Купалаўскі тэатар, каб адзначыць пачатак 100-га сэзону, ладзіць 21 верасьня першы тэатральны пікнік. І на ўвесь гэты дзень пісьменьнік Андрэй Горват вернецца ў дворнікі.
Сьвята пачнецца на галоўнай сцэне і працягнецца ў Аляксандраўскім сквэры. Па сквэры будуць гуляць пэрсанажы спэктакляў у арыгінальных касьцюмах, можна будзе фатаграфавацца зь імі, а таксама з сапраўднымі тэатральнымі дэкарацыямі і рэквізытам спэктакляў. Там жа пакажуць онлайн-трансьляцыю спэктакля «Радзіва Прудок», выступяць беларускія музыкі.
У ролі дворніка выступіць Андрэй Горват — пісьменьнік, які раней сапраўды працаваў дворнікам у Купалаўскім. У яго можна будзе падпісаць кнігу, зрабіць зь ім сэлфі і патрымаць мятлу на ўдачу.
«Карацей, у суботу я на сваім працоўным месцы, не праходзьце міма! Такога болей ніколі ня будзе», — напісаў Горват у сваім Facebook.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Я не адчуваю віны за тое, што мне лёгка», — Андрэй Горват. Вялікае інтэрвіюАпроч таго, госьці змогуць пачаставацца ў вулічным буфэце, зрабіць сабе вусы, як у маладога Купалы, прагуляцца па тэатральным закулісьсі, атрымаць запрашэньні на закрытыя паказы спэктакляў і нават шанец выйсьці на сцэну Купалаўскага.
На сцэне выступяць купалаўскі аркестар і сучасныя музыкі: гурты ili-ili, «Касіяпэя», Ягор Забелаў, Святлана Бень ды іншыя.
Праграма пачнецца апоўдні і працягнецца да позьняга вечара. На пікнік запрашаюць усіх ахвотных і раяць узяць з сабою пледы. Уваход для ўсіх вольны.