Прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп адправіў дадатковыя войскі на Блізкі Ўсход. Амэрыканскія вайскоўцы ўзмоцняць часткі проціпаветранай і проціракетнай абароны ў Саўдаўскай Арабіі і Абʼяднаных Арабскіх Эміратах.
Паводле міністра абароны ЗША Марка Эспэра, падмацаваньня папрасілі самі гэтыя краіны. Яго мэта — выключна абарончая. Узмацненьне амэрыканскай прысутнасьці ў рэгіёне працягнецца.
Умацаваньне групоўкі прайшло пасьля ракетнай і дронавай атакі на нафтавыя абʼекты на ўсходзе Саўдаўскай Арабіі 15 верасьня. У выніку была страчана амаль палова вытворчых магутнасьцяў па здабычы нафты. Дзяржсакратар ЗША Майк Пампэа заявіў, што атаку варта расцэньваць як «акт вайны». Адказным за атаку Штаты лічаць Іран.
20 верасьня Трамп увёў санкцыі супраць Нацыянальнага банку Ірана.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Іран атакаваў саудаўскі нафтавы прамысловы комплекс, — ЗША