На будоўлі менскага «Газпрам-цэнтру» 30 сакавіка загінуў 52-гадовы рабочы. На яго ўпала 10-мэтровая жалезабэтонная пліта, піша Tut.by.
Па факце здарэньня Першамайскі раённы аддзел Сьледчага камітэту праводзіць праверку.
Як паведамілі супрацоўнікі Міністэрства па надзвычайных сытуацыях, пра здарэньне паведамілі ў 15:17, мужчыну дасталі ў 16:31, ён быў у прытомнасьці. Ратавальнікі перадалі рабочага лекарам, якія пазьней канстатавалі яго сьмерць.
«Для таго каб дастаць мужчыну, неабходна было правесьці стабілізацыю бэтонных канструкцыяў: прыбраць грунт з-пад пацярпелага, падняць сетку канструкцыяў, усталяваць туды пнэўматычныя падушкі высокага ціску — усё гэта робіцца ня хутка», — сказала прадстаўніца менскага МНС Вольга Мельчанка.
У 2013 годзе на месцы аўтавакзалу «Маскоўскі» (скрыжаваньне вуліцы Філімонава і праспэкту Незалежнасьці) было вырашана пабудаваць шматфункцыянальны комплекс «Газпрам-цэнтар». Вакзал закрылі і зьнеслі.
«Газпрам-цэнтар» пачалі будаваць у 2015-м на плошчы звыш 8 га. Але праз год ўсе работы згарнулі, а неўзабаве будоўлю закансэрвавалі. Летась будаўніцтва аднавілі. Згодна з праектам, комплекс будзе складацца з шасьці асобных пабудоваў. Дамінантай мае стаць 185-мэтровы хмарачос, які можа быць самым высокім будынкам Менску. «Газпрам-цэнтар» абяцаюць здаць да канца 2020 году.