«Мільён даляраў у гэта ўклалі, а маглі б калгас падняць!» — мастак распавядае, навошта людзям стрыт-арт

Беларускі мастак і дызайнер Максім Осіпаў побач з уласным муралам на Кастрычніцкай вуліцы

Пра вершнікаў культурнага Апакаліпсісу і муралы ў стылі маляваных дываноў размаўляем з дызайнэрам і мастаком Максімам Осіпавым.

«Што гэта за лётаючыя аднарогі?»

Захапленьне Максіма маляванымі дыванамі пачалося каля 5 год таму з экспазыцыі маляванак у Заслаўскім музэі. Пасьля ў рукі трапіўся альбом з творамі Алены Кіш — фэерычнае і амаль не дасьледаванае нацыянальнае мастацтва за цану двух пачкаў цыгарэт. Яркія бытавыя сюжэты на паперы ці саматканым палатне, фарбаваным у чорнае, беларусы малявалі з 20-х да 60-х гадоў ХХ ст. А цяпер гэта робіць Максім, называаючы маляванкі «выдатнай візуальнай прывабкай».

Максім Осіпаў

«Як разнавіднасьць беларускай спадчыны маляваныя дываны даволі самадастатковыя для мяне, іх ня трэба тлумачыць, — кажа Максім. — Людзі адразу ўрываюцца ў іх прастору, абмежаваную рамачкай і кветачкамі, і адчуваюць сябе ўтульна. І задаюць пытаньні ўжо па сутнасьці, а ня «што гэта за абстракцыя, што гэта за лётаючыя аднарогі?».

Графічнай мове, зразумелай ня толькі беларусам, але і любому іншаземцу, Максім надае ўласную інтэрпрэтацыю. І асабліва падкрэсьлівае — усё гэта ўсур’ёз і ніякія ня кпіны і ня зьдзек. Дзеля актуальнага і трапнага выказваньня цытаты з твораў Алены Кіш рыфмуюцца з фрэскамі Мазача, карцінамі Бройгеля, Ван Гога, Матыса, гравюрамі Дзюрэра і нават Гадзілай.

Мурал «Поклiк да вытокаў» Максіма Осіпава ў Маладэчне на стрыт-фуд вуліцы

«Гадзіла ў традыцыйным беларускім строі заклікае шанаваць традыцыі, зьвяртаючыся да натоўпу з пэрсанажаў хрэстаматыйных карцін Іванова, Пярова і Брулова, — тлумачыць Максім на сваёй старонцы ў Facebook, якая так і называецца — «Я ўсё магу патлумачыць». — Мяркую, трэба кожны раз самому сабе з цалкам сур’ёзнай мінай задаваць пытаньне: «Навошта гэта мне трэба зараз?». Калі выразнага адказу не атрымаецца, упэўнены, любую, нават не абавязкова нацыянальную, традыцыю цалкам можна «зьліць».

«Былі прэтэнзіі, што я бяру сьвятыя хатнія абярэгі продкаў і зьдзекуюся зь іх»

Сакралізацыя традыцый — якраз адзін зь вершнікаў Апакаліпсісу, які перашкаджае іх разьвіцьцю, мяркуе Максім. Напрыклад, арнамэнт калісьці меў вельмі пэўную ролю — абярэгу ад нячыстай сілы. Потым ён стаў дэкаратыўным, а цяпер гэта пазнака нацыянальнай прыналежнасьці. Ці беларускі іканапіс, традыцыя якога сфармавалася ў 16–18 стагодзьдзях і мае ў сабе адбіткі мясцовых, эўрапейскіх і славянскіх традыцый: цяпер гэта «мёртвы» музэйны экспанат, які не патрэбны царкве — сакральнае павінна быць кананічным. Максім упэўнены, што спроба нацягнуць на традыцыю яе старажытную ролю прыводзіць хіба што да абразы пачуцьцяў вернікаў ці яшчэ да чаго недарэчнага і небясьпечнага.

Мурал Максіма Осіпава на Кастрычніцкай вуліцы

«Наконт маляваных дываноў таксама былі прэтэнзіі, — кажа Максім. — Што вось я бяру сьвятыя хатнія абярэгі продкаў і зьдзекуюся зь іх. З мовай таксама: калі займаесься недзе перакладам, узьнікаюць пытаньні, што ты ўстаўляеш словы, якіх у мове няма — канечне, няма, я іх увёў, таму што гэтае слова ёсьць у маім сёньняшнім ужываньні. Мова — гэта палімпсэст зь мільёнаў моў, якія прайшлі праз гэтую тэрыторыю і былі прыўлашчаныя. Калі яе спрабуюць зрабіць непарушнай зь першых граматычных нормаў, якія прыдумалі на пачатку ХХ ст., мове каюк».

Цяпер пабачыць мурал Максіма Осіпава на Кастрычніцкай ня так проста

Яшчэ адзін адметны герой муралаў Осіпава — Францыск Скарына.

«Скарына для мяне — тыповы прыклад прыкольных інтэрпрэтацый, — тлумачыць Осіпаў. — Узяць ягоную гісторыю ў разрэзе культуры і эканомікі — чувак проста зрабіў стартап. Ён надрукаваў кнігі і вырашыў, што ён на іх разжывецца на грошы. Ня выйшла. Кнігі палілі, кнігі кепска разышліся, пасьля ён заняўся садоўніцтвам і чымсьці яшчэ. Што адбываецца зараз? Паглядзіце ўважліва на помнік каля бібліятэкі — гэта ж сьвяты, ён там Біблію прапагандуе. Гэта адзін від інтэрпрэтацыі. Тое, што я раблю, — гэта мой від інтэрпрэтацыі. Хтосьці бачыць Скарыну праваслаўным, хтосьці бачыць яго пратэстантам. Для мяне гэта сымбаль нейкага бясконцага абмеркаваньня — што гэта за пэрсанаж і якую ролю ён адыграў?»

«Мільён даляраў у гэта ўклалі, а маглі б калгас падняць!»

Упершыню сустрэўшыся з маляванымі дыванамі, Максім вырашыў паспрабаваць намаляваць іх сам — сёлета зь іх нарадзілася выстава «Самаплёцтва». Але фармат выставы больш ня вабіць Максіма: у замкнёнай экспазыцыйнай прасторы ня можа зьявіцца выпадковы глядач і няма сапраўднай зваротнай сувязі. Альтэрнатывай гэтаму для сябе Максім бачыць стрыт-арт і той дыялёг, які ўзьнікае цягам яго стварэньня: падчас разьмячаньня, шліфаваньня, стварэньня працы ўвесь час адбываецца камунікацыя з вуліцай, зь людзьмі. Пасьля заканчэньня фідбэк ідзе ад фота і пастоў у сацыяльных сетках.

Праца з выставы Максіма Осіпава

«Стрыт-арт на замову ад дзяржаўнага музэю» гучыць досыць дзіўна, але ў Чашніках да мастакоў прызвычаіліся: фэстываль SPRAVA ў вёсцы Белая Царква, што ў Чашніцкім раёне, сёлета прайшоў ужо трэці раз.

Бацюшка забараніў музыкам выступаць у руінах царквы. Фотарэпартаж з фэстывалю SPRAVA

«У Чашніках чамусьці ўсім мужыкам падабалася, — разважае Максім. — А жанчыны падыходзілі і казалі: «Вось! На гэта грошы ёсьць! Маглі б Чашнікі аднавіць!» У Чарэі таксама быў такі момант, калі мужык п’яны падышоў і сказаў: «Вось, мільён даляраў у гэта ўклалі, а маглі б калгас падняць!»

Мурал у Чашніках

У Чарэі графіці існавала не само па сабе, а як частка музэю пад адкрытым небам, створанага дзеля распаўсюджваньня жывой гісторыі. У тым ліку там рабілі стэнды з гістарычнымі зьвесткамі пра мястэчка, расповедамі людзей пра страчаныя гістарычныя помнікі: ліпавая алея; касьцёл, які быў кінатэатрам; хата зь печкай, пабудаваная паліцаямі ўнутры царкоўнага гмаху. Максім упэўнены, што ўсё гэта значна цікавей, чым проста напісаць, які архітэктар і ў якім годзе што пабудаваў.

Мурал Максіма Осіпава ў Чарэі

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Як аграгарадок на Віцебшчыне ператвараюць у арт-вёску

Апошні мурал Максіма якраз паказвае, што цяпер музэй — гэта месца, дзе можна паразмаўляць зь мінулым і асэнсаваць яго крытычна. А ня проста паўглядацца ў вітрыну з экспанатамі. Гэтай працай Максім таксама заклікае ўсе беларускія музэі да пераасэнсаваньня сваёй ролі.

«Музэй — гэта прастора для працы, у першую чаргу. Я яго адлюстраваў у выглядзе вады, таму што вада — гэта тое, што ты бачыш, але ня бачыш, што пад ёй адбываецца. Падводны сьвет — музэйная прастора, забітая разнастайнымі Мобі Дзікамі, а наведнік тут робіцца рыбаком, шукальнікам, паляўнічым».

Мастак Осіпаў упэўнены: стрыт-арт — гэта ўварваньне ў гарадзкое асяродзьдзе, уварваньне ў прастору, якую дагэтуль людзі не ўспрымалі як сваю. Муралы выклікаюць у людзей пэўную рэфлексію, змушаюць успрымаць прастору інакш — у гэтым і ёсьць асноўная каштоўнасьць стрыт-арту.