За парушэньні, зьвязаныя са стварэньнем безбарʼернага асяродзьдзя, у Менску ўпершыню асудзілі былых кіраўнікоў ЖКГ. Прысуд — турэмнае зьняволеньне з адтэрміноўкай.
Суд Маскоўскага раёну Менску 16 верасьня пакараў былога кіраўніка ЖКГ № 1 Маскоўскага раёну Менску Ўладзімера Раманюка і ягонага намесьніка Ігара Бурша пазбаўленьнем волі на 5 і 3 гады адпаведна з адтэрміноўкай выкананьня прысуду на 3 і 2 гады.
Раманюка і Бурша абвінавацілі ва злоўжываньні службовымі паўнамоцтвамі, якія мелі цяжкія наступствы (ч. 3 арт. 424 Крымінальнага кодэксу).
Абодва на пяць гадоў пазбаўленыя права займаць пасады, зьвязаныя з выкананьнем арганізацыйна-распарадчых і адміністрацыйна-гаспадарчых абавязкаў.
Паводле прысуду, яны ня могуць мяняць месца жыхарства бяз згоды органа, які ажыцьцяўляе нагляд за паводзінамі асуджаных. І зьяжджаць па асабістых справах за межы Менску больш як на 1 месяц. Асуджаныя павінны пэрыядычна зьяўляцца для рэгістрацыі ў вольны ад працы час, выканаць грамадзка карысныя працы ў аб’ёме 80 гадзін. Мера стрыманьня абодвум застаецца ранейшая — падпіска аб нявыезьдзе і належных паводзінах.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Стаматоляг так зрабіць ня мог! Што за байкі?!» Колькі каштуюць памылкі мэдыкаўКалі асуджаныя ня будуць выконваць гэтыя абавязкі, альбо калі неаднаразова парушаць грамадзкі парадак і двойчы будуць пакараныя адміністрацыйна, то суд можа адмяніць адтэрміноўку выкананьня пакараньня і накіраваць іх у турму. Суд таксама адмяніў арышт на маёмасьць Раманюка і Бурша.
Раманюк і Бурш адмаўляліся кантактаваць з прэсай.
«Такую інфармацыю паказваюць па тэлебачаньні, што мы злачынцы, мы затрыманыя, грошы растранжырылі, людзям падʼёмнікі не ўсталявалі. Гэта ж усё няпраўда, — сказаў карэспандэнту Свабоды пасьля вынясеньня прысуду Ўладзімер Раманюк. — Гэтыя пад’ёмнікі ўсталяваныя яшчэ год таму і ўсе ўведзеныя ў эксплюатацыю».
Тады з чым, на думку Раманюка, зьвязаны перасьлед?
«Паказаць, напэўна, трэба, што ёсьць нейкая дзейнасьць. А падʼёмнікі ўсталяваныя, і ніякага намеру не было. І ніякай шкоды няма. Усе інваліды карыстаюцца. І ёсьць расьпіскі жыхароў, што ўсё ўсталявана і эксплюатуецца».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Чалавек у такіх умовах губляецца». Абвінавачаны ў хабарніцтве заявіў у судзе, што агаварыў сябе пад ціскам міліцыянтаўУ чым зьвінавацілі кіраўнікоў ЖКГ № 1?
ЖКГ № 1 Маскоўскага раёну Менску павінна было ўсталяваць 5 электрычных пад’ёмнікаў у пяці дамах (вул. Рафіева, 97; вул. Напалеона Орды, 15; вул. Гурскага, 44, і інш.) У сьнежні 2017 году Ўладзімер Раманюк падпісаў дакумэнты, паводле якіх гэтыя пад’ёмнікі былі ўсталяваныя і за выкананую працу падрадчыку зь бюджэту пералічаныя грошы.
Прадстаўнікі праваахоўных органаў у студзені 2018 году наведалі гэтыя пяць дамоў, але пад’ёмнікаў там не знайшлі. Як высьветлілася, падпісаныя дакумэнты былі ілжывыя. Распачалі крымінальную справу.
Пасьля выяўленьня злачынства пачаўся мантаж плятформаў, і ў сакавіку ўсе пяць дамоў мелі неабходнае абсталяваньне для безбар’ернага асяродзьдзя. Нанесеная шкода была поўнасьцю кампэнсаваная.
Памочнік пракурора Маскоўскага раёну Менску Дзьмітры Карсюк сказаў карэспандэнту Свабоды, што Ўладзімер Раманюк «з асабістай зацікаўленасьці, каб пазьбегчы матэрыяльнай і дысцыплінарнай адказнасьці, падпісаў дакумэнт, які зьмяшчаў непраўдзівыя зьвесткі пра тое што працы падрадчыкам былі выкананыя. Але насамрэч гэта было ня так, і падрадчыку неправамерна зь бюджэту былі пералічаныя грашовыя сродкі». Гэта тычылася і другога эпізоду, які быў зьвязаны з капрамонтам у доме па вуліцы Мясьнікова, 78.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: 463 карупцыянэраў асудзілі ў Беларусі за паўгода, палову пасадзіліУ судзе Ўладзімер Раманюк поўнасьцю адмаўляў сваю віну, а Ігар Бурш часткова.
Паводле памочніка пракурора, Бурш прызнаў факты падпісаньня ім дакумэнтаў, якія зьмяшчалі непраўдзівыя зьвесткі. Але адмаўляў асабістую зацікаўленасьць у падпісаньні гэтых дакумэнтаў, а таксама факт нанесенай шкоды. Бурш сказаў, што рабіў гэта дзеля інтарэсаў грамадзян, каб асвоіць сродкі, выдзеленыя зь бюджэту, і ўсталяваць падʼёмныя плятформы.
У судзе Раманюк адмаўляў асабістую зацікаўленасьць і казаў, што ня ведаў пра падложнасьць дакумэнтаў, якія ён падпісаў. Маўляў, давяраў сваім падначаленым.
У дачыненьні да падрадчыка — ЧПУП «Астэр-ліфт» — сьледзтва адмовілася заводзіць крымінальную справу.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Апраўданы пасьмяротна. Як з паважанага прамыслоўца зрабілі карупцыянэра«Зламаліся, няма запчастак»
Кіраўнік рэспубліканскай асацыяцыі інвалідаў-вазочнікаў Яўген Шаўко сказаў карэспандэнту Свабоды, што чыноўнікі ўпершыню пакараныя зьняволеньнем за безбар’ернае асяродзьдзе. На яго думку, «гэта трэба было зрабіць даўно».
«Іншым разам падʼёмнікі ставяць, але не падключаюць. На час прыёмкі будынку нават бяруць у арэнду, каб паказаць, што яны ёсьць, а потым здаюць назад. Таму, калі вінаватыя, то няхай пасядзяць і падумаюць», — сказаў Яўген Шаўко.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Бралі хабар алькаголем і харчамі». У Магілёве асудзілі кіраўнікоў абласной інспэкцыі маламерных суднаўПаводле дырэктара Офіса па правах людзей з інваліднасьцю Сяргея Драздоўскага, бальшыня падʼёмнікаў, усталяваных у Менску, не працуюць: «У прадстаўнікоў ЖКГ цяпер любімая адгаворка: «Зламаліся, няма запчастак».
Паводле Сяргея Драздоўскага, у Менску часьцей знаходзяць грошы на такія прыстасаваньні, а ў раёнах «трэба чакаць гадамі».
«Канечне, тых, хто мае патрэбу ў гэтых прыстасаваньнях, значна больш, чым іх усталёўваецца. Цяпер ёсьць тэндэнцыя ўсталёўваць больш танныя падʼёмнікі, якія трэба адкідаць рукамі. Можаце ўявіць сабе чалавека ў вазку, які заяжджае ў падʼезд і спрабуе рукамі адкінуць, заехаць — гэта проста нерэальная задача. Цяпер стаіць пытаньне, каб набываць аўтаматычныя падʼёмнікі, каб чалавек з дапамогай адной кнопкі мог ім скарыстацца», — сказаў Драздоўскі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Не вінаваты». 5 «дзірак» у справе, з прычыны якіх апраўдалі галоўнага інжынэра МЗКЦ