» загінуў рабочыМужчыну прызналі вінаватым у парушэньні правілаў бясьпекі будаўнічых работ, што пацягнула празь неасьцярожнасьць сьмерць чалавека (ч. 2 арт. 303 Крымінальнага кодэксу Беларусі) і пакаралі 4 гадамі «хатняй хіміі» (абмежаваньнем волі без накіраваньня ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу) з пазбаўленьнем права займаць пасады, зьвязаныя з выкананьнем адміністрацыйна-гаспадарчых абавязкаў у будаўніцтве, на тэрмін 5 гадоў.
У адпаведнасьці з артыкулам 8 закону «Аб амністыі», які ў ліпені 2019 году падпісаў Аляксандар Лукашэнка, ён вызвалены ад прызначанага пакараньня ў выглядзе абмежаваньня волі часткова на тэрмін 1 год.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Газпрамаўскі даўгабуд у Менску абяцаюць здаць да канца 2020 годуУ 2013 годзе на месцы аўтавакзалу «Маскоўскі» (скрыжаваньне вуліцы Філімонава і праспэкту Незалежнасьці) было вырашана пабудаваць шматфункцыянальны комплекс «Газпром-центр». Вакзал закрылі і зьнесьлі.
«Газпром-центр» пачалі будаваць у 2015-м на плошчы звыш 8 га. Але праз год усе работы згарнулі, а неўзабаве будоўлю закансэрвавалі. Летась будаўніцтва аднавілі. Згодна з праектам, комплекс будзе складацца з шасьці асобных пабудоваў. Дамінантай мае стаць 185-мэтровы хмарачос, які можа быць самым высокім будынкам Менску. «Газпром-центр» абяцаюць здаць да канца 2020 году.