У Эстоніі на міжведамасным узроўні разглядаецца законапраект пра скасаваньне для грамадзянаў Беларусі і Ўкраіны выключэньня зь візавых правілаў, паводле якога грамадзяне маглі не плаціць за атрыманьне доўгатэрміновых візаў.
Пра гэта паведаміла Эстонская грамадзкая тэлерадыёкампанія, разгляд дакумэнту ёй пацьвердзілі ў Міністэрстве замежных справаў. Паводле эстонскага МЗС, прынцыповае рашэньне было прынятае яшчэ вясной, калі разглядалася бюджэтная стратэгія.
Эстонскае Міністэрства фінансаў чакае, што праз аднаўленьне платы за доўгатэрміновыя візы ў бюджэт атрымаецца прыцягнуць дадатковыя 2 млн эўра. Да таго ж, хоць бясплатныя візы і спрыялі разьвіцьцю сувязяў зь Беларусьсю і Ўкраінай, яны стваралі дыскрымінацыю адносна іншых краінаў — прадпрымальнікі, якія хацелі наняць грамадзянаў трэціх краінаў, пачалі прасіць наогул скасаваць аплату за доўгатэрміновую візу для ўсіх.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: МЗС: Лукашэнка падпіша пагадненьне аб спрашчэньні візавага рэжыму з ЭўразьвязамПрадстаўніца МЗС растлумачыла, што ўкраінцам цяпер для шмат якіх выпадкаў не патрэбная віза, калі яны маюць біямэтрычны пашпарт, а доўгатэрміновыя бясплатныя візы атрымлівалі збольшага для працы, таму выключэньне для ўкраінцаў больш не абгрунтаванае.
Чаму разам з украінцамі хочуць адмяніць бясплатныя візы і для беларусаў, не ўдакладняецца. Але адзначаецца, што для грамадзянаў Беларусі і Ўкраіны захаваецца магчымасьць рабіць выключэньні, а «Эстонія ўсебакова падтрымлівае праграму Ўсходняга партнэрства Эўразьвязу».