Беларускі ўрад правільна разьлічвае на горшы варыянт, — расейскі палітоляг пра інтэграцыю

Андрэй Суздальцаў

Расейскае выданьне «Коммерсант» апублікавала інфармацыю пра зьмест праграмы інтэграцыі Беларусі і Расеі, падпісанай прэм’ерамі Румасам і Мядзьведзевым. Гэтую публікацыю мы папрасілі пракамэнтаваць выкладчыка расейскай Вышэйшай школы эканомікі Андрэя Суздальцава.

Сьцісла:

  • Гэты дакумэнт сьвядома і дэманстратыўна не закранае пытаньні сувэрэнітэту
  • За апошнія 19 гадоў гэта чацьвёрты дакумэнт такога кшталту
  • Я ня ўпэўнены, што гэтая праграма будзе падпісаная
  • Калі Беларусі інтэграцыя непатрэбная, тады пра якія датацыі можа ісьці гаворка?
  • Урад Румаса праводзіць палітыку, зыходзячы з падыходу, што разьлічваць на Расею нельга

— Як вы ацэньваеце праграму паглыбленьня інтэграцыі паміж Беларусьсю і Расеяй, асноўныя палажэньні якой выклаў «Коммерсант»?

— Мы крыху ведаем, як рыхтуецца гэты дакумэнт. Тое, пра што піша «Коммерсант», мае месца. У гэтым дакумэнце добра прапісаныя этапы рэальнай эканамічнай інтэграцыі, прыкладна гэтак жа, як яна праходзіла ў ЭЗ. Толькі яна больш прадуманая і ўлічвае асаблівасьці Расеі і Беларусі, усё ж у нас розныя памеры і маштабы.

Там ніяк не закранутая палітычная інтэграцыя. Між тым саюзная дзяржава — гэта палітычная інтэграцыя. Гэтая праграма зрабіла зразумелым, што дагэтуль ніякай рэальнай інтэграцыі паміж Расеяй і Беларусьсю не існавала.

Гэты дакумэнт сьвядома і дэманстратыўна не закранае пытаньні сувэрэнітэту, ня тычыцца таго, якую зьнешнюю палітыку праводзіць Беларусь, прызнае яна Крым ці не.

Калі Беларусь жадае захаваць фінансавую і рэсурсную падтрымку з боку Расеі, трэба, каб гэтая падтрымка была выгадная Расеі, каб гэта было ў межах інтэграванай эканомікі (нават не адзінай).

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Прадстаўнікі Пуціна і Лукашэнкі пракамэнтавалі публікацыю «Коммерсанта» пра канфэдэрацыю Беларусі і Расеі

Лукашэнка даў згоду на такі фармат, цяпер гэты дакумэнт быў парафіраваны.

Што выклікае сумневы ў гэтай публікацыі? Пытаньне не ў пераліку мерапрыемстваў, а ў магчымасьці іх рэалізаваць. Пералікаў было шмат, за апошнія 19 гадоў гэта чацьвёрты дакумэнт такога кшталту.
І яны ўсе трапілі ў Лету.

Ранейшая падтрымка рабілася паводле прынцыпу авансу. Зараз ён мяняецца на прынцып узаемнасьці: Беларусь нешта зрабіла, Расея яе за гэта фінансава падтрымала.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Здача сувэрэнітэту або чарговы этап размоваў пра інтэграцыю? Два погляды на публікацыю «Коммерсанта»

Калі меры праграмы будуць рэалізаваныя, пытаньні датацыяў адпадзе.
Фармулёўкі ў публікацыі «Коммерсанта» наконт канфэдэрацыі ці нават фэдэрацыі палохаюць беларускі бок. Насамрэч сувэрэнітэт захаваецца, пра што неаднаразова гаварыў міністар эканамічнага разьвіцьця РФ Максім Арэшкін.

Але як гэта будзе працаваць практычна, я ня ведаю. Я палітоляг і таму ў такія канструкцыі ня надта веру.

— Андрэй, мы гаворым пра публікацыю ў прыватным расейскім выданьні, гэта не публікацыя ў «Российской газете», гэта не афіцыйная заява ўраду РФ. Паводле вашых зьвестак, схема, якая выкладзеная ў публікацыі — наколькі яна адпавядае рэальным дакумэнтам?

— Яна адпавядае на адсоткаў 60-70. Я не аптыміст, я ня ўпэўнены, што гэтая праграма будзе падпісаная. Беларускі бок выступаў зь вялікім пералікам папярэдніх умоваў.

Беларусь патрабавала велізарнай кампэнсацыі за падатковы манэўр, газу па цане Смаленскай вобласьці. Прычым, гэта падавалася так — спачатку вы нам дайце гэта, а потым мы падумаем, ці нам інтэгравацца.
Атрымліваецца, што нібыта інтэграцыя патрэбная толькі Расеі, а Беларусі нібыта і не. Ну непатрэбная, дык непатрэбная, тады пра якія датацыі можа ісьці гаворка?

— Вы сказалі, што размова ідзе толькі пра эканамічную інтэграцыю. Але ў праграме гаворыцца пра «адзіны рэгулятар рынкаў нафты, газу і электраэнэргіі». Гэта што? Гэта супольныя правілы ці нейкі наддзяржаўны інстытут, орган? Калі апошняе — гэта ўжо палітыка. Дык ёсьць палітыка ў гэтым сэнсе? І калі так, то ўсё ўпіраецца ў спрадвечнае пытаньне: калі на роўных, то з гэтым не пагодзіцца Расея, калі прапарцыйна памерам эканамік, то гэта азначае фактычна расейскі інстытут, што не спадабаецца Менску.

— Насамрэч гэтыя рынкі — усясьветныя. Праз 4 гады расейская нафта будзе па адной цане для ўсіх. Расея можа сабе дазволіць кампэнсацыю для сваіх вытворцаў, так званыя зваротныя акцызы. Калі Беларусь хоча, яна можа зрабіць у сябе тое самае. Але за свой кошт.

Мы ўвесь час чуем пра парытэтнасьць у інтэграцыі. Але калі вы ўступаеце ў нейкае інтэграцыйнае абʼяднаньне, то туды трэба нешта ўнесьці. Беларусь нічога ў інтэграцыю ня ўносіла, усе гэтыя гады яна толькі атрымлівала.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пішуць «эканамічная інтэграцыя» — маюць на ўвазе «палітычная залежнасьць»

— Дык а ўсё ж наконт рэгулятара — гэта правілы ці наддзяржаўны орган?

— Рэгулятар — гэта хутчэй за ўсё і інстытут, і правілы. У далейшым, калі цэны будуць для ўсіх сусьветныя, інстытут адпадзе.

— На мінулым тыдні міністар фінансаў Беларусі Ермаловіч паведаміў, што бюджэт краіны складзены з улікам таго, што кампэнсацыі за расейскі падатковы манэўр Беларусь не атрымае. Прэмʼер РФ Мядзьведзеў летась казаў — усе дадатковыя даброты ад Расеі толькі калі будзе паглыбленьне інтэграцыі.

Праграма, пра якую распавёў «Коммерсант» — гэта і ёсьць тая самая паглыбленая інтэграцыя, за якую Расея абяцала дадатковыя даброты?

— У праграме не прапісаны мэханізм яе рэалізацыі. А мэханізм можа быць просты: калі Беларусь хоча атрымаць нейкія даброты, яна мусіць зрабіць пэўныя крокі насустрач Расеі.

— А сама па сабе праграма такім крокам не зьяўляецца на ваш погляд?

— Не, не зьяўляецца. Гэта пералік мерапрыемстваў. Тут ёсьць такая дзіўная рэч. Калі Беларусь зьбіраецца інтэгравацца з Расеяй, гэта вымагае сурʼёзных структурных рэформаў. Расея — рынкавая краіна.

У верасьні летась у Беларусі зьявіўся ўрад Румаса. На мой погляд, гэта даволі прафэсійны ўрад. Ён ствараўся для таго, каб выцягнуць рэспубліку зь эканамічнай ямы, калі стасункі з Расеяй будуць ускладняцца.

Яны цяпер так і працуюць. Яны праводзяць палітыку, зыходзячы з падыходу, што разьлічваць на Расею нельга. Пра гэта гаварыў на мінулым тыдні міністар фінансаў Ермаловіч, пра што вы прыгадалі.

Гэта правільнае рашэньне. Але Лукашэнка крыўдзіцца. Гэта старая манэра, яшчэ з часоў Сямашкі.

Калі завозілі нафту з Вэнэсуэлы, Сямашка лічыў, што Расеі стала сорамна і яна зьнізіла цану на нафту. Ён і дагэтуль так лічыць.

Нічога гэтага ня будзе. Беларускі ўрад правільна разьлічвае, яны разьлічваюць на горшы, зь беларускага гледзішча, варыянт.